Top.Mail.Ru
402

Сцяганосец Парада Перамогі

Яго імя ў Гродне носяць праспект і школа

У Гродне імя гэтага чалавека вядомае многім. Герой Савецкага Саюза, сцяганосец Парада Перамогі на Краснай плошчы ў чэрвені 1945 года, Іван Данілавіч Лебедзеў доўгі час жыў і працаваў у горадзе. У новым мікрараёне абласнога цэнтра нядаўна з’явіўся праспект імя Лебедзева, імя героя носіць і 39-я сярэдняя школа.

Іван Данілавіч пайшоў з жыцця ў 2014 годзе — апошнім з удзельнікаў таго слаўнага парада, хто жыў у Беларусі. А ў маі 2010 года мне ўдалося запісаць яго ўспаміны і аб тым, як ён атрымаў званне Героя, і аб удзеле ў парадзе. Жывыя сведчанні, якія і сёння, праз пятнаццаць гадоў, чытаюцца на адным дыханні. Чым больш часу праходзіць, тым больш разумееш іх каштоўнасць у захаванні нашай памяці.

«Першую сваю баявую ўзнагароду — і адразу званне Героя Савецкага Саюза — я атрымаў на Украіне за фарсіраванне Дняпра на поўдзень ад Крэменчуга, Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета быў надрукаваны ў газеце «Правда» 20 снежня 1943 года. Памятаю, увосень нас перакінулі пад Харкаў. Нашаму артдывізіёну, дзе я быў камандзірам, далі студэбекеры. І мы выехалі да берага Дняпра.

Спыніліся метраў за трыста — наперадзе высокі абрыў берага. І на гэтай вышыні размясцілі артылерыйскі дывізіён. З другога боку берага — лінія нямецкіх акопаў. Стрэлілі па іх прамым навядзеннем — бачым, выскакваюць з акопаў фрыцы і разбягаюцца. Падышла наша пяхота, і пад абстрэлам з другога берага пачалі ладзіць пераправу. Разбіралі старыя адрыны, рабілі плыты, нейкія рыбацкія лодкі прыцягнулі, і праз Дняпро з цяжкасцю і стратамі пераправілася ўся дывізія. На другі дзень даслалі вялікі пантон — на яго рота змяшчалася, а другі бераг агрызаўся агнём.

Мой камандзір дывізіёна атрымаў раненне, і прыйшлося ўзяць камандаванне на сябе. Я паставіў на пантон машыны з гаўбіцай і гарматамі, і мы фарсіравалі Дняпро. З вялікай цяжкасцю хутка ўстанавілі на высокім беразе гарматы і бачым: немцы ідуць у контратаку. Ну, мы іх усіх расстралялі з гаўбіцы. І тут да нашых гармат бягуць камандзіры і мой камандзір палка. «Ты Лебедзеў, расстраляў фрыцаў сам?» Адказваю, што я. «Малайчына!».

Баі там ішлі страшныя. Немцы спрабавалі нас скінуць з гэтага берага. 14 кастрычніка яны сур’ёзна падрыхтаваліся і пусцілі на нас танкавую дывізію. Мы гэтую дывізію растрапалі, праўда, і ў нас страты былі велізарныя. Апошнія 4 танкі, якія выходзілі на нашу вышыню, ужо я дабіваў з гаўбіцы. І мы свой захоплены плацдарм утрымалі. Я вядома, рызыкуючы жыццём, дзейнічаў насуперак звыклай логіцы такіх перапраў, нягледзячы на варожую бамбёжку, захаваў усе гарматы, знішчыў дзясяткі танкаў і пяхоту і дачакаўся прыходу асноўных сіл. За гэта я і атрымаў «Залатую Зорку» Героя. І яшчэ такую «Зорку» Героя за баі на гэтай гары ля берага атрымалі каля 30 чалавек. Са сваёй дывізіяй я мінуў да апошняга дня вайны. Вызваляў Украіну, Малдавію, Румынію, Балгарыю, Югаславію, Венгрыю, а скончылі вайну ў Аўстрыі. Я ўжо ў 27 гадоў быў маёрам, намеснікам камандзіра палка па палітчасці...

А на Парад Перамогі я патрапіў так. Мне патэлефанавалі са штаба Арміі і паведамілі, што я паеду ў Маскву на Парад Перамогі. І мяне прызначылі парторгам зводнага палка 3 Украінскага фронту. 10 мая ўдзельнікі з усіх часцей прыбылі ў Маскву, мноства казармаў былі выкарыстаны для размяшчэння амаль 30 тысяч чалавек. Былі знясільваючыя шматгадзінныя трэніроўкі ў хадзе страявым крокам на Хадынскім полі, многія ж развучыліся за вайну так хадзіць...

Мне паведамілі, што я буду несці ў пачатку сваёй калоны палка штандар 3 Украінскага фронту... На кадрах кінахронікі, якія я потым глядзеў, відаць, што я прайшоў годна па Краснай плошчы. Што яшчэ памятаю? Нам усім пашылі парадны камплект форменнай вопраткі — кіцель колеру марской хвалі, цёмна-сінія штаны, выдалі новую ніжнюю бялізну, доўга падганялі ялавыя боты і фуражкі, дапамагалі мацаваць пад лінейку ўзнагароды. Сёння цяжка ўявіць, што ў сціслыя тэрміны маскоўскія швейныя фабрыкі вырабілі 15 тысяч камплектаў новай формы для ўдзельнікаў парада.

Цэлая гісторыя была і са штандарамі. Першапачаткова іх эскізы і ўсю партыю забракавалі. І даручылі гэтую адказную працу з нуля рабіць мастакам Вялікага тэатра ў іх майстэрнях. Шылі іх з чырвонага тоўстага аксаміту, вышыўку рабілі з золата. Мне вельмі спадабаўся штандар. Але быў занадта цяжкім — важыў больш за 10 кілаграмаў разам з дрэўкам. За некалькі дзён нам усім, хто панясе штандары, прывезлі спецыяльную накідную шырокую партупею з прымацаванай скураной ёмістасцю ўнізе, якая ўтрымлівала б на маршы дрэўка штандара, — нават пра гэта паклапаціліся арганізатары.

Сам Парад Перамогі планавалі 22 чэрвеня — у дзень пачатку вайны. Але сіноптыкі прадказалі дождж на гэты дзень, праўда, яго не было і сонца свяціла... Але ўсё загадзя перанеслі на 24 чэрвеня. 24 чэрвеня а пятай гадзіне раніцы нас вывезлі на Красную плошчу. І раптам пайшоў дождж. Не асабліва моцны, але абложны. І дождж нас прамачыў да ніткі, нават у ботах вада была. А штандар, пашыты з падвойнага аксаміту шырынёй пад два метры, прамок увесь наскрозь, стаў вельмі цяжкім і важыў ужо далёка не 10 кілаграм, а, мусіць, усе 20. І калі мы, змоклыя, па камандзе пайшлі, да дажджу дадаўся моцны вецер. І вось вецер у спіну дзьме, штандар трапечацца і дрэўка, якое я моцна трымаю двума рукамі, гнецца ад цяжару. Мне страшна стала — раптам, не дай бог, зламаецца! Але нічога не здарылася, дрэўка вытрымала, потым я даведаўся, што яно дубовае было — і гэта прадугледзелі. Прайшлі мы без прыпынкаў і па Маскве — усе тратуары былі запоўнены народам, нас віталі, кідалі кветкі, людзі радаваліся Перамозе.

Потым, калі ў Маскве аднавілі парады Перамогі, я як сцяганосец Парада 1945 года на трох быў. Нам усім, каб пазнаць і адрозніць, светла-шэрыя пінжакі пашылі і ўручылі. А са сцяганосцаў Парада Перамогі ў Беларусі на 2010 год застаўся адзін я..."

Аляксандр Ласмінскі


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю