Top.Mail.Ru
116

Супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС павіншавалі з 90-годдзем былога начальніка пашпартна-візавай службы

Напярэдадні Дня беларускай міліцыі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС сумесна са старшынёй ветэранскай арганізацыі наведалі юбіляра — маёра міліцыі ў адстаўцы Фёдара Мікалаевіча Афанасьева. 



З нагоды 90-годдзя былога начальніка пашпартна-візавай службы Цэнтральнага раёна павіншавалі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Арцём Кавалёў і старшыня ветэранскай арганізацыі Цэнтральнага РУУС Юрый Мяцельскі. Супрацоўнікі ўнутраных спраў пажадалі імянінніку моцнага здароўя і жыццёвай энергіі, а таксама ўручылі каштоўныя падарункі.

За кубкам гарбаты Фёдар Мікалаевіч падзяліўся ўспамінамі аб сваёй 30-гадовай службе. Свой шлях у міліцыі ён пачаў у 1959 годзе — пасля службы ў Савецкай арміі быў прызначаны інспектарам ДАІ Цэнтральнага РУУС.

«Аўтамабіляў у службе тады не было, таму неслі службу ў пешым парадку ці на матацыкле, — успамінае ветэран. — Нават зімой ездзілі на матацыкле, калі тэрмометр паказваў мінус 30 °C. Зімы раней заўсёды былі лютыя, і несці службу было нялёгка».

Пасля заканчэння Мінскага аддзялення факультэта завочнага навучання Вышэйшай школы МУС СССР Фёдар Мікалаевіч быў пераведзены ў пашпартна-візавую службу. Дзякуючы стараннасці і добрасумленнасці неўзабаве ён быў прызначаны на пасаду начальніка падраздзялення. У 1989-м, аддаўшы міліцыі 30 гадоў службы, пайшоў у адстаўку. Яшчэ пяць гадоў пасля выхаду на пенсію Фёдар Мікалаевіч адпрацаваў на кіруючай пасадзе ў Беларускай транспартнай пракуратуры.

Сёння Фёдар Афанасьеў — актыўны член пярвічнай ветэранскай арганізацыі Цэнтральнага РУУС: ён шчодра дзеліцца вопытам і ведамі з маладымі супрацоўнікамі.

«За гады службы і далейшай грамадзянскай работы прызвычаіўся да пастаянных клопатаў і руху, — дзеліцца ветэран. — Не магу сядзець без справы. Чакаю цёплага сезона, каб разам з жонкай вырошчваць агародніну і хадзіць у лазню на сваім лецішчы».

Характэрна, што на лецішча Фёдар Мікалаевіч ездзіць на ўласным аўтамабілі і да гэтага часу кіруе ім самастойна.

Напрыканцы сустрэчы юбіляр падзякаваў гасцям за цёплыя віншаванні, увагу і клопат з боку супрацоўнікаў міліцыі і пажадаў ім лёгкай службы.

Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Цэнтральнага РУУС


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю