Top.Mail.Ru

Святлана Чамецьева ўпэўнена: інклюзія важная не толькі для інвалідаў, але і для ўсяго грамадства

Урокі дабрыні на «Тэрыторыі музыкі»

Перш чым прыйсці ў мінскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь», Святлана Аляксандраўна паспела папрацаваць выкладчыкам у ВНУ, настаўнікам музыкі і педагогам-арганізатарам у школе, выхавальніцай у дзіцячым садку. Але знайшла сябе менавіта як педагог дадатковай адукацыі. 

І відавочна, гэта не толькі яе асабістае меркаванне. Зусім невыпадкова яна стала пераможцам ХVІІІ рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2025» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям».

Творчасць нараджае радасць

— Мне здаецца, я нідзе не змагла б так поўна рэалізавацца, як у сістэме дадатковай адукацыі, якая дазваляе працаваць у аптымальным рэжыме, спрабаваць сябе ў розных якасцях, — кажа Святлана Чамецьева. — Калі толькі прыйшла ў «Ветразь», займалася з навучэнцамі спевамі. Потым тры гады загадвала аддзяленнем інструментальнай музыкі і вакальнай творчасці, а затым вярнулася да выкладання інструментальнай творчасці.

Першы вучань з інваліднасцю з'явіўся ў яе ў 2014 годзе. У «Ветразь» звярнулася мама невідушчага Федзі Жэлдыбакава. Музычны слых у яго быў, і яна хацела развіваць хлопчыка. Кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Тэрыторыя музыкі» Святлана Чамецьева пагадзілася паспрабаваць пазаймацца з ім:

— У мяне самой сын — інвалід ад нараджэння. Менавіта гэта і вызначыла маю гатоўнасць папрацаваць з такім дзіцем. Спачатку адчувала некаторую разгубленасць. Але паціху стала разумець, як падысці да навучання хлопчыка, і вынікі не прымусілі сябе чакаць.

Федзю Жэлдыбакаву ўжо 25 гадоў, і ён па-ранейшаму займаецца ў Святланы Аляксандраўны на сінтэзатары. За гэты час хлопец не аднойчы заваёўваў прызавыя месцы на розных творчых конкурсах сярод інвалідаў.

Сёння «Тэрыторыю музыкі» наведваюць 20 выхаванцаў. З некаторымі Святлана Чамецьева займаецца спевамі, іншых навучае ігры на сінтэзатары. Амаль ва ўсіх яе вучняў ёсць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. «Тэрыторыя музыкі» — гэта іх «выхад у людзі»: тут яны не толькі развіваюць свае здольнасці, далучаюцца да творчасці, але і маюць зносіны са звычайнымі аднагодкамі, якія наведваюць іншыя аб'яднанні па інтарэсах. Гэта пашырае кругагляд, сацыялізуе.

Па назіраннях Святланы Аляксандраўны, звычайныя дзеці часта больш ахвотна і паспяхова ўзаемадзейнічаюць з асаблівымі аднагодкамі, чым некаторыя дарослыя. Сучасныя тынэйджары разумеюць: ёсць розныя людзі і з усімі трэба вучыцца сябраваць ці ва ўсякім разе супрацоўнічаць.

Прыклад сапраўднай інклюзіі — праграмы «Творчасць нараджае радасць». Іх «Ветразь» рэгулярна рыхтуе да Дня інвалідаў разам з упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кастрычніцкага райвыканкама Мінска, ТЦСАН Кастрычніцкага раёна, сацыяльнай установай «Інвацэнтр» ГА «Беларускае таварыства інвалідаў», студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, а затым прадстаўляе на суд гледачоў у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў.

Урокі ад асаблівых вучняў

На працягу многіх гадоў Святлану Чамецьеву пераследаваў сіндром выдатніцы. Але з часам яна перамагла ў сабе перфекцыяністку, дазволіла сабе права на памылку, недасканаласць.

— Працэс пераасэнсавання вельмі шмат якіх рэчаў пачаўся ў мяне адразу пасля нараджэння сына і працягваецца дагэтуль, — дзеліцца Святлана Аляксандраўна. — Калі майму Жэню паставілі дыягназ, то ўсе слупы, на якіх я збіралася будаваць жыццё, імгненна паваліліся, а прыярытэты кардынальна змяніліся. Аказалася: ты можаш старацца быць добрым, разумным, сумленным, мэтанакіраваным — і ўсё роўна 

ні ад чаго не застрахаваны. Каб разабрацца са сваімі думкамі, пачуццямі, прыняць сітуацыю, навучыцца жыць нанова, пачала чытаць літаратуру па псіхалогіі. Не на ўсе свае пытанні знайшла там адказы. Шэраг адказаў дапамог знайсьці духоўныя аўтарытэты.

Паводле слоў Святланы Аляксандраўны, шчырасць, адкрытасць многіх дзяцей, юнакоў і дзяўчат з інваліднасцю дапамаглі ёй зірнуць на многае ў жыцці з іншага пункту гледжання, заўважыць іншыя яго бакі. А заадно знайсці сябе, адкрыць тыя ўнутраныя глыбіні, пра якія і не здагадвалася.

Апетыт да жыцця

Колькі саюзаў церпяць крушэнне, калі ў іх нараджаецца дзіця з інваліднасцю. Шлюб Святланы Чамецьевай пазбег гэтай сумнай долі. Са сваім мужам Уладзімірам яны разам ужо 31 год.

— Мы прайшлі розныя стадыі адносін і перыяды. Быў этап ступару, калі абое не разумелі, што рабіць, — прызнаецца Святлана Аляксандраўна. — Але Уладзімір ніколі не ставіў пад сумненне той факт, што мы павінны з усімі выпрабаваннямі і выклікамі спраўляцца разам, а не паасобку. Яго спакойная ўпэўненасць, разуменне таго, што мужчына — апора ў сям'і, а таксама маё жаданне выбудаваць камфортныя для абодвух сямейныя адносіны дапамаглі захаваць шлюб. Думаю, вельмі важна для мужа і жонкі вывучыць адзін аднаго, ведаць, у якой сітуацыі якую тактыку лепей прымяніць, каб не парушаць мір і спакой у доме. Мы з Уладзімірам навучыліся прымаць адзін аднаго рознымі, не апускацца да лаянкі і абраз.

Каб быць у радасць навакольным — членам сям'і, калегам, вучням, Святлана Чамецьева імкнецца напоўніць радасцю сваё жыццё, вучыцца знаходзіць яе ў самых простых штодзённых рэчах. Крыніца аптымізму для яе — не толькі людзі, але і чатырохногія хатнія гадаванцы — сабака Рычы і котка Нюша. А яшчэ — чытанне псіхалагічнай і духоўнай літаратуры, падарожжы і адпачынак з блізкімі.

Год таму дыпламаванаму педагогу музыкі Святлане Чамецьевай захацелася навучыцца іграць на гітары, і яна з задавальненнем асвойвае гэты інструмент. Перш ніколі не адчувала цягі да рукадзелля, а пасля 50 гадоў купіла швейную машынку і сама пашыла шторы. У гэтым жа ўзросце скончыла курсы ваджэння.

Вялікі педагагічны стаж і жыццёвы досвед пераканаў Святлану Аляксандраўну ў тым, як важна своечасова, шчыра адзначаць і заахвочваць любыя, хай самыя малазначныя, дасягненні. Яна заўсёды імкнецца знайсці добрае слова для сваіх вучняў і не скупіцца на пахвалу. Для яе самой любое заахвочванне — таксама матывацыя для асобаснага і прафесійнага росту. Святлана Чамецьева не хавае, што ёй было прыемна стаць «Жанчынай года — 2025» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям»:

— Бачу вакол дастаткова жанчын, якія, на мой погляд, не менш за мяне вартыя звання «Жанчыны года». Але калі ўжо я адзначана ім, то магу прызнацца: яно надало мне ўпэўненасці. Заўважаю, што нібыта вырасла і ў вачах іншых людзей, якія даведваюцца пра гэты статус.

Цырымонія ўзнагароджання падштурхнула Святлану Аляксандраўну да таго, каб купіць новы касцюм і туфлі на абцасах. Звычайна такі абутак яна не носіць. Але яна перакананая — у жыцці любой жанчыны абавязкова павінна быць месца святу. Калі ёй дораць кветкі, любуюцца, гавораць кампліменты. Ад гэтага ўсе жанчыны становяцца больш прыгожымі і шчаслівымі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю