Падтрымка адоранай моладзі Прэзідэнтам — вельмі важны стымул для таго, каб разумныя хлопцы і дзяўчаты прыходзілі ў навуку. Аб гэтым журналістам паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, перадае БелТА.
Кіраўнік адукацыйнага ведамства зазначыў, што тыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да лаўрэатаў спецфонду Прэзідэнта, спецпрэмій вельмі высокія. «Падтрымка адоранай моладзі Прэзідэнтам з’яўляецца вельмі важным стымулам для таго, каб разумныя хлопцы і дзяўчаты прыходзілі ў навуку, таксама яна матывуе іх да выдатнай вучобы. У першую чаргу мы гаворым аб пераможцах міжнародных конкурсаў і алімпіяд. Тут вельмі жорсткія патрабаванні: не менш як 10 краін павінны прымаць удзел у міжнародным спаборніцтве, абавязкова праходжанне шматступеннага нацыянальнага адбору, пачынаючы ад установы адукацыі, вобласці, рэспубліканскага спаборніцтва, каб сфарміраваць нацыянальную зборную», — расказаў Андрэй Іванец.
Да атрымальнікаў спецпрэміі таксама вельмі жорсткія патрабаванні. Як правіла, гэта пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія даказалі, што яны найлепшыя з лепшых. «Мы падтрымліваем школьнікаў — пераможцаў прадметных алімпіяд, а таксама студэнцкую моладзь — хлопцаў і дзяўчат, якія перамаглі на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах сярод студэнтаў. Тут выбудавана пераемная работа паміж школай і ўніверсітэтам. Падрыхтоўка такіх маладых людзей праходзіць на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку», — дадаў міністр.
Апошнія некалькі гадоў паказалі высокую рэзультатыўнасць беларускіх школьнікаў на міжнародных алімпіядах. «Мы ставім дастаткова амбіцыйную планку — каб 100% дзяцей, якія выязджаюць на міжнародныя спаборніцтвы, вярталіся дадому з медалямі, даказваючы, што Беларусь — інтэлектуальная краіна, а сістэма адукацыі знаходзіцца на дастойным узроўні», — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Каб адораныя хлопцы прыходзілі ў каледжы і ВНУ, у краіне створана адпаведная сістэма паступлення без экзаменаў. Напрыклад, пераможцы рэспубліканскай алімпіяды маюць магчымасць паступаць без іспытаў. У пераможцаў міжнародных алімпіяд яшчэ больш высокія прэферэнцыі. «Для нашай моладзі гэта вельмі сур’ёзны стымул. Мы ўвесь час нарошчваем пералік конкурсаў і міжнародных алімпіяд для ўдзелу. Сёлета ўпершыню нашы школьнікі паедуць на чэмпіянат свету па робататэхніцы ў Кітай, а таксама на міжнародную алімпіяду па штучным інтэлекце. Школьнікі зараз напружана рыхтуюцца. Акрамя таго, традыцыйна ўжо чацвёрты год нашы хлопцы будуць прымаць удзел у міжнародным турніры па беспілотных лятальных апаратах. І тут размова ідзе не толькі пра пілатаванне, але ў першую чаргу пра стварэнне, канструяванне БПЛА, іх праграміраванне і кіраванне. Гэта значыць ствараецца каманда, калі тры маладыя чалавекі праходзяць увесь ланцужок ад стварэння беспілотніка да яго праграмавання і праходжання трас. Гэта вельмі цікавіць і матывуе моладзь», — растлумачыў кіраўнік ведамства.
Нараўне са спецпрэміямі і Гран-пры вельмі важныя стыпендыі Прэзідэнта. «Практычна 200 студэнтаў былі адзначаны распараджэннем кіраўніка дзяржавы гэтымі стыпендыямі. І гэта не толькі дадатковае матэрыяльнае стымуляванне, але і вельмі высокі іміджавы і прэстыжны складальнік, таму што кожны малады чалавек разумее, што яго заўважыў Прэзідэнт, а гэта дарагога варта», — падсумаваў Андрэй Іванец.