Top.Mail.Ru

Судзейскі корпус краіны папоўніўся надзейнымі і перспектыўнымі маладымі кадрамі

У беларускай Феміды — жаночы твар. Гэта адзначыў старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй ШВЕД на ўрачыстай цырымоніі прывядзення да прысягі маладых суддзяў агульнай юрысдыкцыі, упершыню прызначаных на адказную пасаду. Дарэчы, з 14 новых прадстаўнікоў судзейскага корпуса 13 — маладыя жанчыны. Менавіта з гэтага моманту яны атрымліваюць права ажыццяўляць правасуддзе і насіць судзейскую мантыю.


У якасці ганаровых гасцей на цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры і іншых устаноў, суддзі Вярхоўнага Суда ў адстаўцы.

Кожны з маладых суддзяў выходзіў да трыбуны і прамаўляў словы клятвы, пасля чаго атрымліваў службовае пасведчанне, судзейскую мантыю і Кодэкс гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. Уступаючы на пасаду, суддзя суда агульнай юрысдыкцыі ўрачыста клянецца перад народам краіны добрасумленна выконваць свае абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, кіруючыся толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, быць бесстароннім і справядлівым, як загадвае абавязак суддзі.

Як адзначыў Андрэй Швед, пасада суддзі — вяршыня кар’еры любога юрыста, любога правазнаўца, гэта вяршыня не толькі праваахоўнай сістэмы, але ў цэлым па многіх пытаннях і дзяржаўнай улады:
— З сённяшняга дня вы будзеце вяршыць правасуддзе ад імя беларускай дзяржавы. Людзі будуць суадносіць вас са справядлівасцю, законам, парадкам у цэлым, ацэньваючы вашу працу як працу ўсіх дзяржаўных інстытутаў.

У суддзяў, якія прынеслі прысягу, сёння адказны, знакавы момант у жыцці, падкрэсліў Андрэй Швед. Звяртаючыся да кіраўнікоў ніжэйшых судоў, ён падкрэсліў, што моладзь цяпер у вашых руках, ёй важна дапамагаць і падказваць. А маладым суддзям пажадаў мэтанакіраванасці і жадання пастаяннага самаўдасканалення:

— Пасада суддзі вельмі нялёгкая, гэта асаблівы шлях. Трэба пастаянна ўдасканальвацца, кожны дзень асвойваць вялізнае мора заканадаўства, разбірацца ў ім, разумець яго. Таму не лянуйцеся, працуйце над сабой. Асабліва ў першыя гады, ды і ў далейшым звяртайцеся пры неабходнасці да старэйшых калег. Трэба разумець, што перш чым прыняць рашэнне, у гэтым рашэнні неабходна быць абсалютна, на сто працэнтаў упэўненым.

Андрэй Іванавіч нагадаў, што суддзі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Асабліва ў жыхароў невялікіх гарадоў, раённых цэнтраў. Ды і ў сталіцы грамадзяне заўсёды звяртаюць увагу на суддзяў.
— Вы, магчыма, не будзеце ведаць усіх жыхароў раёна, але яны дакладна будуць ведаць вас. Кожны дзень, не толькі ў працоўны час, а і ў выхадныя яны будуць глядзець на вас. Памятайце гэта, — прагучаў наказ старшыні Вярхоўнага Суда маладым калегам.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольга ЧУПРЫС упэўнена, што гэты дзень запомніцца маладым суддзям на ўсё жыццё. Яны ўжо прайшлі пэўныя выпрабаванні і пацвердзілі цвёрдасць сваіх намераў. Вольга Іванаўна павіншавала маладых суддзяў з урачыстай падзеяй і пажадала ім з гонарам несці высокае званне суддзі.

Сяргей РУЧАНАЎ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю