У аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна пасля капітальнага рамонту адкрыўся яслі-сад № 1, разлічаны на 25 месцаў. Ужо сёння тут выхоўваюцца 15 малых, а новыя ўмовы выклікаюць шчырае захапленне ў бацькоў і педагогаў, перадае БелТА.
Садок, які раней размяшчаўся ў будынку 1951 года пабудовы, літаральна за год ператварыўся ў сучасную, утульную дашкольную ўстанову. Рэканструкцыя, якая пачалася ў 2024 годзе і завяршылася да лістапада 2025-га, абышлася больш чым у Br700 тыс. Цалкам абноўлены дах, сцены, агароджа, устаноўлены новая мэбля, сантэхніка і электраабсталяванне, а таксама добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя з гульнявымі комплексамі.
«У нас дзяржава сацыяльна арыентаваная, і чалавек — галоўны прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Такія сацыяльныя аб’екты дазваляюць не толькі стварыць спрыяльнае асяроддзе для пражывання, але і замацаваць людзей у сельскай мясцовасці. У верасні мінулага года да губернатара Магілёўскай вобласці Анатоля Ісачанкі звярнулася шматдзетная сям’я з просьбай адрамантаваць дзіцячы сад у Буйнічах. Было прынята рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту. Ужо праз год тут адкрылася цалкам абноўленая дашкольная ўстанова, якая адпавядае сучасным патрабаванням камфорту і бяспекі для дзяцей», — падкрэсліў старшыня Магілёўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Мудрагелаў.
Начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас адзначыла, што садок носіць сямейны характар: маленькія групы, хатняя атмасфера, індывідуальны падыход. «Яслі-сад № 1 сямейны і ўтульны, ён дазволіць у аграгарадку Буйнічы забяспечыць усіх выхаванцаў месцамі ў дашкольнай установе», — дадала яна.
У Магілёўскім раёне ўсяго 16 устаноў дашкольнай адукацыі, больш за 1000 выхаванцаў наведваюць дзіцячыя сады, усе забяспечаны месцамі. Буйная рэканструкцыя закранула сёлета гэтую ўстанову, а таксама адкрыўся яшчэ адзін дзіцячы сад у агарагарадку Палыкавічы.
Шматдзетная мама з Буйнічаў Аляксандра Вульвач адзначыла, што ў абноўлены садок цяпер ходзіць яе малодшы сын Дзмітрый, якому тры гады. Сям’я жыве ў Буйнічах з 2016 года, і дашкольную ўстанову ўжо наведвалі трое з чацвярых дзяцей. «Гэта быў тыпавы фінскі домік — сціплы, але ўтульны. Пасля рэканструкцыі сад стаў цалкам сучасным: светлыя памяшканні, новая мэбля, цацкі, добраўпарадкаваная тэрыторыя з гульнявымі комплексамі. Галоўнае — тут захавалі тую самую атмасферу сямейнай утульнасці: маленькія групы, дзеці тут сябе адчуваюць як дома. Прыводзячы дзяцей сюды, мы не перажываем за іх», — расказала яна.
Настаўнік мясцовай школы Вераніка Брутава, чыё дзіця таксама наведвае дашкольную ўстанову, адзначае, што важная не толькі знешняя абноўленасць, але і захаванне душэўнай атмасферы. «Калектыў застаўся ранейшым — добразычлівым, па-сямейнаму клапатлівым. Дзіця ходзіць з радасцю. А цяпер яшчэ і ў прыгожай, сучаснай прасторы», — дзеліцца яна.
Паводле слоў жыхароў, наяўнасць якаснай сацыяльнай інфраструктуры — ключавая ўмова для жыцця ў аграгарадку. «Мы спецыяльна выбралі Буйнічы для будаўніцтва дома — тут цішыня, прырода, але пры гэтым Магілёў у крокавай даступнасці. А цяпер яшчэ і сад побач, сучасны і ўтульны. Мы нікуды не хочам з’язджаць — тут створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага жыцця сям’і», — упэўнена Вераніка.