Top.Mail.Ru

Сям'я з Эстоніі ў сваім пераездзе ў Беларусь матывавалася самым галоўным

«Мы шукалі краіну, дзе дзеці адчувалі б сябе шчаслівымі»

«Люблю Беларусь! Асабліва цудоўны, добры народ». «Былі ў вашай краіне летам. Зачапіла, не адпускае». «Чым больш даведваюся пра Беларусь, тым больш падабаецца. Шыкоўная мясцовасць і клімат, прыемныя людзі, якасная медыцына і адукацыя...» На такія цёплыя водгукі багатая група «На ПМЖ у Беларусь» у папулярнай сацыяльнай сетцы. Створаная перасяленцамі, якія самі нядаўна пераехалі ў Беларусь і гатовыя былі падзяліцца сваім вопытам з іншымі, віртуальная суполка літаральна за некалькі гадоў ператварылася ў сапраўдны даведнік па краіне пад белымі крыламі.

Тут новыя жыхары Беларусі дзеляцца ўражаннямі, паказваюць, якія магчымасці адкрыліся перад імі, рэкламуюць для пераезду гарады, дзе пражываюць самі. Праз віртуальныя старонкі перасяленцы знаходзяць не толькі памочнікаў, але і сяброў. Кожны месяц група прырастае новымі падпісчыкамі. Многія з іх зусім нядаўна яшчэ самі сюды звярталіся па кансультацыі (як аформіць дакументы, знайсці жыллё і працу), а сёння ўжо кансультуюць іншых. Сярод такіх — Алена Царагародцава. Яе сям’я прыехала з Эстоніі, а для ПМЖ выбрала Маладзечна. 

«Гэта была памылка — з’ехаць»

Алена родам з Валожыншчыны, у Маладзечне вучылася і жыла раней. 

З будучым мужам пазнаёмілася праз інтэрнэт. Як высветлілася, у жаніха з Эстоніі былі беларускія карані — яго дзядуля жыве ў Мінску. Калегі на рабоце хлопца так і звалі «Лёха-беларус». Маладая сям’я для жыцця выбрала Эстонію, там працаваў галава сямейства. Яго работа была звязана з хімічнай прамысловасцю, шкоднымі ўмовамі, што давала магчымасць выйсці на раннюю пенсію. За плячыма — ужо салідны стаж, і гэта быў асноўны якар для мужчыны, які прывязваў яго да пэўнага месца...

«Я вельмі люблю Беларусь. Вы б ведалі, з якой істэрыкай я адсюль з’язджала, — дзеліцца Алена. — Ішоў час, мы разумелі, якая гэта была памылка — з’ехаць. За пяць гадоў, што мы пражылі ў Эстоніі, я так і не прывыкла. І быццам бы ўсё аднолькавае — той жа побыт, заняткі, набор рэчаў, знаёмыя з’явіліся, але ўсё не тое».

За межамі Радзімы асабліва востра адчуваецца, як адрозніваюцца людзі. Беларусаў не зблытаеш ні з кім, іх вылучаюць па выхаванні, шчырасці, па адносінах да іншых людзей. «Эстонцы больш замкнёныя, кожны сам па сабе, з імі так проста не завядзеш размову. А мы, беларусы, гаваркія, як муж кажа, абы зачапіцца языкамі», — заўважае Алена. Можа таму яе муж, які 31 год пражыў у Эстоніі, тут хутка «ўпісаўся». Ён прызнаецца, што нідзе не сустракаў настолькі спагадлівых людзей, бескарыслівых, гатовых даць параду. Не было ў яго ў Беларусі і праблем знайсці працу.

У Беларусі значна танней жыць  

У Эстоніі не так проста зняць кватэру, арэнда куды большая, чым у Маладзечне. Адчувальныя там і камунальныя плацяжы. Зімой у месяц «камуналка» за невялікую двухпакаёвую кватэру ў 45 квадратаў сям’і абыходзілася ў 400 еўра. «Даражэйшыя там і прадукты, — расказвае Алена. — Цяпер мне трапляюцца навіны, што ўсё часцей людзі, каб сэканоміць, сталі набываць прадукты, тэрмін якіх сыходзіць». Яе ўразіла, што ў Эстоніі цэны на прадукты не рэгулююцца, могуць моцна адрознівацца ў гарадах і нават крамах. Ва ўсіх гарадах — свае цэны і на паліва.

«Кажуць, што там няма абмежаванняў, свабода слова. Але гэта далёка не так», — заўважае Алена і ўзгадвае выпадак, калі дзяўчыну, што спела ў ТікТок «Кацюшу», пакаралі вялікім штрафам.

«Тут няма бар’ераў і шмат магчымасцяў»

Калі сям’я Алены Царагародцавай жыла ў Эстоніі, ёй здавалася, што ўсё ішло не так. Было ж з чым параўноўваць: у Беларусі ў яе нарадзілася дачка, а ўжо другая цяжарнасць і роды праходзілі ў Эстоніі. І яна адчула, наколькі больш сур’ёзны і ўважлівы догляд за цяжарнымі, маладымі мамамі і нованароджанымі на Радзіме. Пэўныя складанасці ўзніклі і ў дачкі, калі малая пайшла ў школу. Перавод у Эстоніі ўсяго навучання на эстонскую мову стаў сур’ёзнай праблемай, пераважна таму, што не хапала спецыялістаў, гатовых дапамагчы дзецям з яе засваеннем.

Менавіта хваляванне за будучыню дзяцей стала галоўнай падставай для гэтай сям’і, каб з’ехаць з Эстоніі. «Мы выбіралі краіну, дзе дзеці адчувалі б сябе шчаслівымі, і дзе ў іх будзе шмат магчымасцяў. Тут няма моўнага бар’еру, няма асаблівага стаўлення да беларусаў ці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў», — заўважае Алена.

Яе ўражвае, наколькі якасна наладжана камунікацыя, як хутка вырашаюцца любыя сямейныя пытанні. Як настаўніку, так і педыятру яна можа тэлефанаваць асабіста. Як маці дзіцяці з інваліднасцю яна атрымлівае і бясплатную сацыяльную дапамогу: «Тут людзям не трэба хадзіць па інстанцыях ці сядзець у інтэрнэце, каб высветліць, на якія льготы яны могуць разлічваць».

«Для мяне Беларусь — краіна спакою і стабільнасці»

Сям’я Алены з’ехала ў Эстонію ў 2019 годзе. Яе не было ўсяго пяць гадоў, але, як прызнаецца жанчына, калі вярнулася, яна стала наноў адкрываць для сябе Беларусь: «Як яна змянілася, паднялася эканамічна! Гэтыя тэмпы ўражваюць! Нават такі знаёмы

для мяне Маладзечна — гэта ўжо зусім іншы горад. Тут кіпіць жыццё». Сям’я актыўна падарожнічае па Беларусі. Вандроўнікі паспелі ўжо ацаніць, якім шыкоўным курортам стала Нарач, падымаліся на аглядальную вежу ў Крэве, дзівіліся, як змяніліся Лідскі замак, Гродна, былі ў Хатыні, Жыровічах. 

А колькі сабе яшчэ ставяць планаў!

Алена прызнаецца, што калі жыла ў Эстоніі, складвалася ўражанне, што некаторыя «факты» пра Беларусь падаюцца як у сапсаваным тэлефоне: «Часам такую лухту пішуць. І пра небяспеку, і пра эканоміку „на нулі“. Вы запытайце ў любога, хто сюды пераехаў жыць, ці адчуваюць людзі які-небудзь ціск».

«Для мяне Беларусь — краіна спакою і стабільнасці. Прыгожая, недаацэненая ў многіх словах беларусаў, якія з’ехалі і з-за мяжы вяшчаюць, быццам тут няма нічога добрага, — заўважае мая суразмоўца. — Такім я магу адказаць: відаць, вы проста нічога не ведаеце пра сваю краіну».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю