Студзень нас не песціць зімовым надвор’ем, якое цяпер больш нагадвае познюю восень. У нашай краіне ўтрымліваецца тэмпературны фон на 5–8 градусаў вышэй за кліматычную норму. Гэты працоўны тыдзень не стане выключэннем, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак чакаецца перавага воблачнага надвор’я. Месцамі па краіне пройдуць невялікія ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу. Месцамі — слабы галалёд. Вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 4 да плюс 1 °С, а максімальная днём складзе ад мінус 1 да плюс 4 °С. Атмасферны ціск будзе падаць.
Потым два дні (22–23 студзеня) наша краіна будзе знаходзіцца пад уплывам малаактыўных франтальных раздзелаў і няўстойлівых паветраных мас. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. У сераду ноччу месцамі, днём у многіх раёнах краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах прагназуюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 3 да плюс 2 °С, а максімальная днём ад мінус 1 да плюс 4 °С.
У чацвер ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах прагназуюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, днём месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы мінус 3 — плюс 2 °С, удзень — ад мінус 1 да плюс 4 °С.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу і раніцай месцамі будзе слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 2 °С, удзень — ад нуля да 5 °С.
Паводле папярэдніх прагнозаў, у гэтыя выхадныя паступленне цёплага паветра ўзмоцніцца, а значыць, стане ўжо анамальна цёпла. Пры гэтым без ападкаў не абыдзецца, падкрэслілі сіноптыкі. У суботу месцамі па краіне невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 °С, удзень — плюс 1–6 °С.
У ноч на нядзелю месцамі пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, удзень чакаецца пераважна без ападкаў. Месцамі будзе слабы туман. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 3 °С, удзень — плюс 2–8 °С.