Сярэднегадавая запаўняльнасць санаторыяў у 2025 годзе чакаецца вышэй, чым летась, і перавысіць 86 %. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, перадае БелТА.
«Улічваючы даволі высокую прагназаваную загрузку ў снежні, ужо магу канстатаваць, што сярэднегадавая запаўняльнасць санаторыяў у 2025 годзе будзе вышэй за папярэдні год і перавысіць 86 %», — сказаў Генадзь Балбатоўскі.
Па колькасці замежных турыстаў і беларускіх грамадзян, якія прайшлі санкурлячэнне і аздараўленне, адзначаецца станоўчая дынаміка. Прагназуецца, што ў цэлым у санаторыях пабываюць больш за паўтара мільёна чалавек. Колькасць замежных грамадзян, як мяркуецца, перавысіць 250 тыс., рост экспарту лячэбна-аздараўленчых паслуг па выніках года складзе не менш за 25 %. За студзень—верасень гэты паказчык вырас на 29 %.
Дырэктар цэнтра дадаў, што фінансавы вынік у абсалютных лічбах таксама перавысіў паказчыкі мінулага года. Калі летась экспарт паслуг складаў Br402 млн, то па выніках 9 месяцаў — Br414 млн.