Падрабязнасці гістарычнага візіту дэлегацыі В’етнама ў Беларусь
Панядзелак стаў пунктам адліку новага этапу ў супрацоўніцтве Беларусі і В’етнама. У Палацы Незалежансці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Ламам. Дэлегацыя гэтай краіны знаходзіцца ў нашай краіне з афіцыйным візітам.
Поле — шырокае: аб сумеснай дзейнасці
В’етнам для Беларусі партнёр не новы. Ужо не адзін дзясятак гадоў нашы краіны плённа супрацоўнічаюць, умацоўваючы свае адносіны ў розных сферах. І ўвесь гэты час В’етнам застаецца для Беларусі важным і перспектыўным партнёрам. Рынак В’етнама — адзін з лідараў па развіцці ў азіяцкім рэгіёне. А краіну нават называюць новым азіяцкім тыграм — такім неафіцыйным тэрмінам абазначаюць краіны, эканоміка якіх дэманструе высокія тэмпы росту. У Беларусі і В’етнама шмат пунктаў судакранання. Напрыклад, перапрацоўчая прамысловасць, індустрыя высокіх тэхналогій, электроніка, хімічная прамысловасць, сельская гаспадарка. Гэтыя галіны, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі для в’етнамскай эканомікі, паспяхова развіваюцца і ў Беларусі. Таму поле для сумеснай дзейнасці шырокае.
«Каб поспехі былі яшчэ больш важкімі»: аб гатоўнасці супрацоўнічаць
Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэў высокага госця ў Палацы Незалежнасці. Цырымонія традыцыйная — з удзелам роты ганаровай варты, гімнамі абедзвюх краін і пратакольнай фотаздымкай у зале ўрачыстых цырымоній. І адразу пасля цырыманіялу — канкрэтная размова для рэальных вынікаў. Найперш пагаварылі ў вузкім складзе.
То Лам не першы раз наведвае Беларусь. На пасадзе міністра грамадскай бяспекі В’етнама ён прыязджаў у 2017, 2019 і 2022 гадах. «Хачу павіншаваць вас з новай працай, вельмі адказнай працай па мерках В’етнама. Хачу запэўніць вас, што нашы адносіны будуць толькі паляпшацца і дамоўленасці, якія мы зацвердзілі з В’етнамам будуць няўхільна выконвацца. Мы нацэленыя з вамі, дамоўленасць такая ёсць — аб стратэгічным партнёрстве паміж Беларуссю і В’етнамам», — прывітаў госця Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў адносін Беларусі і В’етнама вялікая прыгожая гісторыя, гісторыя сумеснай барацьбы за незалежнасць В’етнама і яго народа. «І назіраючы за тым, як развіваецца праз дзясяткі гадоў пасля той страшнай вайны В’етнам, мы радуемся за вашы поспехі. Гатовыя супрацоўнічаць у імя таго, каб гэтыя поспехі былі яшчэ больш важкімі», — запэўніў ён.
У кастрычніку 2024 года на палях саміту БРІКС у Казані в’етнамскім партнёрам быў прапанаваны план сумесных дзеянняў на бліжэйшую перспектыву, на 2025-2027 год. «Думаю, што мы зробім усё для таго, каб рэалізаваць усё намечанае ў гэтай дарожнай карце», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, на парадку дня ёсць і пытанні, якія трэба вырашаць аператыўна. «Калі мы дасягнем сумеснага рашэння, мы ў бліжэйшы час іх рэалізуем. Няхай гэта будуць узаемныя плацяжы паміж дзвюма дзяржавамі, няхай гэта будуць авіяцыйныя зносіны — усё, што з імі звязана. Гэта тыя пытанні, без якіх эканоміка функцыянаваць не можа і людзі жыць не могуць», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да ўзаемных паставак тавараў. «Думаю, нам не варта рабіць шмат намаганняў для таго, каб павялічыць гэтыя аб’ёмы. Таму што вопыт працы ў нас ужо ёсць. Мы гатовыя з вамі ствараць сумесныя вытворчасці той тэхнікі, у якой зацікаўлены В’етнам», — прапанаваў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, адкрыта можна гаварыць аб тым, што Беларусь і В’етнам інтэнсіўна супрацоўнічалі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраенняў у В’етнам. «Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць. І чакаем вас на выставе гэтай прадукцыі Milex у Мінску ў бліжэйшыя дні», — адзначыў ён.
«Словам, мы гатовыя абмеркаваць увесь комплекс пазначаных і іншых пытанняў, якія ўзнікнуць у в’етнамскага боку. І гатовыя не толькі іх абмеркаваць, але прыняць па ім адпаведныя рашэнні», — рэзюмаваў беларускі лідар.
У сваю чаргу То Лам падзякаваў за цёплую гасціннасць. Ён таксама павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы з гадавінай Перамогі над фашызмам. То Лам гэтак жа павіншаваў Аляксандр Лукашэнка з абраннем на пасаду прэзідэнта з высокім даверам народа. «Я веру, што пад вашым кіраўніцтвам Беларусь працягне развівацца, дасягаць вялікіх поспехаў і абароніць свой суверэнітэт, бяспеку, забяспечыць мір і росквіт, і ўмацуе свае пазіцыі на міжнароднай арэне», — падкрэсліў ён.
Па словах Генеральнага сакратара ЦК нягледзячы на тое, што свет змяняецца, сяброўства В’етнама і Беларусі будзе ўмацоўвацца. Ён звярнуў увагу, што адносіны паміж краінамі развіваюцца ўжо 33 гады. «І я ўпэўнены, што мы і далей будзем умацоўваць нашы двухбаковыя адносіны. Мы з’яўляемся блізкімі сябрамі, разам развіваем нашы традыцыйныя адносіны, унутраныя рынкі», — сказаў ён.
Генеральны сакратар падкрэсліў, што ў рамках свайго візіту хацеў бы абмеркаваць пытанні, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць не толькі наладжванню двухбаковых адносін, але і ўзвядзе іх да ўзроўню стратэгічнага партнёрства.
«Мыслім аднолькавымі катэгорыямі»: аб узаемаразуменні
Перагаворы працягнуліся і ў шырокім складзе, з удзелам членаў дэлегацыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў складзе аўтарытэтнай дэлегацыі В’етнама — усё партыйнае кіраўніцтва, у тым ліку рэгіянальнае, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядучых сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі прамысловых, навуковых колаў. «Мы ўважліва сочым за развіццём В’етнама, рэформамі, якія праводзяцца, бачым поспехі, якія ажыццяўляюцца пад мудрым кіраўніцтвам Кампартыі, якая ў гэтым годзе адзначыла сваё 95-годдзе», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.
З пачуццём глыбокай павагі ён павіншаваў в’етнамскіх сяброў з 50-годдзем вызвалення і ўз’яднання краіны. Беларускі лідар нагадаў, што ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды ў горадзе Хашыміне прынялі ўдзел беларускія парламентарыі, а жаночыя асацыяцыі дзвюх краін арганізавалі фотавыставу «Прыгажосць і гераізм жанчын Беларусі і В’етнама». «Гэта ў чарговы раз пацвярджае, што мы з вамі, мыслім аднолькавымі катэгорыямі і ідзем адзіна верным шляхам захавання гістарычнай памяці. І як вы казалі гістарычная памяць, гісторыя нашых адносін у нас вельмі доўгая. Такі падыход, арыентаваны на пераемнасць пакаленняў, забяспечвае стваральнае развіццё сучаснага грамадства і прадвызначае будучыню нашых дзяржаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў 2015 годзе ў Ханоі назваў В’етнам нашым стратэгічным партнёрам. «Ён з’яўляецца нашым надзейным сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта адпавядае выбранаму намі курсу сумесна паслядоўна развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за апошнія гады Беларусі і В’етнаму ўдалося прасунуцца па многіх пытаннях. У 2025 годзе ўступіла ў сілу пагадненне аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Літаральна месяц таму ў Ханоі прайшло пасяджэнне беларуска-в’етнамскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. «Галоўная задача — актывізавацца ў эканоміцы, гандлёва-эканамічным кірунку, — пазначыў ключавую мэту беларускі лідар. — Гэта датычыцца аднаўлення рэгулярных паставак у В’етнам беларускай сельскагаспадарчай, грузавой, кар’ернай тэхнікі. Упэўнены ў перспектыўнасці сумеснай вытворчасці беларускіх трактароў і аўтамабільнай тэхнікі. Рэалізацыя сумесных навукова-тэхнічных праектаў, укаранення іх вынікаў у эканоміку, а таксама абмен найноўшымі тэхналогіямі дасць магчымасць павысіць бяспеку нашых дзяржаў».
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў 2024 годзе адносіны паміж дзвюма краінамі яшчэ больш умацаваліся за кошт развіцця народнай дыпламатыі па лініі маладзёжных, грамадскіх арганізацый, экспертных колаў, медыяструктур. Ён выказаў надзею на захаванне гэтай станоўчай дынамікі.
«Закрытых тэм няма»: аб адносінах паміж дзяржавамі
Прыярытэтнымі напрамкамі, па словах Аляксандр Лукашэнкі, застаюцца адукацыя, культура, спорт, турызм. «Яшчэ раз хачу падкрэсліць: закрытых тэм у адносінах паміж нашымі дзяржавамі даўно няма. І мы гатовыя для В’етнама рабіць усё тое, што вам трэба. Усё, што вам спадабаецца падчас вашага візіту і будучых візітаў высокіх службовых асоб і прадстаўнікоў народа вашай краіны», — запэўніў Прэзідэнт.
То Лам прызнаўся, што вельмі рады вярнуцца ў Беларусь на новай пасадзе. «В’етнам уважліва сочыць і радуецца сацыяльна-эканамічным дасягненням, якіх Беларусь дамаглася за апошні час пад вашым кіраўніцтвам», — сказаў ён. Генеральны сакратар падкрэсліў, што адносіны Беларусі і В’етнама бяруць свой пачатак яшчэ з савецкага часу, у прыватнасці з 1957 года, калі прэзідэнт Хо Шы Мін наведаў Мінск. «В’етнам памятае і ўдзячны за тую падтрымку, якую беларускі народ аказаў в’етнамскаму народу ў барацьбе за нацыянальную незалежнасць, у справе нацыянальнага будаўніцтва і развіцця», — адзначыў То Лам.
Устанаўленне стратэгічнага партнёрства — рашэнне лагічнае і заканамернае

Па выніках перагавораў быў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на умацаванне двухбаковых адносін. Ваенныя ведамствы Беларусі і В’етнама падпісалі пратакол аб намерах па ўмацаванні супрацоўніцтва ў галіне навучання ваеннаслужачых і спецыялістаў. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі і Міністэрства навукі і тэхналогій В’етнама падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавай трансфармацыі і лічбавай эканомікі. Аналагічны дакумент у сферы навукі, тэхналогій і інавацый з в’етнамскімі калегамі падпісаў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Супрацоўніцтва Беларусі і В’етнама ў галіне культуры на 2026-2028 гады будзе рэгуляваць адпаведная праграма, якую Міністэрства культуры Беларусі заключыла з Міністэрствам культуры, спорту і турызму В’етнама. Праграма супрацоўніцтва на 2025-2027 гады падпісана паміж міністэрствамі юстыцыі. Міністэрства аховы здароўя Беларусі і В’етнама прынялі Мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы фармацэўтыкі. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і радыё «Голас В’етнама». Мемарандум аб узаемаразуменні заключылі Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і В’етнамскі саюз таварыстваў дружбы.
Ключавы дакумент падпісалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і генеральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі В’етнама То Лам. Гэта сумесная заява аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі. Цырымонія падпісання і абмену тэкстамі міжнародных дакументаў адбылася пасля перагавораў на вышэйшым узроўні.
У прысутнасці журналістаў і членаў дэлегацый ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў То Лама ордэнам Дружбы народаў. Гэтай узнагароды То Лам удастоены за значны ўклад у развіццё і ўмацаванне дружалюбных адносін, стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і В’етнамам. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ўзнагароджанне То Лама вышэйшай узнагародай, якой ушаноўваюць замежных сяброў — не «пратакольная рэч». «Гэта ўзнагарода за той вялікі ўклад, які ўнёс цяперашні генеральны сакратар у справу ўмацавання нашага супрацоўніцтва, — заявіў ён. — Дзякуючы яму мы выратавалі нашы адносіны — Беларусі і В’етнама і выводзім нашы адносіны на самы высокі ўзровень. Я ўпэўнены, што з гэтым чалавекам мы зробім вельмі шмат для таго, каб падмурак нашых адносін ніхто не змог не тое што разбурыць, але нават дакрануцца да яго»
Аляксандр Лукашэнка назваў гэты візіт Генеральнага сакратара ЦК гістарычным у плане ўзмацнення адносін Беларусі і В’етнама. І распавёў, якія дамоўленасці былі дасягнутыя.
«Без усялякага перабольшання новай вяхой у адносінах дзвюх краін стала прыняцце сумеснай заявы аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і В’етнамам. Рашэнне для нас цалкам лагічнае, заканамернае і наспелае. В’етнам — адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, і ў аснове нашага супрацоўніцтва ляжыць шчырае сяброўства і падтрымка. Строга прытрымліваючыся гэтых прынцыпаў, мы ўпэўнена працягваем рух наперад і нацэлены на якаснае і доўгатэрміновае ўзаемадзеянне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падчас перагавораў самую сур’ёзную ўвагу надалі прамысловасці, перш за ўсё машынабудаванню. Па яго словах, меркаванні тут цалкам супадаюць: неабходна аднавіць рэгулярныя пастаўкі в’етнамскім спажыўцам беларускай кар’ернай тэхнікі, грузавікоў і, вядома, легендарных для В’етнама трактароў «Беларус». Прэзідэнт расказаў, што бакі дамовіліся максімальна паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнні на пляцоўцы нашых сяброў зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў, а таксама тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода, у тым ліку для паставак у іншыя краіны рэгіёна. Сельская гаспадарка і пастаўкі прадуктаў харчавання — традыцыйна сярод галоўных пытанняў парадку дня. «Таксама прынялі рашэнне актывізаваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы і правесці ў 2025 годзе чарговае пасяджэнне сумеснай беларуска-в’етнамскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Дарэчы, на гэтае пытанне асаблівую ўвагу звярнуў і генеральны сакратар ЦК. «Пытанне забеспячэння тэхналагічнай бяспекі і суверэнітэту з’яўляецца стратэгічна важным для ўсіх без выключэння дзяржаў, і працяглыя перапынкі ў працы гэтай камісіі з улікам імкліва ўзрастаючых тэмпаў развіцця навукі і тэхнікі сёння проста непрымальныя», — працягнуў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка распавёў пра дамоўленасць больш шчыльна працаваць у сферы адукацыі. Дамовіліся асаблівую ўвагу надаць пытанню падрыхтоўкі в’етнамскіх вучоных на базе беларускіх навуковых устаноў.
«Важны, актуальны і своечасовы»: аб візіце в’етнамскай дэлегацыі
Закранулі таксама прамыя сувязі паміж рэгіёнамі дзвюх краін. «Тут у нас вельмі вялікі нерэалізаваны патэнцыял. Упэўнены, што паспяхова праведзеная ў В’етнаме адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа дасць новы імпульс міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню, узбагаціць супрацоўніцтва новымі ідэямі і праектамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ёсць прыкметны прагрэс ва ўмацаванні двухбаковых гуманітарных сувязяў.
Беларускі лідар нагадаў, што з 30 студзеня 2025 года паміж нашымі краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым. Ён зрабіў акцэнт на тым, што наспела пытанне хутчэйшага адкрыцця прамых авіязносін паміж Беларуссю і В’етнамам. «І як сказаў Генеральны сакратар, нашы людзі пачынаюць інтэнсіўна мець зносіны, а таксама бізнесмены. Увёўшы рэйсы авіязносін, мы інтэнсіфікуем гэты працэс», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што і правядзенне дзён Ханоя ў Мінску, якія стартуюць сёння, будзе садзейнічаць умацаванню беларуска-в’етнамскаму сяброўству, гуманітарных і культурных сувязей паміж народамі.
«Яшчэ раз хачу падзякаваць таварышу Генеральнаму сакратару Цэнтральнага камітэта Кампартыі В’етнама за грунтоўную і прадметную размову, за яго нязменную падтрымку і асабістую ўцягнутасць у работу па ўсебаковым развіцці беларуска-в’етнамскага супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Але, зрабіў акцэнт, ён на гэтым праца не заканчваецца. У дэлегацыі В’етнама на панядзелак запланавана каля дзесяці двухбаковых сустрэч на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні рэалізацыі ўсіх дамоўленасцей.
«У бліжэйшай перспектыве мы дапрацуем план нашых сумесных дзеянняў на бліжэйшыя тры і больш гадоў — „дарожную карту“ па далейшым развіцці нашага супрацоўніцтва і падпішам яе ў ходзе чарговай сустрэчы на вышэйшым узроўні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама падзякаваў То Ламу за запрашэнне наведаць В’етнам. «Абяцаю, што ў найбліжэйшы час мы з вамі сустрэнемся ў вас на Радзіме і зможам пачатак сённяшніх пагадненняў і дамоўленасцей у нечым рэалізаваць. Мне здаецца, мы напрацуем яшчэ шэраг прынцыповых канкрэтных пагадненняў і падпішам ужо ў вашай сталіцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён яшчэ раз падзякаваў То Ламу за візіт у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён быў вельмі важным і актуальным. А самае галоўнае, своечасовым«.
«У нас ёсць добрыя магчымасці»: аб двухбаковым супрацоўніцтве
То Лам расказаў журналістам, што мае мэтай сумеснымі намаганнямі вывесці адносіны дзвюх краін на новыя вышыні. Перагаворы з беларускім лідарам ён назваў вельмі паспяховымі. Генеральны сакратар звярнуў увагу, што трывалую аснову для далейшага ўзаемадзеяння Беларусі і В’етнама стварае падпісаная Заява аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства. «Пакуль свет развіваецца складана, у нас з вамі ёсць добрыя магчымасці», — падкрэсліў ён.
То Лам пералічыў, якія сферы прадстаўляюць найбольшую ўзаемную цікавасць і на якіх напрамках засяродзяцца бакі. Сярод іх — пашырэнне палітычных і дыпламатычных кантактаў, абмен дэлегацыямі на ўсіх узроўнях па лініі партыі, дзяржавы, урада, стварэнне ўмоў для зносін паміж людзьмі, павышэнне эфектыўнасці існуючых механізмаў супрацоўніцтва і стварэнне новых.
То Лам расказаў таксама аб дамоўленасцях актывізаваць сувязі ў абароне і забеспячэнні бяспекі. Тут гаворка ішла як пра традыцыйныя напрамкі, напрыклад, абаронную прамысловасць, ваенную медыцыну, падрыхтоўку кадраў, так і пра тыя, развіццё якіх запатрабавана часам — інфармацыйная бяспека і кібербяспека.
Дасягнута дамоўленасць аб больш поўнай рэалізацыі патэнцыялу і пераваг пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж В’етнамам і ЕАЭС. «Будзем ствараць умовы, каб бізнесмены вывучалі рынак, удзельнічалі ў вытворчым і дзелавым супрацоўніцтве», — сказаў То Лам.
Таксама ўзаемную цікавасць прадстаўляюць такія сферы як лічбавая эканоміка і лічбавая трансфармацыя, сельская гаспадарка, прамысловасць, энергетыка, выкарыстанне ядзернай энергетыкі ў мірных мэтах, транспарт і лагістыка, банкаўская справа. То Лам заявіў пра гатоўнасць В’етнама выступіць мостам для развіцця супрацоўніцтва паміж АСЕАН і Беларуссю.
Зносіны Аляксандра Лукашэнкі і То Лама працягнуліся і падчас афіцыйнага абеду ад імя Прэзідэнта Беларусі. А затым па добрай традыцыі Генеральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі В’етнама пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.
У тэму
Ад прадуктаў харчавання да трактароў — чым Беларусь можа быць карыснай
Перагаворы дзеля перагавораў — гэта не беларускі сцэнарый. Не сакрэт, што Прэзідэнт патрабуе ад адказных асоб канкрэтных дзеянняў у рэалізацыі дамоўленасцяў з замежнымі партнёрамі. Таму ўсё, аб чым у панядзелак дамовіліся беларускі і в’етнамскі бакі, не застанецца на паперы. Тым больш што мэту супрацоўніцтва з В’етнамам Аляксандр Лукашэнка агучыў зразумелую і канкрэтную — актывізавацца ў эканоміцы. Даведаліся ў профільных міністраў, якім чынам яна будзе дасягнута.
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што склад в’етнамскай дэлегацыі сведчыць: краіна зацікаўлена абмеркаваць з беларускімі партнёрамі ўсе кірункі супрацоўніцтва і прыняць сур’ёзныя рашэнні на вышэйшым узроўні.
«Для нас вельмі важным з’яўляецца падпісанне сумеснай заявы лідараў нашых краін аб вывадзе супрацоўніцтва на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Гэта дае дадатковыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. Гэта самы вялікі сігнал усім арганізацыям, кампаніям, міністэрствам В’етнама аб тым, што Беларусь з’яўляецца стратэгічным партнёрам, што з намі не толькі можна, але і трэба развіваць адносіны і ставіцца пры развіцці гэтых адносін да нас як да стратэгічнага партнёра», — растлумачыў міністр.
Па яго словах, удасканаленню адносін Беларусі і В’етнама садзейнічаюць і гістарычныя сувязі, і падобная культурная ментальнасць. «Мы крыху ў розных полюсах, але стаўленне да жыцця, працавітасць, выпрацаваныя за доўгія гады пад акупацыяй, альбо барацьба за сваю незалежнасць, пачуццё важнасці міру, стваральнай працы, міралюбнай знешняй палітыкі нас збліжаюць», — дадаў Максім Рыжанкоў.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў расказаў журналістам, што Беларусь пастаўляе ў В’етнам малочную прадукцыю, сухія малочныя прадукты, вялікім попытам карыстаецца цэльнае малако, спакаванае ў тэтрапак. Падчас візіту беларускіх спецыялістаў у В’етнам былі дасягнуты дамоўленасці па пастаўках ялавічыны на рынак В’етнама. «Пройдзены доўгі шлях, в’етнамскі бок ужо пацвердзіў нашай краіне ветэрынарныя сертыфікаты, па якіх мы будзем пастаўляць сваю прадукцыю. Засталося ўдакладніць пэўныя дакументы, і ў найбліжэйшы час мы зможам пастаўляць на рынак В’етнама ялавічыну», — расказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. Аналагічная работа праводзіцца для атрымання ветэрынарных сертыфікатаў для паставак свініны і мяса птушкі. У цэлым, па словах міністра, усе харчовыя прадукты, што вырабляюцца ў Беларусі, могуць экспартавацца ў В’етнам. У сваю чаргу Беларусь закупляе ў В’етнама рыс, морапрадукты, садавіну.
А паколькі імпарт харчовых тавараў пакуль перавышае экспарт, яшчэ ёсць вялікі рэзерв для таго, каб павялічыць пастаўкі нашай прадукцыі на рынак В’етнама.
Што тычыцца прамысловасці, то адным з наступных праектаў па арганізацыі сумеснай вытворчасці разглядаецца выраб у В’етнаме трактароў. Пра гэта журналістам расказаў міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў. «Пачынаем праект з магутнага раду 50 конскіх сіл. І ў далейшым праект патэнцыяльна можа быць пашыраны да любых мадэляў, мадыфікацый, якія ёсць у лінейцы нашага трактарнага завода», — расказаў міністр.
Па яго словах, супрацоўніцтва з В’етнамам — гэта важны элемент стратэгіі па дыверсіфікацыі беларускага экспарту. Шэраг праектаў завязаны не проста на пастаўку гатовай прадукцыі, але і на арганізацыю зборачных вытворчасцяў у В’етнаме. В’етнамскія зборачныя вытворчасці нацэльваюцца на экспарт у трэція дзяржавы. Як паспяховы прыклад Аляксандр Яфімаў прывёў вытворчасць грузавой тэхнікі розных мадэляў. Па яго словах, тут добрыя перспектывы.
«Для нас традыцыйным кірункам экспартных паставак, вядома ж, з’яўляецца пастаўка трактарнай прадукцыі, прычым у комплексе з тэхналогіямі, якія прымяняюцца з нашымі трактарамі. Гэта навясныя і прычапныя рабочыя органы. Дэлегацыя В’етнама будзе наведваць Мінскі трактарны завод, дзе зможа пераканацца ў вялікім мадэльным шэрагу не толькі трактароў як канчатковага прадукту, але і ўсяго шлейфа тэхнічнага абсталявання. Наша перавага ў тым, што мы не проста ўваходзім з продажамі, але ідзём на лакалізацыю вытворчасці ўнутры дзяржавы, на навучанне персаналу як вытворчага, так і сэрвісных спецыялістаў. Мы разумеем важнасць задачы якаснага абслугоўвання нашай прадукцыі, таму што ў наступным ад гэтага шмат у чым будзе залежаць поспех далейшых экспартных паставак», — падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.