Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды і генеральскія пагоны
Рабочы тыдзень Прэзідэнта пачаўся з уручэння дзяржаўных узнагарод і генеральскіх пагонаў. Гэта традыцыйнае прыгожае мерапрыемства, падчас якога ўшаноўваюць тых, хто нястомна стаіць на абароне Радзімы, робіць усё магчымае і немагчымае для падтрымання суверэнітэту, стабільнасці і незалежнасці нашай краіны.
.jpg)
«Без людзей у пагонах, якія стаяць на варце правапарадку і закона, у нас наогул не будзе нічога, у тым ліку і краіны»
Вітаючы генералаў і афіцэраў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па традыцыі цяперашняя цырымонія прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі — аднаго з галоўных святаў краіны. «Гэта свята тых, для каго абавязак, гонар, Радзіма — найважнейшыя жыццёвыя арыенціры. Тых, хто носіць пагоны і з’яўляецца апорай міру і стабільнасці ў краіне, карыстаючыся заслужанай павагай усяго беларускага народа. Нядаўна, сустракаючыся з вучонымі, я сказаў, што без навукі ў нас няма будучыні. Дадам, што без людзей у пагонах, якія стаяць на варце правапарадку і закона, у нас наогул не будзе нічога, у тым ліку і краіны».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 2026-ы — гэта год 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. «Тады ў наш дом прыйшла вялікая бяда, з якой народы СССР справіліся цаной неймаверных страт і нягод, — адзначыў беларускі лідар. — І што мы бачым? Мы бачым, што сёння міжнародная абстаноўка падобная з тым няпростым перыядам у нашай гісторыі. Захадам мэтанакіравана нагнятаецца ваенная істэрыя, бесперапынна растуць ваенныя бюджэты НАТА, паскараюцца тэмпы мілітарызацыі Еўропы, асабліва нашых суседзяў на Захадзе. Сістэма стрымлівання і проціваг, якая раней забяспечвала агульнаеўрапейскую бяспеку, — разбураная. Свет уцягваецца ў чарговую вар’яцкую гонку ўзбраенняў. У тым ліку ядзерных».
«Галоўнымі нашымі аргументамі павінны быць адзінства народа, моцная армія, высокі маральны дух, вывучка нашых салдат і афіцэраў»
У гэтых умовах, паводле слоў Прэзідэнта, наша задача, задача людзей добрай волі, якія жывуць на планеце, — зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб не дапусціць новай сусветнай бойні. «Мы рабілі і будзем рабіць гэта, таму што такія патрабаванні часу. Народ Беларусі павінен быць упэўнены ў нашай здольнасці, здольнасці ваенных забяспечыць бяспеку краіны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Перакананы, што вам гэта тлумачыць не трэба. Кожны з вас — прафесіянал высокага ўзроўню і выдатна гэта разумее. Як і тое, што галоўнымі нашымі аргументамі павінны быць адзінства народа, моцная армія, высокі маральны дух, вывучка нашых салдат і афіцэраў — усіх сілавых структур. Вы таксама добра разумееце, што забеспячэнне бяспекі краіны і ўмацаванне абараназдольнасці — працэс бесперапынны».
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што заслужаныя ўзнагароды і новыя пагоны стануць добрым стымулам для далейшай дзейнасці прадстаўнікоў сілавога блоку. «Таксама перакананы, што, калі спатрэбіцца, кожны з вас без ваганняў зробіць усё магчымае і немагчымае для абароны Беларусі — надзейна і з годнасцю, як павінен сапраўдны афіцэр, — адзначыў Прэзідэнт. — Віншую вас са святам і з заслужанымі ўзнагародамі і званнямі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабра і міру».

«Хачу вас папрасіць. Вельмі папрасіць, каб ні ў якім разе, нават на імгненне мы не падвялі наш беларускі народ»
Пасля ўручэння заслужаных узнагарод і воінскіх званняў Прэзідэнт зноў звярнуўся да ваеннаслужачых. «Я хачу вас папрасіць. Вельмі папрасіць, каб ні ў якім разе, нават на імгненне мы не падвялі наш беларускі народ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, што ў няпростых умовах, у складанай сітуацыі мы вырашаем надзённыя пытанні, якія вы калісьці паставілі перада мной. Забеспячэнне вашых тылоў, вашых сем’яў і перш за ўсё — кватэрнае пытанне. Гэта велізарныя грошы. І на працягу бліжэйшых пару гадоў мы цалкам вырашым дадзенае пытанне. Людзі гэта бачаць. І я не памятаю выпадку, каб хтосьці з нашых людзей (а вы ведаеце, беларусы людзі сціплыя) сказаў, што мы дзейнічаем няправільна, забяспечваючы нашых ваенных, усіх людзей у пагонах, жыллём».
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што людзі ацэньваюць такую дапамогу для ваеннаслужачых правільна. «Але вельмі на нас разлічваюць. І мы іх ні ў якім разе не павінны падвесці, — пазначыў беларускі лідар. — Сітуацыя няпростая. Вы гэта адчуваеце, я тым больш, атрымліваючы шырокую інфармацыю аб сітуацыі вакол нашай краіны. Гэтым прадыктавана і маё вельмі жорсткае патрабаванне да павышэння бяспекі і абароны нашай Радзімы. Я хачу, каб вы разумелі, што ў бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас дастаткова для гэтага сіл і сродкаў. Прашу гэта ўспрымаць як належнае».

«Фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, — галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны»
Прэзідэнт выразна бачыць сітуацыю, якая складваецца побач з нашай краінай, — на СВА. «Я ведаю ўсе „касякі“ і недахопы з аднаго і другога ваюючых бакоў. І я не хачу, каб гэтыя недахопы былі ўласцівыя нашай арміі, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Асаблівае стаўленне і патрабаванні да афіцэраў. Я зямны чалавек, нямала праслужыў у арміі, і разумею, у нас людзі розныя. Новае пакаленне... Ведаеце, якое яно. І ведаеце добра якасць тых людзей, якія прыходзяць перш за ўсё да вас, да нас, ва Узброеныя Сілы. Вы іх ведаеце. Так будзе і на вайне. Так ёсць там, на тым фронце, побач з намі. Людзі вельмі розныя. Але той, хто ўмее, і той, хто фізічна моцны (аб гэтым нас папярэджвалі тыя, хто ваяваў ва Украіне), будзе жыць. А тыя, хто шалтай-балтай, у тым ліку афіцэры, загінуць у бліжэйшыя гадзіны. Мы, людзі ваенныя, адкрыта павінны гаварыць аб гэтым».
«Таму фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, — галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны. Вы павінны асвоіць гэту зброю, — звярнуўся да ваенных Прэзідэнт. — І гэта ўсё залежыць ад вас, ад афіцэраў. Як я сказаў, людзі розныя. Хтосьці будзе добра валодаць зброяй і фізічна падрыхтаваны, хтосьці не вельмі. Але калі падрыхтаваны афіцэр, то ўзвод, рота, батальён, дывізія, брыгада заўсёды выканаюць у цэлым пастаўленую перад імі задачу. Разумееце, пра што ідзе гаворка. Таму нам трэба вельмі сур’ёзную ўвагу звярнуць на падрыхтоўку афіцэраў. Адчуваю нутром, што мы не дапрацоўваем менавіта там».
Таму, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дзесьці падчас праверкі Узброеных Сіл і ўсплываюць розныя недахопы. «Аб гэтым мы яшчэ пагаворым, — адзначыў беларускі лідар. — Але я прашу памятаць гэтыя дзве рэчы: што беларускі народ, не шкадуючы, траціць на нас грошы; і другое: афіцэры, вы павінны валодаць усімі тыпамі сучаснай зброі і рыхтаваць да гэтага нашых салдат. Не трэба наракаць, што не тых прызвалі, не тая якасць. Гэта нашы людзі, іншай якасці не будзе. Армія заўсёды рабіла з нас якасных людзей. Мы павінны гэта памятаць штохвілінна і не забываць. А каб гэта ўсё атрымалася, здароўя вам моцнага, сапраўднага здароўя вам, вашым любімым, сем’ям, вашым дзецям».
Даслоўна
«Быць ваеннаслужачым — не толькі ганаровая праца, але і адказны абавязак»
Начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Андрэй Краўчанка ў гэты святочны дзень атрымаў генеральскія пагоны з рук Галоўнакамандуючага. Паводле яго слоў, пагоны генерала, як і любога афіцэра вышэйшага складу, асацыююцца з адданым служэннем сваёй Радзіме, свайму народу і з той адказнай справай, якую выконваеш на сваёй пасадзе. «Але, перш за ўсё, вядома, гэта заслуга не толькі самога начальніка, камандзіра. Гэта заслуга таго калектыву, які развівае адпаведны кірунак дзейнасці. У маім выпадку — гэта тэрытарыяльная абарона — важны складнік нашай абараназдольнасці, — расказаў ён. — І мы актыўна развіваем гэты кірунак у краіне, павышаючы патэнцыял сіл тэрытарыяльнай абароны, тэрытарыяльных войскаў, павялічваем колькасць практычных мерапрыемстваў і ў тым ліку ўлічваем досвед сучасных канфліктаў, дзе ўсе гэтыя пытанні адпрацоўваюцца ў поўным комплексе на нашых практычных мерапрыемствах».
«Народнае апалчэнне, якое ўключана ў склад сіл тэрытарыяльнай абароны, падкрэслівае ўсенародны характар барацьбы нашага народа ў любым выпадку, пры развіцці любой сітуацыі. І самае галоўнае — гэта дае магчымасць нашаму насельніцтву, тым людзям, якія ўжо даўно знаходзяцца ў запасе, у адстаўцы, але яшчэ бадзёрыя духам, стаць у строй, стаць удзельнікам, паўнавартасным абаронцам нашай Айчыны, — падкрэсліў генерал. — І такі шлях актыўна намі практыкуецца. Мы праводзім практычныя мерапрыемствы нашых сіл тэрытарыяльнай абароны, задзейнічаем атрады народнага апалчэння, дзе актыўна ўдзельнічаюць не толькі мужчыны, але і жанчыны, якія разумеюць усю важнасць, актуальнасць абароны сваёй краіны».
Медалём «За адвагу» быў узнагароджаны начальнік аддзялення размініравання 188-й інжынернай брыгады, старшы прапаршчык Мікалай Юркін. З 2013 года ён з’яўляецца камандзірам групы размініравання. На рахунку ваеннаслужачых — больш за 20 тысяч абясшкоджаных выбухованебяспечных прадметаў. «Гэта вельмі складаная і небяспечная работа, — канстатаваў ён. — Наша група практычна кожны дзень на выездзе. За мінулы год намі было выканана 60 тэрміновых заявак, дзе былі выяўлены артылерыйскія снарады, мінамётныя міны, у тым ліку ручныя гранаты і супрацьтанкавыя міны».
Мікалай Юркін на службе ўжо 22 гады. Прайшоў шлях ад кіроўцы-сапёра да камандзіра групы размініравання. На пытанне, чаму выбраў менавіта гэту небяспечную прафесію, адказвае коратка: «Лёс. Калі я быў кіроўцам-сапёрам, мне спадабалася гэта работа. Браў прыклад са свайго былога начальніка. І вось зараз, праз колькі гадоў сам з’яўляюся камандзірам падраздзялення, — адзначыў ваеннаслужачы. — Але хваляванне пры размініраванні прысутнічае нават праз столькі гадоў. Бо работа сапёра заўсёды мае на ўвазе асаблівую асцярожнасць».
Медаль «За адзнаку ў ваеннай службе» Галоўнакамандуючы ўручыў камандзіру 85-й брыгады сувязі (лінейнай) палкоўніку Раману Ягорчанкаву. «Як сапраўдны афіцэр я ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Айчыне, Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, пачынаючы ад радавога курсанта і заканчваючы камандзірам часці. Быць ваеннаслужачым — не толькі ганаровая праца, але і адказны абавязак», — расказаў ён.
Раман Ягорчанкаў прызнаўся, што ўсе поспехі і няўдачы ён падзяляе са сваёй сям’ёй. Дарэчы, адна з яго дачок пайшла па слядах свайго бацькі — навучаецца на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. «Заўсёды прыемна, калі дзеці працягваюць шлях, закладзены іх бацькамі, — лічыць палкоўнік. — Я ж заўсёды стаўлю ў прыклад свайго дзядзьку, які пачынаў службу яшчэ пры Савецкім Саюзе, быў сувязістам. І я, можна сказаць, пайшоў па яго шляху, аб чым ні разу не пашкадаваў».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА