Рэабілітацыйна-аздараўленчая змена «Вясёлка надзеі» сабрала каля 50 дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні і знаходзяцца ў рэмісіі больш за тры гады, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», паведаміла БелТА.
Змена прызначана для дзяцей 9-17 гадоў. На 18 дзён дзеці акунуцца ў свет актыўнага і незабыўнага летняга адпачынку ў прыгожым кутку Беларусі. «Гэта вельмі хвалюючая і кранальная змена, таму што для 50 дзяцей з усіх куткоў нашай краіны, якія перанеслі анкалагічныя захворванні, адчыняе дзверы цэнтр „Зубраня“. Наш праект праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя. За час яго існавання больш як 2,5 тыс. дзяцей з гэтай паталогіяй ужо прайшлі аздараўленне», — расказала старшыня праўлення Беларускага фонду Людміла Кандрашова.
Суправаджае дзяцей у цэнтр урач-анколаг РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. «Для ўдзельнікаў змены „Вясёлка надзеі“ прадугледжаны аблегчаны варыянт знаходжання ў лагеры, аднак яны змогуць удзельнічаць ва ўсіх запланаваных мерапрыемствах. У праграме — паездка ў нацыянальны цэнтр „Наносы“, экскурсіі і сустрэчы з равеснікамі з іншых краін. Таксама будуць арганізаваны пешаходныя прагулкі і мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё асобасных якасцей, самасцвярджэння и лідарскіх навыкаў. Гэта стане сапраўдным святам для дзяцей, якія змогуць знаходзіцца ў коле сваіх равеснікаў і атрымаць асалоду ад дзяцінства, нягледзячы на ўзнікшыя цяжкасці. Мы ўпэўнены, што знаходжанне ў такім выдатным месцы стане для іх сапраўднай кіслародатэрапіяй», — падкрэсліла старшыня праўлення.
У мерапрыемствы таксама ўвойдуць інтэлектуальныя заняткі, конкурсы, гульні, майстар-класы, квізы, кінапрагляды, вечары каля вогнішча. Удзельнікі штодзённа будуць наведваць сеансы аздараўленчых і агульнаўмацавальных працэдур, заняткі дыхальнай гімнастыкай і лячэбнай фізкультурай. Для кожнага дзіцяці з улікам узросту і стану здароўя будзе падабрана спартыўная праграма: пешыя прагулкі, велапрагулкі, катанне на катамаранах, камандныя і індывідуальныя спартыўныя гульні.
Важная асаблівасць праекта заключаецца ў тым, што дзеці адпачываюць самастойна, без суправаджэння бацькоў. У цэнтры многім дзецям упершыню давядзецца прымераць дарослае жыццё: самім запраўляць ложак, сачыць за рэчамі і весела правесці змену сярод сяброў.
Альбіне Пільгун-Махнёвай з Мінска 16 гадоў, апошнія тры гады ў яе рэмісія. У «Зубраня» яна едзе другі раз, ад адпачынку чакае новых знаёмстваў і насычаных эмоцый. «Хутчэй за ўсё, гэта мая апошняя змена, таму што ў наступным годзе я буду паступаць вучыцца пасля школы. Спадзяюся, што яна запомніцца мне надоўга. Мару знайсці пабольш новых сяброў, як на мінулай змене, і разам павесяліцца. Я вельмі рада, што трапіла ў гэтым годзе ў той жа самы атрад. Да хваробы я шмат адпачывала ў лагерах, а пасля хваробы ўжо не магла, таму што мне пастаянна трэба прымаць лякарствы. Я шчасліва, што ў такіх дзяцей, як я, ёсць выдатная магчымасць летам адпачыць на прыродзе, у самым класным цэнтры «Зубраня», — падзялілася Альбіна.
Беларускі дзіцячы фонд праводзіць рэабілітацыйна-аздараўленчую змену «Вясёлка надзеі» з 1993 года сумесна з Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам «Зубраня», у супрацоўніцтве з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя. Усяго за гады правядзення летняй аздараўленчай кампаніі для дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні, Беларускі дзіцячы фонд змог аздаравіць каля 2,5 тыс. дзяцей.