Навагодні дабрачынны марафон «Ад усёй душы» на Гомельшчыне працягваецца цёплымі жывымі сустрэчамі. У Рагачоўскім раёне ў рамках акцыі адбылося мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальнай улады, ветэранскага актыву і наведвальнікаў устаноў сацыяльнай абароны.
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама наведала аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Рагачоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ва ўстанове нядаўна быў праведзены рамонт. Надзея Цупа разам з намеснікам старшыні райвыканкама Кацярынай Раждаевай, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людмілай Бязручанка і дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра Канстанцінам Купрэевым азнаёміліся з умовамі, створанымі для камфортнага знаходжання людзей, якія наведваюць установу. Удзел у святочнай сустрэчы з нагоды навагодняй дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» ўзяў ветэранскі актыў Рагачоўшчыны. У нефармальнай, цёплай атмасферы ветэраны працы падзяліліся тым, як з карысцю і цікавасцю праводзяць вольны час, удзельнічаючы ў гуртках і занятках па інтарэсах, расказалі пра свае планы і ініцыятывы.
Асаблівую святочнасць сустрэчы надалі музычныя нумары ў выкананні наведвальнікаў аддзялення і актыўных ветэранаў. Удзельнікі свята ў чарговы раз засведчылі, што ўзрост — не перашкода для творчай энергіі і самарэалізацыі.
У завяршэнне сустрэчы ўдзельнікі абмяняліся памятнымі падарункамі. Сімвалічна, як звярнулі ўвагу адрасаты акцыі, што мерапрыемства ў рамках дабрачыннага марафону «Ад усёй душы» адбылося напярэдадні Раства. Гэта выдатная магчымасць сустрэцца разам у атмасферы дабрыні і шчырых жывых зносін.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота газеты «Свабоднае слова»