Працяглае знаходжанне ў памяшканні з недастатковай вільготнасцю паветра можа прывесці да адчування сухасці ў насаглотцы, рэзі ў вачах, зніжэння працаздольнасці і ўвагі, а таксама да абвастрэння хранічных захворванняў. Расказваем, як арганізаваць правільны мікраклімат дома
Узімку гарачыя батарэі робяць паветра ў кватэры больш сухім. У такіх умовах слізістыя абалонкі ў арганізме перасыхаюць значна хутчэй, правакуючы сухасць у насаглотцы, можа развіцца сіндром сухога вока, абвастраюцца скурныя захворванні і алергія, зніжаецца мясцовы імунітэт, з-за чаго заразіцца інфекцыйна-віруснымі захворваннямі значна прасцей, бо парушаецца механізм самаачышчэння дыхальных шляхоў, з-за чаго вірусы, бактэрыі і алергены даўжэй кантактуюць з тканкамі. Асабліва ўразлівыя пры гэтым дзеці, пажылыя людзі, а таксама хворыя на астму, алергічны рыніт і захворванні лёгкіх. Што рабіць у такім выпадку?
Нармальным паказчыкам вільготнасці ў перыяд халадоў у ацяпляльны сезон з’яўляецца 30–45 % (максімальна 60 %). (Пры гэтым узровень вільготнасці на кухні і ў санвузле не нарміруецца, паколькі паказчыкі там вышэйшыя па натуральных прычынах.) У перыяд ацяплення памяшканняў вільготнасць паветра падае да 20 % і ніжэй.
Вымераць узровень вільготнасці можна спецыяльным прыборам — гігрометрам. Калі яго няма, то можна скарыстацца наступнымі лайфхакамі (зразумела, што яны не надта дакладныя, і ўсё ж...).
Напоўніце шклянку вадой напалову і астудзіце ў халадзільніку прыкладна да 3–5 градусаў, а затым пакіньце яе ў пакоі далей ад батарэі на пяць хвілін. Калі сценкі хутка запацелі і высахлі — паветра сухое. Засталіся мокрымі даўжэй — вільготнасць у норме. Па шкле пацяклі «раўчукі» — вільготнасць павышаная.
Праверыць узровень вільготнасці можна і з дапамогай сарванай з дрэва яловай шышкі з крыху раскрытымі лускавінкамі. Пакладзіце яе на ноч далей ад ацяпляльных прыбораў. А раніцай звярніце ўвагу на лускавінкі: калі яны раскрыюцца, то гэта значыць, што паветра сушэй за норму, а калі шчыльна закрыюцца — вільгаці шмат.
Як павысіць вільготнасць у кватэры?
Спецыялісты рэкамендуюць:
-
часцей праветрываць пакоі (аднак гэта не заўсёды дапамагае, бо марознае паветра з вуліцы ўтрымлівае мала вільгаці). Кароткае, але інтэнсіўнае праветрыванне лепш, чым акно на мікраправетрыванні ўвесь дзень;
-
пасля душа пакідаць дзверы ў ванную адчыненымі, каб пара выходзіла і насычала іншыя пакоі вільгаццю; сушыць бялізну пасля мыцця ў пакоі, а не на балконе;
-
некалькі разоў на тыдзень рабіць вільготную прыборку кватэры;
-
развесці дома пакаёвыя вільгацелюбівыя расліны (напрыклад, традэсканцыю, спацыфілум, цыперус), якія трэба часта апырскваць ці паліваць;
-
набыць увільгатняльнік паветра (пры пакупцы прылады ўлічвайце плошчу памяшкання: калі яна не перавышае 20 кв. м, дастаткова ёмістасці на 1 л);
-
раскласці ў пакоях гідрагелевыя шарыкі. Гідрагель — гэта палімер з высокімі ўсмоктвальнымі ўласцівасцямі. Ён здольны паглынаць ваду ў 100–200 разоў больш за ўласную вагу. Пад уздзеяннем вільгаці гранулы спачатку набрыньваюць, а потым пачынаюць павольна аддаваць яе паветру;
-
купіць акварыум, паставіць настольны фантан ці расставіць ёмістасці з вадой на падаконніках або побач з батарэямі;
-
некалькі разоў на дзень распыляць ваду ў пакоях з пульверызатара (каб пакой напоўніўся не толькі вільгаццю, але і прыемным водарам, дадайце ў ваду пару кропель любімага эфірнага алею);
-
для змяншэння негатыўнага ўздзеяння сухога паветра на скуру можна прымяняць эмаленты (спецыяльныя крэмы, якія ствараюць на паверхні скуры бар’ер, што затрымлівае вільгаць і аказвае ахоўнае дзеянне).