Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў, як у Беларусі мадэрнізуюць ваенную тэхніку, паведамляе БелТА.
«Я хачу сказаць, што ў СССР рабілі тэхніку з вялікім запасам трываласці. У нас тэхніка засталася ў спадчыну ад Беларускай ваеннай акругі, Савецкага Саюза. Некаторыя ўзоры 1986, 1988 года, ёсць і старэйшыя. Але мы бачым, як тэхніка захоўваецца. Я думаю, яна яшчэ гадоў 20 праслужыць. Але, напрыклад, мадэрнізаваць самалёты, якія састарэлі, — гэта няправільнае рашэнне. Таму мы набываем новыя самалёты Су-30СМ2, якія адпавядаюць усім сусветным стандартам. А тое, што датычыцца танкаў, бронемашын пяхоты, то яны сапраўды маюць вялікі запас трываласці», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Пры гэтым ён указаў, што з усімі ўзорамі, якім гэта было неабходна, праведзены рамонтныя работы. «Акрамя таго, практычна на ўсіх узорах танкаў і баявых машын пяхоты комплексы ўзбраення прайшлі пераабсталяванне, перааснашчэнне і мадэрнізацыю. Напрыклад, калі раней былі танкі Т-72Б, то цяпер яны ўдасканалены да Т-72Б3. Поўнасцю мадэрнізаваны іх комплекс узбраення, устаноўлены сучасныя беларускія прыцэлы „Сасна“, якія не саступаюць сусветным аналагам і карыстаюцца попытам за мяжой. Таму наш танк Т-72Б3 нічым не саступае замежным аналагам», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета Бяспекі.

Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што і браня на тэхніцы зроблена з запасам трываласці і адпавядае ўсім патрабаванням. «Сёння тэхніка, акрамя брані, абсталёўваецца яшчэ і ахоўнымі экранамі, так званымі „маскамі“, для процідзеяння беспілотным лятальным апаратам, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На гэтыя пытанні мы таксама звяртаем увагу», — рэзюмаваў ён.
