Гімназія горада Дзяржынска традыцыйна з’яўляецца добрай пляцоўкай для прапаганды дзіцячага чытання, увогуле кніг, адрасаваных школьнікам, падлеткам. Вось і сёлета, 6 снежня, у гэтай навучальнай установе пройдзе свята дзіцячай кнігі.
На сустрэчу з гімназістамі прыедуць аўтары кніг, якія ў апошнія год-паўтара выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтве «Беларусь», — Міхась Пазнякоў, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Іна Фралова, Алесь Карлюкевіч.
— Без чытання папяровай кнігі цяжка ўявіць адукаванага чалавека, — каменціруе саму ідэю свята дырэктар гімназіі горада Дзяржынска Людміла Станіславаўна Паўхлеб. — Мы рады, што складваюцца добрыя адносіны з вядучымі выдавецтвамі краіны, з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. На свяце мы не толькі дадзім слова пісьменнікам, але і адзначым лепшых чытачоў сярод навучэнцаў нашай гімназіі. Мы бачым, як рэагуюць нашы дзеці на сустрэчы з пісьменнікамі, якія пытанні цікавяць юных чытачоў.
А ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, перакананы старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік Міхась Пазнякоў, справу па прапагандзе беларускай кнігі ў сістэме агульнаадукацыйных устаноў лічаць сярод асноўных прыярытэтных кірункаў дзейнасці творчай арганізацыі.
Мікола БЕРЛЕЖ