Top.Mail.Ru

Сур’ёзная траўма не перашкодзiла лётчыцы Галiне Дакутовiч змагацца з ворагам

У адной з вiтрын пятай залы Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, якая раскрывае тэму карэннага пералому ў ходзе Другой сусветнай, увагу прыцягвае сшытак, дзе прыгожым, роўным почыркам занатаваны подзвiгi аднаго воiнскага падраздзялення, раскрываецца гiсторыя лёсу маладой дзяўчыны. Гэта дзённiк з франтавымi запiсамi штурмана самалёта 46-га гвардзейскага Таманскага авiяцыйнага палка Галiны Iванаўны Дакутовiч.


«Буду папраўляцца на вайне»

Лейтэнант Дакутовiч — ураджэнка Гомеля. Яшчэ да вайны яна скончыла Гомельскi аэраклуб. З адзнакай здала ўсе iспыты i паступiла ў Маскоўскi авiяцыйны iнстытут. Пачалася Вялiкая Айчынная вайна — i Галiне, як i многiм, прыйшлося адкласцi навучанне i прымяняць атрыманыя веды на практыцы.

У 1941 годзе разам са сваёй школьнай сяброўкай Палiнай Гельман яна добраахвотнiкам сыходзiць на фронт, паступае ў Энгельскую авiяцыйную школу. На той момант там вучылiся дзяўчаты, якiя ў вынiку ўвайшлi ў створаны 46-ты гвардзейскi начны бамбардзiровачны авiяполк. Галiна i Палiна папоўнiлi шэрагi тых самых «начных ведзьмаў», як iх называлi, сталi часткай «нецалаванага палка».

— Галiна Дакутовiч здзейснiла звыш 120 баявых вылетаў, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнiк Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Ганна Лукашэвiч. — Лётчыца была закаханая ў неба i нават пiсала ў сваiм дзённiку, што ў яе «авiяцыйная хвароба». Настолькi моцнай была прага да палётаў.

Аднойчы ў стомленай пасля палёту Галiны не хапiла сiл дайсцi да ўкрыцця, i яна лягла адпачыць адразу ж на лётным полi, у траве. Трава была высокая, а таму дзяўчыну не заўважыў кiроўца бензавоза, якi спяшаўся на старт. Машына пераехала Галiну. Са шматлiкiмi траўмамi лётчыцу эвакуiравалi ў тыл. У лейтэнанта Дакутовiч былi паламаны рэбры, пашкоджаны пазваночнiк.

— Галiна доўгi час знаходзiлася ў шпiталi, дзе ў сваiм дзённiку пiсала, як ёй сорамна, што яна не можа дапамагчы баявым таварышам, — заўважае Ганна Лукашэвiч. — Яна мужна вытрымала ўсе балючыя аперацыi i марыла вярнуцца на фронт.

Дарэчы, лётчыца была творчым чалавекам. У палку Галiна Дакутовiч рэдагавала часопiсы, газеты, пiсала для iх апавяданнi. Таму нiкога не здзiвiла тое, што яна вяла дзённiк.

«24.09.1942 г. Ашхабад амаль еўрапейскi горад, — пiсала яна ў сваiм дзённiку. — Ляжу ў шпiталi ўжо больш за месяц, i калi ўсё скончыцца, не ведаю. Прачытала яшчэ раз Паўку Карчагiна... А ўчора я не вытрымала. Заплакала. Ад чаго? Ад болю! Мне сорамна, сорамна за сваю нявытрыманасць, за гэту слабасць, за тое, што не здолела схаваць яе».

У гэтай мужнай дзяўчыны атрымалася даказаць урачам, што яна можа працягваць змагацца з ворагам. Нягледзячы на свае траўмы, Галiна паказала iм гiмнастычны масток. Медыкi адпусцiлi яе ў полк, але выдалi пасведчанне, у якiм было сказана, што лейтэнант Дакутовiч павiнна адпачываць каля паўгода. Галiна схавала пасведчанне ў кiшэню i цвёрда вырашыла, што будзе змагацца з ворагам.

Гэтыя яе словы засведчаны ў дзённiку: «Свой шасцiмесячны адпачынак паклала ў кiшэню. Буду папраўляцца на вайне».

Дачка ў гонар сяброўкi

Парушыўшы прадпiсаннi ўрачоў, у снежнi 1942 года Галiна Дакутовiч вярнулася на фронт. Дзяўчыну прызначылi штурманам палка.

Але ад лёсу не ўцячэш... Летам 1943 года савецкiя войскi перайшлi ў контрнаступленне, рушылi на Арол i Белгарад. Упорныя баi iшлi i на зямлi, i ў паветры. Да таго часу Галiна Дакутовiч здзейснiла звыш 120 баявых вылетаў. У ноч на 1 жнiўня 1943 года, пры вызваленi Наварасiйска, загiнулi чатыры экiпажы 46-га гвардзейскага Таманскага авiяцыйнага палка. У адным з iх была i Галiна…

Толькi пасля яе гiбелi таварышы прачыталi ў дзённiку, якi боль iх баявая сяброўка кожны раз адчувала, калi ўзнiмалася ў неба. Менавiта аднапалчане перадалi ў Беларускi дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны дзённiк лейтэнанта Дакутовiч як напамiн аб подзвiгу сцiплай, але вельмi мужнай лётчыцы. Мацi дзяўчыны аддала сюды на захоўванне лiсты, атрыманыя ад дачкi з фронту.

— Страшную навiну аб тым, што штурман Дакутовiч гераiчна загiнула, мацi Галiны паведамiла сяброўка лётчыцы, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнiк музея. — Палiна Гельман паабяцала жанчыне, што калi народзiць дачку, то назаве яе ў гонар сваёй сяброўкi. I сваё абяцанне стрымала. Пасля вайны Палiна Гельман была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза i нарадзiла дачку, якую назвала Галiнай.

Фота Вiктара IВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю