Дзе адчуць непаўторную атмасферу сучаснай дакументалістыкі?
Штогод на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» гледачы маюць магчымасць убачыць самыя лепшыя фільмы з усяго свету. І сёлета з 31 кастрычніка па 7 лістапада кінафорум зноў запрашае на сустрэчу з кінамастацтвам на вялікім экране. Выбраць з васьмі конкурсных праграм дакладна ёсць што. Сёння размаўляем з рэжысёрам, праграмным дырэктарам конкурсу негульнявых фільмаў Сяргеем Кацьерам, каб зарыентаваць вас і дапамагчы з выбарам, калі ўсё яшчэ сумняваецеся, куды пайсці і што паглядзець.
— Сяргей Галіевіч, пачнём з празаічнага: ці шмат сёлета было заявак і як адбіралі выніковыя 17 фільмаў для праграмы негульнявога кіно?
— Пачну з таго, адкуль мы бярэм фільмы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе нашага «Лістапада». Ёсць тры крыніцы. Першая — мая нагледжанасць як члена журы на многіх міжнародных кінафестывалях і непасрэднага ўдзельніка некаторых з іх. Другая — непасрэдна заяўкі, якія прыходзяць на адрас нашага кінафоруму. І трэцяя, гэта FilmFreeway — так званы кошык, куды трапляюць фільмы, якія жадаюць удзельнічаць у кінафестывалях. І наша задача якраз адшукаць тыя кінаработы, якія хацелася б паказаць на «Лістападзе». Наш кінафорум — фестываль фестываляў, таму мы адразу арыентуемся, глядзім і адбіраем фільмы, якія недзе ўжо былі адзначаны. Аднак, напрыклад, на тым жа FilmFreeway выкладзены 2500 фільмаў і адглядзець усе нерэальна. Таму спачатку працуюць валанцёры над адборам, якія шукаюць кінаработы ў адпаведнасці з нашым рэгламентам (хранаметраж, год вытворчасці, адпаведнасць тэматыцы і г. д.). Так адсейваецца ўсё лішняе і выбіраецца кантэнт, які пасля вывучаем больш падрабязна. Як праграмны дырэктар я давяраю і ўласнаму густу. Бываючы на іншых фестывалях, я ўважліва вывучаю штогод дакументальную праграму і прыкідваю, што можна прывезці на «Лістапад». У сёлетняй праграме такіх больш за палову з адабраных кінастужак. Але за шэсць конкурсных дзён мы можам паказаць толькі абмежаваную колькасць фільмаў, таму, з улікам інтарэсаў гледачоў і кінатэатраў, зрабілі так, каб у дзень было не больш за тры дакументальныя карціны.
— Ці шмат з іх трапілі ў слоган сёлетняга фестывалю «Гісторыя, якая змяняе погляд»?
— Я лічу, што кожны з фільмаў нашай конкурснай праграмы сапраўды можа змяніць погляд гледача. Альбо на нейкі гістарычны момант, альбо на нешта ў нашым жыцці, ці на пэўнага героя. Усе кінаработы моцныя і цікавыя, таму мне вельмі хочацца, каб беларускія кінааматары сёлета паглядзелі праграму негульнявога кіно на «Лістападзе». Бо, па-першае, я асабіста перакананы, што яно нікога не пакіне абыякавым. Па-другое, гэта ўнікальная магчымасць паглядзець добрае дакументальнае кіно на вялікім экране, калі сюжэт і рэжысёрская гісторыя па-асабліваму ўспрымаюцца.
— На што вы арыентуецеся пры адборы і фарміраванні праграмы, улічваючы вашу нагледжанасць і тое, што самі здымаеце дакументальнае кіно?
— Для мяне самае галоўнае ў любым кіно — яго мастацкасць. Што гэта значыць? Напрыклад, мы гаворым пра дакументальны фільм, але гэта не чысты дакумент, не аповед пра нейкую падзею, не такая лабавая тэлевізійная падача, калі гледачу за кароткі прамежак часу трэба даць як мага больш інфармацыі па нейкім пытанні. Гледачы пры гэтым вельмі часта не глядзяць на экран, а проста слухаюць і займаюцца сваімі справамі. А сапраўднае дакументальнае кіно можна ўбачыць толькі на вялікім экране, бо яно вобразнае, эмацыянальнае і яго трэба глядзець, а не слухаць. І крытэрыю вобразнасці адпавядаюць усе выбраныя кінастужкі. Я, напрыклад, глядзеў некалькі іранскіх фільмаў і шчыра здзіўляўся, дзе яны вучацца такому аператарскаму прафесіяналізму. Так здымаць і ў нас, і ў Расіі мала хто можа. Пачаў вывучаць біяграфіі рэжысёраў, думаў, можа, яны недзе ў Галівудзе ці ў Еўропе спасцігалі такое майстэрства, а аказалася, што яны вучацца ў сябе на радзіме. Але там мастакі, сцэнографы, людзі, якія займаюцца фатаграфіяй. Людзі высокай выяўленчай культуры, што адчуваецца і ў іх фільмах. Цудоўная работа і ў кітайскіх рэжысёраў, якія таксама працуюць у цікавай вобразнай і мастацкай манеры. Я з’яўляюся прыхільнікам расійскай дакументалістыкі, мне яна больш зразумелая і блізкая ментальна. Увогуле заўсёды вельмі перажываю, ці не абмінуць увагай на фестывалі гледачы дакументальнае кіно, бо ў кожнага такі багаты выбар з’яўляецца на «Лістападзе». І часам збіраюцца поўныя залы, а бывае, калі толькі для чатырох чалавек паказваюць фільм. Але ўсе фільмы вартыя сустрэчы з гледачом.
— Ці варта гнацца за запаўняльнасцю залаў, калі пры гэтым туды часам трапляюць абсалютна абыякавыя да кіно людзі?
— Са сваім гледачом трэба працаваць. Напрыклад, фестывалі, якія існуюць шмат гадоў і робяцца пастаяннай камандай, маюць і сваю аўдыторыю. Таму што людзі давяраюць камандзе і маюць культуру прагляду. Бо сапраўды можна сабраць поўную залу людзей, але, скажам, калі там акажуцца гледачы, якія не зразумеюць гэта кіно ў сілу ўзросту, то гэта нікому не будзе ў плюс.
— Вернемся да праграмы дакументальнага кіно. На якія тэмы і ў якіх жанрах выказваюцца сёння дакументалісты?
— Сярод выбраных намі фільмаў пераважная большасць прысвечана чалавеку. Фільмы-партрэты, але зроблены ўсе па-рознаму. Калі ў адных мы назіраем традыцыйны кінапартрэт, то ў іншай карціне быццам бы таксама партрэт героя, але праз яго ўжо паказваецца менталітэт нацыі, узаемаадносіны ў сям’і, адносіны паміж мужчынам і жанчынай і людзьмі ўвогуле. І гэта настолькі надзвычайна знята, што на вялікім экране проста зачароўвае гледача. У нас кінастужкі менавіта пра такіх герояў, назіраючы за якімі гледачы пачынаюць бачыць актуальныя праблемы, аналізаваць падзеі і чалавечыя ўчынкі. Вось гісторыя пра чалавека, які дапамагае знаходзіць закінутыя магілы рускіх у Чачні. Здаецца пра канкрэтнага героя, але праз гэты аповед раскрываецца і трагедыя грамадзянскай вайны, і сем’яў, якія яна закранула, і шматгадовае сяброўства і суіснаванне побач двух народаў, а таксама вяртанне да нармальнага жыцця, якое сёння адбываецца. І такая палітра ёсць у кожным фільме нашай праграмы, калі і сам герой, і гледачы шукаюць адказы і задаюцца пытаннямі ў працэсе прагляду.
— На ваш погляд, у чым адметнасць фестывальнага дакументальнага кіно?
— Адрозненне такога кіно найперш у тым, што, калі мы кажам пра дакументалістыку, такога кіно вы ніколі не ўбачыце па тэлевізары. Фільм для тэлеэфіру і для ўдзелу ў фестывалі — два абсалютна розныя фарматы. Сам, як чалавек які і працуе на тэлебачанні, і ўдзельнічае ў кінафестывалях, я гэта дакладна разумею. Фестывальнае кіно разлічана на вялікую залу, дзе вялікі экран і добры гук. Такія фільмы таксама маюць сваю атмасферу, «паветра» і паўзы, якія даюць гледачам асалоду і прастору для разважанняў. Фестывальнае кіно натхняе думаць.
— Ведаеце, неаднаразова даводзілася чуць, маўляў, у дакументальнага кіно зараз новае жыццё. Ці згодны вы з гэтым і якой вам бачыцца перспектыва гэтага сегменту кінематаграфіі?
— Мне складана тут штосьці ацэньваць, бо я не адчуваю быццам дакументальнае кіно пражывае нейкі новы этап. Іншая справа, што да яго цяпер часцей звяртаюцца, імкнуцца больш падтрымліваць фінансава, але арыентуюць пры гэтым на выкананне канкрэтных задач. І таму аўтарскага, праблемнага кіно, дзе ўздымаліся б сур’ёзныя, вострыя, у тым ліку маральныя тэмы, няшмат. Час пакажа, які з гэтага будзе плён.
Алена ДРАПКО
Фота з архіва суразмоўцы