Top.Mail.Ru

Студзень паказвае характар. Маразы да мінус 30 °С

Даўно ў нас не было такіх маразоў. Гэта зіма, падобна, будзе сапраўдная, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

А ледзяны подых холаду мы адчуем ужо 13 студзеня. У аўторак умовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску і халодная няўстойлівая паветраная маса арктычнага паходжання. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. У многіх раёнах будзе ісці снег, ноччу ён умераны, а днём — невялікі. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў умераны. Тэмпература паветра ўначы мінус 16–10 °С, пры праясненнях да мінус 22–17 °С. Днём будзе мінус 13–7 °С, а па ўсходзе — да мінус 15 °С.

У сераду ноччу ў асобных раёнах невялікі снег, днём пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе кароткачасовы снег. Месцамі слабы туман, шэрань, на дарогах галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў ад слабага да ўмеранага. Тэмпература паветра ноччу мінус 22–17 °С, месцамі — да мінус 28–23 °С, па захадзе ў асобных раёнах мінус 16–14 °С. Днём тэмпература будзе кантраснай — ад мінус 5 °С па паўднёвым захадзе да мінус 17°С па паўночным усходзе краіны.

Як і абяцалі раней сіноптыкі, самая моцная порцыя холаду прыйдзе да нас у чацвер. У гэты дзень умовы надвор’я сапсуюцца. На большай частцы тэрыторыі краіны снег, днём — мокры снег, ноччу па захадзе месцамі моцны. 

У асобных раёнах слабая мяцеліца, на дарогах галалёдзіца, днём па захадзе слабы галалёд. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу ад мінус 6 °С па паўднёвым захадзе да мінус 30 °С па ўсходзе. Удзень кантраснасць нават павялічыцца: чакаецца тэмпература ад мінус 1 °C па паўднёвым захадзе да мінус 19 °C па паўночным усходзе краіны.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю