Top.Mail.Ru

Стваральная культура ўзаемадзеяння актывістаў і мясцовай улады

Больш як 120 заявак паступіла на адкрыты конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. 33 праекты-пераможцы будуць увасоблены ў жыццё да канца гэтага года.


Кірункі, па якіх жыхары рэгіёна прадставілі свае праекты на адкрыты конкурс, разнастайныя: захаванне гістарычнай памяці, культурнай спадчыны, добраўпарадкаванне, азеляненне, стварэнне спартыўна-гульнявых зон і іншыя. Асабліва шмат праектаў у сферы турыстычнай галіны.

Сярод іх — ініцыятыва моладзі Буда-Кашалёўскага раёна па стварэнні зоны з велапаркоўкай, спецыяльнай стойкай, дзе пры неабходнасці можна праводзіць «тэхагляд» зялёнага транспарту, нестандартнай лаўкай і элементамі азелянення. Лакацыя стане не толькі месцам прыцягнення моладзі, але і паспрыяе развіццю веларуху ў цэлым і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Праект плануюць развіваць і далей і ствараць веламаршруты.

Сярод ініцыятыў Гомельскага раёна — праект «Нябесная дарога» па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка лётчыкам-авіятарам у пасёлку Зябраўка. Праект «Бібліябочка» з адкрыццём вулічнай міні-бібліятэкі, дзе кожны зможа ўзяць і прачытаць упадабаную кнігу, прапанавала ініцыятыўная група з Веткі.

Працягнецца рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы «Вішнявецкая рапсодыя» ў вёсцы Тэльман Брагінскага раёна. Першы этап ініцыятывы па абнаўленні парку князёў Вішнявецкіх ужо паспяхова рэалізаваны. Па праекце грамадзянскіх ініцыятыў гэтага года прадугледжана набыццё касцюмаў, абсталявання, стварэнне экспазіцый для правядзення культурных мерапрыемстваў.

Да 40-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС знакавым праектам стане мемарыял «Рэха Чарнобыля» ў аграгарадку Стралічава Хойніцкага раёна. У ліку пераможцаў — праекты стварэння інтэрактыўнай пляцоўкі «Падарожжа па народных традыцыях» у Добрушы і развіцця фестывалю «Ільняная карусель» у гарадскім пасёлку Карма.

Сярод праектаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні — адкрыццё гісторыка-турыстычнага аб’екта «Дарогамі спаленых вёсак» у Калінкавіцкім раёне і стварэнне лічбавага мемарыяла ў Навабеліцкім раёне Гомеля і іншыя.

Як звярнула ўвагу старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька, сёлета доля дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў павялічана на 250 тысяч рублёў. Калі ў мінулым годзе сума дзяржпадтрымкі складала 400 тысяч рублёў, то цяпер прадугледжана 750 тысяч. Акрамя 500 тысяч рублёў у агульнай складанасці з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў на гэтыя мэты дадаткова, па рашэнні старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, з абласнога бюджэту будзе накіравана яшчэ 250 тысяч рублёў. Пры гэтым абавязкова, як патрабуе заканадаўства, не менш як 10 % ад агульнага кошту кожнага праекта складаюць грашовыя сродкі, унесеныя ініцыятыўнымі грамадзянамі.

Дэпутат нагадала, што пасля ўключэння ў 2023 годзе прававога інстытута грамадзянскай ініцыятывы ў Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» актыўныя жыхары населеных пунктаў атрымалі магутны дадатковы імпульс развівацца ў полі грамадзянскіх ініцыятыў.

— За два гады на тэрыторыі вобласці ўжо рэалізаваны 44 праекты грамадзянскіх ініцыятыў, з іх 19 — у мінулым годзе, — нагадала Вікторыя Ладуцька. — Рэалізавана на самай справе большая колькасць ініцыятыў, таму што праекты ініцыятыўных груп, якія не сталі пераможцамі па выніках конкурсу, былі рэалізаваны на месцах самастойна, — звярнула ўвагу дэпутат на актыўны ўдзел грамадзян у развіцці родных населеных пунктаў.

Старшыня абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў адзначыла і рост папулярнасці грамадзянскіх ініцыятыў сярод жыхароў рэгіёна. Калі ў 2025 годзе на конкурсны адбор было пададзена 55 праектаў, то цяпер — ужо больш чым 120 заявак.

У развіцці грамадзянскай актыўнасці на Гомельшчыне асобная ўвага — навучанню актыўных грамадзян. Так, у вобласці створана «Школа рэгіянальнага развіцця», дзе ўжо падрыхтаваны 42 выпускнікі — дэпутаты, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання і ініцыятыўныя грамадзяне.

— Запрашаем трэнераў, спецыялістаў, якія расказваюць прадстаўнікам органаў мясцовага самакіравання, якім чынам напісаць праект, як вызначыць тэму, якая будзе найбольш актуальная. Такое навучанне стымулюе актыўнасць грамадзян, — падкрэсліла Вікторыя Ладуцька.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю