Top.Mail.Ru

Сучасныя біятэхналогіі і новыя падыходы да аховы экасістэм абмеркавалі на навуковым дыялогу ў Гомелі

З нагоды 95-годдзя Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядучыя вучоныя, спецыялісты лесагаспадарчых прадпрыемстваў, прадстаўнікі ўлады ўзялі ўдзел ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Функцыянаванне лясных экасістэм у сучасных умовах: прадукцыйнасць, стан і экалагічныя рызыкі».


Са словамі віншавання і прызнання заслуг калектыву Інстытута лесу НАН Беларусі выступіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што 95-годдзе інстытута — гэта не проста юбілей установы, а падзея для ўсёй навуковай школы, якая ўжо амаль стагоддзе фарміруе стратэгію развіцця беларускага лесагаспадарчага комплексу.

— Гісторыя інстытута — гэта летапіс працы і дасягненняў некалькіх пакаленняў вучоных, сапраўдных падзвіжнікаў навукі, якія прысвяцілі жыццё справе захавання і прымнажэння зялёнага багацця нашай роднай Беларусі, — самыя шчырыя словы падзякі калектыву выказаў Іван Крупко.

Кіраўнік вобласці нагадаў, што менавіта ў Гомелі фарміраваліся асновы сучаснай беларускай лясной навукі — ад пасляваеннага аднаўлення да генетычнай селекцыі і біятэхналогій.

— У нашым рэгіёне лес заўсёды быў не проста прыродным рэсурсам, а часткай жыцця, характарам і лёсам, — зазначыў старшыня аблвыканкама. — Дзякуючы працы соцень даследчыкаў створана магутная навуковая база, закладзены падмурак сучаснай селекцыі, экалогіі і абароны лясоў.


Ён асабліва адзначыў стварэнне генетычнага банка лясных рэсурсаў, развіццё селекцыйнай базы, а таксама інавацыйныя біяпрэпараты, якія дазваляюць своечасова выяўляць і ліквідаваць асяродкі шкоднікаў.

— Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС менавіта Інстытут лесу стаў піянерам у галіне лясной радыеэкалогіі, унёс неацэнны ўклад у рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый. Гэта вялікая работа, якая мае значэнне для ўсяго ляснога фонду краіны, — падкрэсліў Іван Крупко.

Асаблівыя словы падзякі кіраўнік рэгіёна адрасаваў ветэранам навукі, з пажаданнямі плённай дзейнасці звярнуўся да маладых даследчыкаў.

Са свайго боку старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў, што гісторыя інстытута — гэта частка гісторыі краіны.

— За 95 гадоў калектыў інстытута перажыў шмат падзей разам з народам: і цяжкія, і светлыя. Гэта і трагедыя вайны, калі супрацоўнікі змагаліся за Радзіму, і гады эвакуацыі, аднаўленне матэрыяльнай базы, адраджэнне лясоў, якія моцна пацярпелі, — нагадаў Уладзімір Каранік.

Са станаўленнем незалежнасці нашай краіны Інстытут лесу атрымаў новы імпульс развіцця: узмацнілася матэрыяльна-тэхнічная база, з’явіліся новыя навуковыя кірункі, у тым ліку ў сферы біятэхналогій і аховы экасістэм.


— Рэспубліка Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая за гады незалежнасці здолела павялічыць сваю лясістасць, пашырыць плошчу лясоў. Паколькі рацыянальнае лесакарыстанне, аднаўленне лясоў, іх абарона — гэта дзяржаўная справа, тое, што ад нас патрабуе Прэзідэнт, тое, што выконваюць усе органы дзяржкіравання, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Уладзімір Каранік заклікаў навукоўцаў і надалей захоўваць пераемнасць пакаленняў у калектыве, каб і надалей актыўна развіваць сваю ўстанову. 

— Мы ўсведамляем адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Як сказаў мудры чалавек, мы не атрымалі гэту зямлю ў спадчыну ад бацькоў, мы ўзялі яе ў пазыку ў сваіх унукаў. І я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы перададзім Беларусь яшчэ прыгажэйшай, — выказаў упэўненасць старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.


У гонар 95-годдзя Інстытута лесу НАН Беларусі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік, дырэктар Цэнтральнага батанічнага сада Фёдар Прывалаў і старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў высадзілі на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля дрэва катальпа. Дзякуючы інавацыйнай распрацоўцы лабараторыі батанічнага сада, гэта рэдкая расліна стала максімальна адаптавана да кліматычных умоў Беларусі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю