9 лютага споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Барысавіча Зарыцкага, аднаго з самых яркіх майстроў беларускай музычнай культуры. Ён вядомы і як аўтар музыкі да песень, выконваемых папулярнымі артыстамі, і як стваральнік акадэмічных твораў. На песнях маэстра вырасла не адно пакаленне, з дзяцінства многім знаёма мелодыя яго «Калыханкі».
Эдуард Барысавіч нарадзіўся 9 лютага 1946 года ў горадзе Красны Кут Саратаўскай вобласці. У раннім дзяцінстве яго сям’я пераехала ў Мінск, дзе будучы кампазітар з 1953 года пачаў навучанне ў музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Там і зарадзілася глыбокая любоў да музыкі, якая вызначыла яго жыццёвы шлях.
У 1970 годзе Эдуард Зарыцкі скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара А. В. Багатырова, пасля чаго быў прызваны на службу ў армію, дзе прадоўжыў пісаць музыку. Яго талент не застаўся незаўважаным у музычным асяроддзі: адначасова юнак стаў самым маладым членам Саюза кампазітараў Беларусі.
Пасля службы кампазітар працаваў у Тэатры юнага гледача, дзе быў дырыжорам і загадчыкам музычнай часткі. Тут ён стварыў шматлікія аранжыроўкі, уключаючы мюзікл «Вестсайдская гісторыя». Напісаў музыку да спектакля «Снежная каралева», пастаўленага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, і да маскоўскай пастаноўкі п’есы А. Макаёнка «Трыбунал». Значнае месца ў яго творчасці заняла музыка для кіно і мультыплікацыйных фільмаў.
Творчая спадчына Эдуарда Зарыцкага ахоплівае шырокі спектр жанраў. Ён з’яўляецца аўтарам сімфоній, кантат, сюіт, канцэртаў — для габоя з аркестрам, для валторны з аркестрам і для фартэпіяна з аркестрам. Аднак вядучым жанрам у яго творчасці стаў песенны. Музычную культуру Беларусі цяжка ўявіць без такіх песень, як «Я вярнуся», «Лісток календара», «Зорачка», «Калыханка», музыку да якіх напісаў Эдуард Зарыцкі. У яго песеннай калекцыі больш за 600 твораў, якія выконваюць зоркі беларускай і расійскай эстрады.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца ў творчасці кампазітара. Яна адлюстравана ў песнях «Лясныя салдаты», «Набат цішыні», «Чырвоны сцяг» і інш.
Плённым стала супрацоўніцтва Эдуарда Зарыцкага з Нацыянальным аркестрам сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі. Для гэтага калектыву былі створаны вакальна-сімфанічныя творы, у тым ліку цыкл на вершы А. Міцкевіча «Адкажы, родны Неман». У выкананні аркестра прагучалі і песні Эдуарда Зарыцкага на вершы Я. Купалы, вакальныя цыклы на вершы Я. Коласа «Край ясназорны», У. Караткевіча «Зямля дзядоў». Дзякуючы Зарыцкаму нават далёкія ад літаратуры людзі памятаюць на памяць вершы беларускіх класікаў.
У 1999 годзе Эдуарду Барысавічу Зарыцкаму было прысвоена званне народнага артыста Беларусі. За стварэнне музычных твораў, якія ўнеслі значны ўклад у нацыянальную культуру, у 2006 годзе кампазітар быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Маэстра пайшоў з жыцця 6 чэрвеня 2018 года, але яго музыка прадаўжае жыць і гучаць у канцэртных залах, тэатральных пастаноўках, кінафільмах і ў памяці ўдзячных слухачоў. Творы Эдуарда Зарыцкага сталі неад’емнай часткай музычнай культуры Беларусі і прадаўжаюць натхняць новыя пакаленні музыкантаў і паклоннікаў.
Па матэрыялах БелТА