Сяўба — не проста «кінуць зерне ў зямлю». Сёння гэта дакладная навука, дзе кожны сантыметр і секунда працуюць на будучы кілаграм. Плюс — сучасная тэхніка, адказнасць механізатараў і любоў да зямлі. У гэтым пераканаліся і карэспандэнты «Звязды», якія пабывалі на палях сельскагаспадарчага прадпрыемства «Каганец» Стаўбцоўскага раёна.
Тэхналогія дакладнага высявання
Вясновая палявая кампанія ідзе па жорсткім графіке: пакуль адны агрэгаты рыхтуюць глебу, іншыя ўжо засяваюць першыя гектары цукровых буракоў. Выконваючы абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства Міхаіл ЗАВАДСКІ асабіста кантралюе кожны этап:
— Пасяўная пачалася з закрыцця вільгаці. Раннія яравыя мы ўжо пасеялі, так што з галоўным справіліся.
На полі працуе сеялка дакладнага высеву кукурузы. Для цукровых буракоў выкарыстоўваецца іншая, спецыяльная.
— У кукурузнай сеялцы інтэрвал паміж насеннем адзін, а тут — зусім іншы, больш жорстка рэгламентаваны, — тлумачыць Міхаіл Аляксандравіч. — Чаму гэта так важна? У 1990-я — пачатку 2000-х буракі сеялі амаль суцэльным радком, потым расліны трэба было прарываць уручную. Па-першае — перарасход насення. Па-другое — чалавечы фактар. Атрымлівалі загусценне і менш ураджаю. Дакладнасць высеву напрамую ўплывае на аб’ём і якасць. Расліны прасцей апрацоўваць, яны лепш развіваюцца.
Насенне буракоў павінна легчы на глыбіню да двух сантыметраў — ні на міліметр больш. Пасля сяўбы палоць уручную няма патрэбы — усё вырашаюць пестыцыды і дакладная тэхніка.
Ужо прайшоў час, калі адзін трактар апрацоўваў поле чатыры месяцы. Цяпер энерганасычаны зробіць гэта за тры дні.

Ад сямі да сямі
На пасеве кукурузы працуе трактарыст Алег ЖЫТКО. Ён аддаў роднай гаспадарцы больш за чвэрць стагоддзя. Потым быў перапынак — працаваў у мясцовага фермера. Але вярнуўся: выйшаў на пенсію — і зноў сеў за руль. Цяпер яму 63. Штодня, акрамя нядзелі, з 7 раніцы да 7 вечара, а бывае і да васьмі, ён у полі. Яго трактар — МТЗ-82. Жыве ў вёсцы Зарэчча, побач з майстэрнямі. Жонка — санітарка ў мясцовым ФАПе, дачка вучыцца на ветэрынара. Сакрэт бадзёрасці? Устае каля шостай, потым — чай: каву не п’е, бо ціск падымаецца.
— Трэба ж працаваць — вось і працую. Нічога складанага няма. Прывык ужо, — усміхаецца руплівец.
«Калі поле дыхае, значыць, усё робім правільна»
На полі нас сустракае галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый ЯНКОЎСКІ. Трэці дзень тут сеюць кукурузу. План — 840 гектараў. Паралельна насупраць сеюць цукровыя буракі, пад іх адведзена
105 гектараў. Сарты ў асноўным замежнай селекцыі. Чаканая ўраджайнасць па бураках — да 600 цэнтнераў з гектара, па кукурузе — 350–400. Перад сяўбой поле рыхтуюць: збіраюць камяні, потым ідзе культыватар з шасціметровым захопам, за ім — сеялка. Увесь працэс адладжаны, як гадзіннік.
Пасля сяўбы кукурузу і буракі чакае хімічная праполка. Па словах агранома, зямля ў гэтым годзе падрыхтавана добра:
— Вільготнасць нармальная. Нягледзячы на снежную зіму і марозы, усё ў парадку. Чакаем добры ўраджай. Будзем рабіць для гэтага ўсё, што трэба. Калі поле дыхае, значыць, усё робім правільна. І кукуруза, і буракі гэта адчуваюць.

«Тут умовы лепшыя»
На энерганасычаным МТЗ-3522, набытым у жніўні мінулага года, працуе механізатар з Магілёўшчыны Сяргей КАСЯНКОЎ (на фота):
— Работы шмат усюды, але тут умовы лепшыя. А ў мяне жонка і трое дзяцей — трэба карміць сям’ю. Тут і людзі добрыя, і зарплата задавальняе. Жонка ў гэтай жа гаспадарцы на складзе працуе — выдае паліва, вопратку. Жывём у Зарэччы, дом ад гаспадаркі далі.
— Работы у тандэме з сеялкай: яна ідзе наперадзе метраў на 5-6, я — следам. Трэба, каб зямля не перасыхала, каб насенне лягло ў вільготны грунт, — тлумачыць механізатар.
Любіць тое, чым займаешся
Сельская гаспадарка сёння — гэта сінтэз дакладных тэхналогій, адказнасці і любові да сваёй справы.
— Самае складанае — любіць тое, чым займаешся. Калі ты прачынаешся а пятай раніцы і працуеш да восьмай вечара, часам гэта складана. Але мы любім, мы займаемся, мы робім, бо на нас трымаецца ўся краіна, — падкрэслівае Міхаіл Завадскі.
Сёлетняя сяўба ў «Каганцы» — чарговы доказ: тут умеюць і любяць працаваць на зямлі.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ