Просьбы расказаць аб сваіх праблемах, прапановы накіраваць свае пытанні службовым асобам, аператыўныя звесткі аб рабоце дэпутатаў, сустрэчах з замежнымі калегамі — усім гэтым напоўненыя сацыяльныя сеткі Паўла Папко, члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў. Народныя выбраннікі сцвярджаюць, што праца з насельніцтвам для іх — прыярытэт. Дык чаму б не выкарыстоўваць у гэтай справе і інтэрнэт-рэсурсы?
Вядома, калі віртуальны клопат аб сваёй акрузе не замяняе рэальны. Павел Папко як дэпутат адказвае за Баранавіцкую-Усходнюю акругу № 6. У інтэрв’ю «Звяздзе» ён расказаў, як поруч з работай над законапраектамі і актыўнай міжнароднай дзейнасцю можна эфектыўна працаваць з выбаршчыкамі.
— Павел Іванавіч, вы вельмі актыўны ў сацыяльных сетках. Як гэта дапамагае ў рабоце з выбаршчыкамі?
— Найперш сацыяльныя сеткі дапамагаюць быць бліжэй да людзей. З іх дапамогай людзі разумеюць, што дэпутаты — гэта не тыя, хто ў Авальнай зале націскае на кнопкі і прымае законы. Сацыяльныя сеткі паказваюць, што дэпутаты — гэта людзі, якія жывуць звычайным жыццём, якія ведаюць, што хвалюе народ, і стараюцца дапамагчы вырашыць праблемы. Рэгламент работы дэпутата Палаты прадстаўнікоў — у месяц тры тыдні ў Мінску і тыдзень у акрузе. І хоць у акругу прыходзіцца ездзіць часцей, часу, каб паслухаць выбаршчыкаў, паглыбіцца ў іх праблемы, хапае не заўсёды. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць вырашыць гэту праблему. Гэта першае. Другое. Вывучаючы кожны законапраект, неабходна пачуць максімальную колькасць меркаванняў і, самае галоўнае, збалансаваць іх. Грамадства сёння вельмі палярызаванае, меркаванні раздзяляюцца на белае і чорнае, шэрага чамусьці няма. І з дапамогай сацыяльных сетак прасцей апытаць людзей; даведацца, як ім дапаможа новы законапраект, ці не нашкодзіць ён, бо для дэпутатаў самае галоўнае — палепшыць якасць жыцця людзей. Менавіта па гэтай прычыне ў маіх акаўнтах адкрыты каментарыі — для таго каб пачуць максімальную колькасць меркаванняў. І цікавы факт — дзве трэці зваротаў грамадзян паступае менавіта праз сацыяльныя сеткі. Людзі ведаюць, што я адкрыты да камунікацыі, заўжды на сувязі, і ў любы момант мне могуць напісаць тыя пытанні, якія хвалююць іх. Гэта зручна і мне, і грамадзянам.
— Якія пытанні найбольш хвалююць людзей у вашай акрузе?
— Напэўна, як і ўсюды, пытанні камунальнага характару. Але іх вельмі хутка вырашаюць мясцовыя ўлады. У Баранавічах надта прагрэсіўны мэр, адкрыты, мабільны пры вырашэнні розных пытанняў і праблем. Цяпер мы займаемся праблемай, на якую часта звяртае ўвагу Прэзідэнт, — заробкі прадаўцоў у гандлёвых сетках. У адной з гандлёвых сетак Баранавіч моцна скарацілі персанал. У тых, хто застаўся, працы стала ў разы больш. А заробак у прадаўцоў — крыху больш за тысячу рублёў. Гэта ўжо нейкае эксплуататарства і поўная знявага да супрацоўнікаў з боку іх кіраўніцтва... Узнікала пытанне з фінансаваннем летніх аздараўленчых лагераў, разбіраліся, як павінны размяркоўвацца сродкі. Паўстала пытанне з якасцю мабільнай сувязі і мабільнага інтэрнету, актуальная для вялікага горада праблема. Разам з мясцовымі органамі ўлады, правайдарамі шукаем шляхі яе вырашэння. «Вечная» праблема — што рабіць з тымі, хто мае запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг. Вядома, у сацыяльна арыентаванай дзяржаве ніхто не выкіне людзей на вуліцу, але ж трэба іх неяк вучыць, прыцягваць да адказнасці.
— А з якімі ініцыятывамі да вас звяртаюцца?
— Адна з апошніх і вельмі важных — рэканструкцыя дарогі паміж Баранавічамі і Ляхавічамі. Старая траса на дзве паласы ўжо састарэла, паток машын павялічыўся, патрэбна дарога на чатыры паласы. Каб яе пашырыць, трэба зрабіць адвод сельскагаспадарчых земляў. Для гэтага неабходна ўключыць дадзеную дарогу ў праграму «Дарогі Беларусі». І цяпер з адпаведнымі ведамствамі вырашаем гэта пытанне. Яно сапраўды хвалюе людзей, бо гэта пытанне зручнасці і, самае галоўнае, бяспекі. У Баранавічах доўга абмяркоўвалася стварэнне пешаходнай часткі ў гістарычным цэнтры горада. Як заўсёды, меркаванні былі палярныя. Адны казалі, што гораду гэта неабходна, тым больш што цяпер у многіх гарадах ёсць пешаходная частка. Другія хваляваліся за тое, як будзе хадзіць грамадскі транспарт, і казалі, што не трэба парушаць устойлівы лад жыцця. Рашэнне прымалі ўсе: гараджане, мясцовыя ўлады, дэпутацкі корпус. Прынялі яго на карысць «пешаходкі», якая ўжо стала любімым месцам адпачынку жыхароў і гасцей горада. І для грамадскага транспарту распрацавалі зручныя маршруты — ніхто не скардзіцца. У Год добраўпарадкавання стараемся выканаць усе канструктыўныя пажаданні гараджан.
— Нядаўна прайшла найважнейшая палітычная падзея — выбары Прэзідэнта. Вы актыўна наведвалі ўчасткі ў сваёй акрузе. З якім настроем жыхары Баранавічаў прыходзілі на выбары?
— З аптымістычным. Я наведваў у дзень не менш за чатыры ўчасткі, размаўляў з выбаршчыкамі, членамі камісій, назіральнікамі. Давер Прэзідэнту быў каласальны з-за таго, што людзі дакладна разумеюць, што сёння адбываецца ў свеце. І тое, што наш Прэзідэнт у цяперашніх рэаліях захоўвае мір, захоўвае нашу вытворчасць, дарагога варта, і ўсе гэта разумеюць. Мы сёння забяспечваем сябе ўсім неабходным. Народ гэта цэніць. Выбары сапраўды прайшлі як свята. Людзі рабілі выбар на карысць сваёй краіны, а не на карысць палітычных ці эканамічных бонусаў звонку.
— Павел Іванавіч, які ваш галоўны прынцып у працы з выбаршчыкамі, якія вам давяраюць?
— Баланс інтарэсаў. Разглядаючы кожны праект закона, вырашаючы, галасаваць «за» ці «супраць» або ўносіць папраўкі, стараемся абапірацца на меркаванне выбаршчыкаў і максімальна шырока яго вывучыць. Баланс фарміруецца па трох прынцыпах: дапамога аднадумцаў, уласныя веды і меркаванне апанентаў. Апаненты могуць паказаць той пункт гледжання, які не пакажуць аднадумцы. Для гэтага ў мяне ў сацыяльных сетках адкрыты каментарыі. Ва ўсім патрэбен баланс, таму трэба мець сувязь з усімі, хто жыве ў акрузе.