Еўразійская мадэль бяспекі прыходзіць на змену еўрапейскай. Аб гэтым заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка 8 снежня ў Маскве на сумесным пасяджэнні Савета і 18-га пленарнага пасяджэння Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, паведаміла БелТА.
«На змену еўрапейскай мадэлі бяспекі прыходзіць еўразійская з новым пакаленнем арганізацый. Менавіта ў Еўразіі глыбей разумеюць прынцыпы справядлівасці і раўнапраўя, у поўнай меры ўсведамляюць важнасць непадзельнасці бяспекі, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін», — сказаў Ігар Сергяенка.
У сувязі з гэтым ён назваў паказальным падпісанне ў верасні ў Пекіне дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва АДКБ, СНД і ШАС. «Гэтыя інтэграцыйныя структуры маюць сур’ёзны патэнцыял для стварэння Еўразійскай сістэмы бяспекі на трывалым эканамічным падмурку і лагістычным складнікам. Дадзены крок істотна павышае статус АДКБ, пераводзячы яе ў разрад адной з ваенна-палітычных апор шматпалярнага свету ў новай парадыгме міжнародных адносін», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
«Мы вітаем таксама паслядоўнае пашырэнне ўзаемадзеяння АДКБ і з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Нягледзячы на крытыку ў яе адрас, яна тым не менш застаецца ўніверсальнай міжнароднай арганізацыяй, пляцоўкай для абмеркавання многіх надзённых пытанняў на глабальным узроўні», — заявіў ён.
Ігар Сергяенка канстатаваў: парламенцкае вымярэнне ў рамках АДКБ з кожным годам набывае ўсё больш выразныя кірункі дзейнасці і прыярытэты, удасканальваюцца інстытуты арганізацыі. «На працягу ўжо амаль двух дзесяцігоддзяў асамблея ажыццяўляе функцыі па прававым забеспячэнні дзейнасці нашай сістэмы калектыўнай бяспекі. Нягледзячы на высокую дынаміку працэсаў, якія адбываюцца, выкліканую ў тым ліку геапалітычнымі фактарамі, якія пастаянна змяняюцца, мы захоўваем пераемнасць, вернасць ідэалам, якія ляжаць у аснове функцыянавання АДКБ», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.