Нюансы, звязаныя з дадатковай працай, патлумачылі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БелТА.
У Мінпрацы растлумачылі, што існуе тры віды дадатковай працы. Першы — гэта сумяшчэнне пасад служачых (прафесій рабочых) або праца па іншай вакантнай прафесіі/пасадзе. Напрыклад, калі муляру даручаюць абавязкі абліцоўшчыка.
Яшчэ адным відам з’яўляецца пашырэнне зон абслугоўвання (павелічэнне аб’ёму працы) або праца па такой жа вакантнай прафесіі/пасадзе. Напрыклад, бухгалтару павялічваюць аб’ём працы (вядзенне іншага бухгалтарскага ўчастка). Таксама сярод відаў дадатковай працы — выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка або праца як па іншай, так і па такой жа прафесіі/пасадзе. Гэты від дадатковай працы выкарыстоўваецца пры часовай адсутнасці іншага работніка (напрыклад, на перыяд працоўнага водпуску).
У ведамстве звярнулі ўвагу на тое, што ўсе віды дадатковай працы выконваюцца разам з працай, вызначанай працоўным дагаворам (службовай/рабочай інструкцыяй), на працягу ўстаноўленай работніку працягласці працоўнага дня.
Акрамя таго, да дадатковай працы абавязкова устанаўліваецца даплата. Памер даплаты ўстанаўліваецца наймальнікам па пагадненні з работнікам. Аднак для работнікаў бюджэтных арганізацый памер даплаты вызначаны пастановай урада.
Для афармлення ўсіх відаў дадатковай працы неабходныя пісьмовая згода работніка і выданне загаду (распараджэння) наймальніка з указаннем тэрміну, на працягу якога работнік будзе выконваць дадатковую працу, і памеру даплаты. Дадатковае пагадненне да працоўнага дагавора (кантракта) не заключаецца.
Важна, што ад выканання дадатковай працы можна адмовіцца ў любы момант. Работнік мае права датэрмінова адмовіцца ад выканання дадатковай працы, а наймальнік — датэрмінова адмяніць даручэнне аб яе выкананні, пісьмова папярэдзіўшы пра гэта другі бок.