Пракуратура Івацэвіцкага раёна падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе аб п’яным ДТЗ з пацярпелым, паведамляе БелТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Фігурантам стаў 32-гадовы мужчына. Ён 29 мая ў стане алкагольнага ап’янення без шлема ехаў на сваім матацыкле, які не быў зарэгістраваны і не прайшоў тэхагляд. Пры гэтым пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі ў яго не было. Апроч іншага, абвінавачаны перавозіў п’янага пасажыра, у якога таксама адсутнічаў моташлем. На пад’ездзе да скрыжавання мужчына не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет, а затым уляцеў у дрэва. У ДТЗ пасажыр атрымаў сур’ёзныя траўмы.
«Пацярпелы праз шэсць месяцаў пасля здарэння не змог аднавіцца і адчувае болі пры перамяшчэнні. Яго маці, якая ўжо дасягнула пенсіённага ўзросту, была вымушана працаўладкавацца, каб дапамагаць з лячэннем, — звярнулі ўвагу ў пракуратуры. — Абвінавачаны віну не прызнаў, спасылаючыся, што праз стан ап’янення не памятае дэталі здарэння».
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў кіроўцу вінаватым паводле ч. 4 арт. 317 КК. Яго прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну на восем гадоў пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
Прыгавор не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.