Top.Mail.Ru

Сяргей Вязовіч: Зімой трэба набраць максімальную фізічную і тэхнічную форму

На сустрэчы з камандай «МАЗ-СПОРТ-аўта» Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што камандзе неабходна рыхтаваць рэзерв. Змена пакаленняў часта становіцца вялікай праблемай для розных відаў спорту. У выпадку з «МАЗ-СПОРТ-аўта», калі нешта здараецца з лідзіруючым экіпажам, а гэта як правіла экіпаж Сяргея Вязовіча, то барацьба за высокія вынікі заканчваецца. Гэтага, канешне, нікому не хочацца. Таму падрыхтоўка маладога пакалення павінна праводзіцца пастаянна. Спыталі ў начальніка «МАЗ-СПОРТ-аўта» Сяргея Вязовіча, як гэта работа ідзе ў камандзе.


«Падрыхтоўка рэзерву — важны момант і гэта вельмі правільная заўвага. Мы ў нейкі момант выпусцілі яго, што паўплывала на вынік. Два гады таму мы пачалі працаваць з новым пілотам Віталём Мурылёвым. Найперш яму трэба назапасіць досведу. І таму такая праца праводзіцца доўга. Два гады мы ўжо трэніруем Віталя, ён выступае. І яшчэ ёсць, чаму вучыцца і які досвед перадаваць. У канцы 2024 года мы зрабілі яшчэ адзін крок у бок моладзі і пасадзілі за руль трэцяга аўтамабіля Паўла Мурылёва, роднага брата Віталя, яму 21 год і вялікі запас ёсць па часе. І зараз у нас атрымалася так, што маем вопытны экіпаж пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча, малады экіпаж Віталя Мурылёва і зусім „зялёны“ экіпаж Паўла Мурылёва — вось тая самая пераемнасць пакаленняў», — расказвае Сяргей Вязовіч.

Але толькі працы з пілотамі, па яго словах, недастаткова. Пілот не адзін знаходзіцца ў кабіне аўтамабіля, экіпаж складаецца з трох чалавек. Таму экіпажу патрэбныя дасведчаны штурман, дасведчаны механік. Раней каманда не магла сабе дазволіць мець столькі запасных людзей. Але, па словах начальніка каманда, штат будзе пашырацца. 

Сяргей Вязовіч звяртае ўвагу, што асноўная праца вядзецца ў міжсезонне, менавіта ад зімовай падрыхтоўкі залежыць вынік у сезоне.

«Зімой мы працуем з машынай і працуем над фізічнай гатоўнасцю членаў экіпажа, не толькі пілотаў. У нас камандны від спорту і адзін пілот без экіпажа, без цягавітага хуткага аўтамабіля нічога не зможа зрабіць на трасе. Таму нашыя аўтамабілі ўдасканальваюцца, праходзяць капітальны рамонт, праводзіцца рэканструкцыя аўтамабіля. Над гэтым працуе ўся каманда. Над вырабам дэталяў працуюць спецыялісты Мінскага аўтамабільнага завода. А члены экіпажа займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, праходзяць медыцынскія абследаванні. У сезоне вельмі шчыльны графік і калі пачынаецца спаборніцкая частка нешта змяніць можна мінімальна. Гэта значыць, у зімовы перыяд трэба набраць максімальную фізічную і тэхнічную форму», — тлумачыць Сяргей Вязовіч. 

Асноўную стаўку ў сезоне «МАЗ-СПОРТ-аўта» робіць на раллі «Шаўковы шлях», які праходзіць у ліпені. А значыць, часу на падрыхтоўку пакуль хапае, і зараз работа ў самым разгары. 

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю