Аб чым яшчэ Аляксандр Лукашэнка гаварыў у інтэрв’ю амерыканскай тэлекампаніі «Ньюсмакс»
У гэтым блоку пытанняў, якія ў суботу Прэзідэнту Беларусі задавала вядучая праграмы «Хроніка з Грэтай Ван Састэрэн» тэлеканала «Ньюсмакс ТВ» тэлекампаніі «Ньюсмакс» Грэта Канвей Ван Састэрэн, кіраўнік дзяржавы падзяліўся, чым яму блізкая палітыка, якую цяпер праводзіць Дональд Трамп, выказаў сваё бачанне наконт будучыні беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб асабістых уражаннях ад камунікату з лідарамі Расіі, Кітая, Паўночнай Карэі.
Пра Дональда Трампа. «Моцная фігура»
Журналіст пацікавілася, чаму беларускаму лідару падабаецца цяперашні Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. «Па-першае, прабачце за нясціпласць пэўную, я быў адзіным прэзідэнтам, які не толькі „хварэў“ за Трампа, калі ён вылучыў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты, але і адкрыта аб гэтым гаварыў, — заўважыў беларускі лідар. — За яго многія перажывалі, я думаю, але вось так, у адкрытую, выступаць за Трампа, як гэта зрабілі тут, у Беларусі, нідзе гэтага не было. На жаль, у Амерыцы гэтага не ведаюць, бо Беларусь дагэтуль узначальвае „апошні дыктатар Еўропы“ або як вы там мяне называлі».
Па-другое, па словах Аляксандра Лукашэнкі, палітыка, якую цяпер праводзіць Дональд Трамп, блізкая да пазіцыі беларускага лідара і да той палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі. «Хаця Джон (Коўл, спецпасланнік ЗША ў Беларусі. — „Зв“.) быў сведкам, я яму ў першую сустрэчу выказаў пэўныя крытычныя заўвагі ў адносінах палітыкі Трампа, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму я не з’яўляюся сляпым прыхільнікам Трампа, але я заўсёды вітаў тое, што Трамп прыйдзе да ўлады. Ëн сябе паказаў бліскуча. Я яго называў у перадвыбарнай кампаніі „бульдозер“: ён прайшоў па краіне, як бульдозер, і перамог».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не думаў аб тым, што перамога Дональда Трампа ў выбарах будзе такой аглушальнай. «Ëн гэту перамогу заслужыў, — падкрэсліў Прэздэнт. — І нават Гасподзь яго пашкадаваў, ён (Дональд Трамп. — „Зв“.) гэта прызнае. Таму з якога боку ні паглядзі: Трамп — моцная фігура».
Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку апошнім дакументам, прынятым у ЗША, у прыватнасці, знешнепалітычнай дактрыне. «Гэта калі ажыццявіцца, для свету будзе падарунак, — лічыць беларускі лідар. — Гэта значыць, у знешняй палітыцы па меншай меры Трамп зрабіў нямала. Сем або восем войнаў спыніў або канфліктаў — не важна. Але ён на гэта накіраваны і ў яго нешта атрымліваецца. І калі канфлікт ва Украіне пры дапамозе Трампа будзе спынены, ён увойдзе ў гісторыю. Яму не трэба ніякая Нобелеўская прэмія. Ëн увойдзе ў гісторыю як самы міралюбівы Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі. Чаго не скажаш аб іншых пасля Рузвельта».
Па словах кіраўніка дзяржавы, шмат станоўчага можна гаварыць пра Дональда Трампа. «Я не расчараваны, што яго такім чынам падтрымліваў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва на фоне той адміністрацыі, якая спрабавала сілай нахіліць увесь свет: і эканамічна, і ваенным чынам. Трамп у гэтым адрозніваецца. Ëн на сённяшні дзень робіць усё правільна. І тое, што вы (маю на ўвазе Трампа) цяпер кінулі погляд свой не толькі на знешнюю палітыку, а сталі разбірацца ва ўнутранай палітыцы, унутрыпалітычных пытаннях, эканамічных пытаннях — гэта ў цэль і вельмі правільна».
Пра Уладзіміра Пуціна. «У палітыцы — ваўкадаў»
Адказваючы на пытанне, ці сустракаўся Аляксандр Лукашэнка з Уладзімірам Зяленскім, беларускі лідар адказаў, што сустракаўся. Журналіст пацікавілася ў Прэзідэнта Беларусі, які Зяленскі як чалавек.
«Мне падалося тады, свядомы чалавек але не вопытны, — канстатаваў ён. — Але гэта натуральна. Калі пра палітыку гаварыць. Што датычыцца асабістых пэўных якасцяў, я не настолькі блізкі з ім, як з Пуціным або з Сі Цзіньпінам».
Адказваючы на пытанні, якім чалавекам з’яўляецца Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чалавечыя якасці ў яго расійскага калегі вельмі добрыя. «Але ў палітыцы — ваўкадаў, — канстатаваў Прэзідэнт. — Ëн у палітыцы вялікі чалавек. Даўно кіруе такой вялікай краінай. Таму можна пазайздросціць яго жаданню і ўменню кіраваць краінай і займацца пытаннямі не толькі ўнутранай, а і знешняй палітыкі. Ëн моцны чалавек».
Пра Сі Цзіньпіна. «Разумны, акуратны, спакойны»
Закранула журналіст і ўзаемаадносіны Аляксандра Лукашэнкі з лідарам КНР, заўважыўшы, што беларускі лідар ведае Сі Цзіньпіна вельмі добра.
«Я ж вам сказаў, што ў мяне сваяк, старэйшы брат, Уладзімір Пуцін і мой сябар Сі Цзіньпін, з якім мы з даўніх часоў сябры», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
«Які ён чалавек?», — удакладніла інтэрв’юер.
«Ëн кітаец. Гэта значыць, што ён разумны, акуратны, спакойны да немагчымасці, як усе кітайцы. Гэта іх асаблівасць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны нікуды не спяшаюцца. Гэта разумныя людзі (цывілізацыя найстаражытнейшая), якія разумеюць: рана або позна праблема, якая існуе, павінна быць вырашана. Яны лічаць, што паскараць гэты працэс бескарысна: можна нарвацца на непрыемнасці. А ціха, спакойна робяць сваю справу».
Беларускі лідар узгадаў, што ўпершыню трапіў у Кітай больш як 30 гадоў таму. «Я тады заўважыў, што за Кітаем вялікая будучыня, —канстатаваў ён. — І будучы дэпутатам (кадры ёсць) прыехаў і сказаў у парламенце: „Нам трэба выбудоўваць адносіны з кітайскай дзяржавай. Там вялікая будучыня“. Ну, амерыканцы тады, ведаеце, не вельмі з намі сябравалі і сябраваць не хацелі. Еўрапейцы таксама мяне спрабавалі заблытаць рознага кшталту дэмакратыяй і гэтак далей. Але я бачыў эканоміку перш за ўсё і я бачыў, што Кітай будзе развівацца. Прайшло 25-30 гадоў — Кітай выбіваецца ў лідары. Ëн нават насцярожыў вас (ЗША. — „Зв“.), вы спрабуеце стрымаць развіццё Кітая».
У гэтай сувязі Прэзідэнт узгадаў візіт у Беларусь былога Дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа і экс-саветніка Прэзідэнта ЗША па нацбяспецы Джона Болдана. «Я іх пераконваў, што Кітай спыніць сёння немагчыма, — узгадаў дэталі той размовы кіраўнік дзяржавы. — Вы страцілі як мінімум 20 гадоў для таго, каб стрымаць Кітай. Кітай сёння ніхто не ў стане стрымаць, асабліва з той філасофіяй, якая ў кітайцаў у галаве».
Журналіст спытала ў беларускага лідара, што адбылося за гэтыя 20 гадоў з Кітаем. «Я Кітай бачыў на працягу 30 гадоў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны здзяйсняюць кожны год „рэвалюцыю“. Прыязджаю туды кожны год і не пазнаю Кітай. Яны настолькі эфектыўныя, што вы нават ацаніць гэтага не можаце».
У гэтай сувязі Прэзідэнт пракаменціраваў апошнія рашэнні Злучаных Штатаў Амерыкі, якія даведаўся са сродкаў масавай інфармацыі, аб тым, што Дональд Трамп гатовы стварыць блок з пяці дзяржаў, куды ўвойдуць Расія, Кітай, Японія, Злучаныя Штаты Амерыкі і Індыя. «Калі гэты саюз адбудзецца, свет будзе абсалютна іншым, і ў кароткі прамежак часу, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Неверагодна. Ну, напэўна, пасля таго, як еўрапейцы не разумеюць, чаго хоча Трамп, Трамп звярнуўся ў Азію, бо там — галоўныя цэнтры развіцця, будучыня развіцця. Сёння Азія развіваецца бурнымі тэмпамі, і перш за ўсё дзякуючы Кітаю. Таму Кітай ёсць Кітай. Старажытная цывілізацыя. Спакойна, нікуды не спяшаюцца і з гэтым трэба пагадзіцца».
Пра Кім Чэн Ына. «Прыстойны, спакойны, сумленны чалавек»
Грэта Канвей Ван Састэрэн спытала, ці сустракаўся беларускі лідар з кіраўніком КНДР і якія ў яго ўражанні ад камунікату з Кім Чэн Ынам. Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з паўночнакарэйскім лідарам на парадзе ў Кітаі, у верасні гэтага года.
«Нармальнае ўражанне, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. — Трамп таксама думаў, што гэта (Кім Чэн Ын. — „Зв“.) невядома які чалавек. Але калі сустрэўся з ім у першы тэрмін, калі там бываў, ён нармальна аб ім адзываўся. Я таксама. Уражанне маё аб Кім Чэн Ыне са сродкаў масавай інфармацыі. Але калі я з ім пагаварыў, я ўбачыў абсалютна нармальнага чалавека, які ведае сваё месца ў свеце. Ëн не з’яўляецца нейкім там фантомам. Ëн прыстойны, спакойны, сумленны чалавек. Гэта ж кароткая была сустрэча, але ў мяне склалася такое ўражанне. Упэўнены, маё ўражанне не падманнае. З ім можна дамовіцца».
Пра адносіны з ЗША. «Калі мы вызначымся па асобных кірунках нашага прагматызму, мы дамовімся»
Гаворачы аб перспектывах адносін паміж Беларуссю і ЗША, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што са Злучанымі Штатамі Амерыкі можна дамовіцца. «Мы вельмі падобныя, — удакладніў ён. — У нас — еўрапейскія карані, таму я ўпэўнены, што мы дамовімся. Можа быць, на рэйках прагматызму. Амерыканцы — людзі выключна прагматычныя. Мы таксама. Таму, я думаю, калі мы вызначымся па асобных кірунках нашага прагматызму, мы дамовімся».
Некаторыя прапановы беларускага прагматызму Прэзідэнт перадаў Джону Коўлу, спецпасланніку ЗША ў Беларусі. «Яны ляжаць у плоскасці інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба дамаўляцца...
Мы чаго з амерыканцамі маем дрэнныя адносіны? Што мы зрабілі дрэннага для Злучаных Штатаў Амерыкі? Нічога. Дык чаму вы на нас глядзіце коса? Я думаю, у выніку нашага дыялогу, які ў нас ідзе, мы аб усім дамовімся».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падчас нядаўніх перагавораў з амерыканцамі сказаў: «Хлопцы, трэба ўмець прызнаваць паражэнне». Калі вы нават такая буйная краіна, як ЗША, і калі вы ў 2020-м годзе, арганізаваўшы супраць нас атаку (не вы асабіста, але вы былі прыхільнікамі гэтага), прайгралі — ну трэба зыходзіць з гэтага. Не трэба хадзіць і крычаць па свеце: «Мы прайгралі». Але трэба зыходзіць з гэтага: прайгралі — давайце сядзем спакойна, па-мужчынску будзем рухацца далей».
Рэзюмуючы, Прэзідэнт заўважыў, што хацеў бы, каб у яго асабіста, у Беларусі былі добрыя адносіны з ЗША. «Слухайце, я сыходзячы Прэзідэнт (я часта пра гэта гавару) і я не хачу, каб праблемы, якія ўзніклі ў перыяд майго кіравання краінай, былі перакладзены на новае пакаленне, — патлумачыў беларускі лідар. — Кожнае пакаленне свае праблемы само павінна вырашаць. Вось у нашага пакалення (у Трампа, у Лукашэнкі) ёсць праблемы, мы іх павінны вырашыць».
Больш таго, па словах Прэзідэнта, у абедзвюх краін ёсць агульныя пытанні, дзе яны могуць дапамагчы адзін аднаму. «Вось вы пачалі гаварыць па Венесуэле, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы можам разам там працаваць? Можам. Я ўчора (12 снежня. — „Зв“.) Джону Коўлу сказаў — бясплатна, мне не трэба нічога плаціць, бясплатна будзем разам працаваць у інтарэсах таго, каб і венесуэльскі народ жыў у міры, і амерыканцы не гінулі на чужой зямлі. Дзеля нейкіх там нафты, золата, рэдказямельных металаў або ў барацьбе з наркотыкамі і іншае. Там, дзе ёсць магчымасць захаваць жыццё, трэба гэта захаваць. Таму мы дамовімся з амерыканцамі. Мы дамовімся».
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.