Гэтым разам галоўную афіцыйную пляцоўку краіны наведалі супрацоўнікі агенцтва «Мінск-Навіны». У ліку гасцей — генеральны дырэктар, яго намеснікі, галоўныя рэдактары, карэспандэнты, SMM-спецыялісты і не толькі. Таксама на экскурсію ў Палац Незалежнасці 8 красавіка прыехалі супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта.
Дарэчы, рэзідэнцыя Прэзідэнта, якая ніколі не пазіцыянавалася як нейкі адасоблены аб’ект, з’яўляецца часткай мінскага патрыятычнага квартала, дзе размяшчаюцца таксама стэла «Мінск — горад-герой», Музей Вялікай Айчыннай вайны, Парк Перамогі, Вярхоўны Суд, а неўзабаве яго дапоўніць новы Нацыянальны гістарычны музей і Парк народнага адзінства.
Чакаць у чарзе на наведванне рэзідэнцыі Прэзідэнта прыходзіцца даволі працяглы час. Аднак да гэтага ўсе госці ставяцца з разуменнем, бо ведаюць, што тут рэгулярна праходзяць самыя статусныя мерапрыемствы.
Генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй КРЫВАШЭЕЎ расказаў, што для работнікаў іх агенцтва Палац Незалежнасці — знакавае месца: «Гэта адзін з сімвалаў беларускага суверэнітэту. Тут праходзілі найважнейшыя палітычныя падзеі, у тым ліку тыя, у якіх я асабіста браў удзел як журналіст. Акрамя таго, тут прымаюцца найважнейшыя рашэнні не толькі для горада Мінска, але і для ўсёй рэспублікі. Думаю, што для калег-журналістаў пабываць тут — вялікі падарунак», — заўважыў Андрэй Яўгенавіч.
Журналіст агенцтва «Мінск-Навіны» Ангеліна АНАНІЧ наведала Палац Незалежнасці ўпершыню. Для дзяўчыны стала прыемным адкрыццём, што рэзідэнцыя Прэзідэнта — не толькі велічнае і статуснае месца, але адначасова і ўтульнае, тут яскрава прасочваецца дух беларусаў: «Сапраўды, некаторы час прыйшлося пачакаць перад тым, каб наведаць галоўную пляцоўку краіны. Мы з захапленнем з калегамі сёння прыехалі ў палац і засталіся вельмі ўражаны маштабам, прыгажосцю. Рада, што ўбачыла яго на свае вочы. Гэтая экскурсія дакладна запомніцца нам надоўга», — адзначыла яна.
фота аўтара