Top.Mail.Ru
93

Сяброўства пашырае «Дыпламатыя перакладу»

Газета «Літаратура і мастацтва» традыцыйна, на працягу многіх гадоў, знаёміць свайго чытача з творамі прозы і паэзіі іншых літаратур свету. Тэматычны выпуск «Дыпламатыя перакладу» стаў сапраўдным мостам творчага сяброўства беларускіх пісьменнікаў, перакладчыкаў з мастакамі слова іншых краін свету. 



Чарговы, жнівеньскі, выпуск старонкі мастацкіх перакладаў знаёміць чытача з вершамі калмыцкай паэтэсы Рымы Ханінавай (яе твор на беларускую пераўвасобіў Рагнед Малахоўскі), народнага паэта Марый Эл Анатоля Ціміркаева (перакладчыца — Іна Фралова), башкірскай паэтэсы Гульнары Хальфітдзінавай (пераклала Святлана Быкава), намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Саха (Якуція) Наталлі Харламп’евай (яе «Сон у габійскім стэпе» па-беларуску прачытала Святлана Быкава), чачэнскага паэта Ільмана Юсупава (перакладчыца — Галіна Загурская), табасаранскай паэтэсы з Дагестана Сувайнат Ісрафаілавай (над перакладам рупілася Настасся Нарэйка). 

Каменціруе падзею рэдактар аддзела паэзіі «ЛіМа», старшыня секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі: «Сувязі, якія мы выбудоўваем, носяць яшчэ і двухбаковы характар. І калмычка доктар філалагічных навук Рыма Ханінава, і вядомы марыйскі паэт і перакладчык Анатоль Ціміркаеў, і якуцкая пісьменніца Наталля Харламп’ева вельмі шмат зрабілі для прасоўвання сучаснай беларускай літаратуры ў сваіх нацыянальных прасторах. І працягваюць гэта рабіць зараз... Мы спланавалі самыя розныя творчыя праекты, у выніку якіх на іншых мовах будуць здзейснены публікацыі твораў нашых калег — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі...».

Мікола БЕРЛЕЖ 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю