Top.Mail.Ru

Сувязісты атрымалі выдатны падарунак да юбілею

Пасля цырымоніі ўзнагароджання і ўручэння генеральскіх пагонаў у Палацы Незалежнасці прайшло яшчэ адно традыцыйнае мерапрыемства. Гэта традыцыя хоць і не прымеркаваная да пэўнай даты, але радасці і добрага настрою дае не менш — экскурсія ў Палац Незалежнасці. Гэтым разам ён адчыніў свае дзверы для супрацоўнікаў Міністэрства сувязі інфарматызацыі і падведамасных арганізацый. Экскурсія стала своеасаблівым падарункам — у студзені Міністэрства адзначыла 70 гадоў са дня ўтварэння.


«Міністэрству 70 гадоў — хацелася ўрачыстасці. А што можа быць больш урачыстым за наведванне Палаца Незалежнасці? У гэтых залах у людзей на вачах узнімаецца настрой і натхненне. І па іх тварах відаць, што гэта была выдатная і вельмі своечасовая ідэя», — адзначыла намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Таццяна Русакевіч.

Народная сцежка ў палац, нягледзячы на яго высокі палітычны і дзяржаўны статус, не зарастае. Ахвотных на свае вочы ўбачыць сімвал беларускага суверэнітэту ўсё больш. Таму экскурсіі сталі ўжо звыклай часткай «палацавых будняў». Але для гасцей гэта кожны раз непаўторныя ўражанні і незабыўныя эмоцыі.

Раіса Жыгалка, у мінулым начальнік аддзела паштовай сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, прызналася, што наведванне Палаца Незалежнасці для яе — сапраўдны падарунак. «Заўсёды марыла пабываць у такім прыгожым храме мастацтва, які створаны рукамі нашых беларускіх майстроў. Тут ходзіш, любуешся і нястомна захапляешся працай людзей, якія змаглі гэта стварыць. Гонар за сваіх суайчыннікаў проста зашкальвае. Гэта экскурсія назаўжды застанецца ў нашай памяці», — адзначыла яна.

Ідэя паказаць усім беларусам Палац Незалежнасці не па тэлебачанні, а ў рэальнасці належыць Прэзідэнту. Менавіта па яго распараджэнні з самага пачатку сюды арганізаваны экскурсіі. Паглядзець сапраўды ёсць на што. Люстры, мазаіка, карціны, падарункі кіраўніку дзяржавы, унікальныя дызайнерскія рашэнні, непаўторныя ўпрыгажэнні захапляюць. Узрастае захапленне і ад таго, што амаль усё тут створана беларусамі з айчынных матэрыялаў. І гэта адназначна варта ўбачыць кожнаму жыхару нашай краіны.

Лідзія Беражная расказала, што вялікай радасцю для яе стала магчымасць убачыць слуцкі пояс, выстаўлены ў зале ўрачыстых цырымоній. «Мяне цікавіць гісторыя стварэння самога палаца. Мне цікава даведацца пра гісторыю, пра падзеі, якія тут адбываюцца, пра людзей, якія наведваюць палац. У Палацы Незалежнасці цікава ўсё», — падзялілася яна.

Але Палац Незалежнасці — гэта больш, чым толькі інтэр’еры. Гэта найперш гісторыя, якая ствараецца тут кожны дзень. Па традыцыі найбольшую цікавасць выклікае гісторыя перагавораў «нармандскай чацвёркі». Знакамітая на ўвесь свет Зялёная зала адкрытая для наведвання, і кожны можа зрабіць фота на месцы, дзе вырашаліся найважнейшыя геапалітычныя пытанні. Дзе яшчэ такое магчыма?

«Зялёная зала, як і Палац Незалежнасці, уражвае атмасферай. Тут адбываліся і адбываюцца падзеі, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю.

І вельмі прыемна быць да гэтага хоць неяк датычным. Дзякуй вялікі Прэзідэнту за магчымасць дакрануцца да гісторыі нашай дзяржавы. Упэўнены, наша краіна, чые людзі сваімі рукамі змаглі стварыць такі цудоўны палац, яшчэ шмат чаго можа дасягнуць», — падзяліўся Аляксандр Родзін, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Уражанні ад такіх экскурсій застаюцца ў кожнага свае, але ёсць і агульнае — гэта не проста незабыўная падзея, а вялікая матывацыя працаваць лепш і больш якасна на карысць краіны.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю