Доктару Сцяпану Савічу немцы зладзілі пышнае пахаванне, пры гэтым пусціўшы пагалоску, што яго забілі партызаны. Правакацыя акупантаў аказалася паспяховай: на імя ўрача-падпольшчыка паставілі кляймо здрадніка на доўгія гады, сапсаваўшы жыццё і здароўе яго дачцэ... Ціхая, пакорлівая, знясіленая хваробай, яна б сама і не змагалася за тое, каб вярнуць добрае імя бацьку. Але здараюцца сітуацыі, калі людзі праходзяць праверку на сумленнасць і сардэчнасць. Як у рамане Івана Шамякіна, па матывах якога створаны новы спектакль Купалаўскага тэатра «Сэрца на далоні».
Сэрца, якое ляжыць на далоні хірурга, у рамане — гэта не проста медыцынскі эпізод, а глыбокі вобраз, калі падчас аперацыі наноў запускаецца не толькі жыццё гераіні, але і сцвярджаецца чалавечая справядлівасць. Рэжысёр спектакля, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Дзмітрый Акімаў наогул вывеў на экран дакументальныя кадры аперацыі на адкрытым сэрцы — яны ідуць у відэасюжэце над сцэнай. Але гэта яшчэ не самае радыкальнае ў новай пастаноўцы. Паводле рамана дзея адбываецца ў некалькіх часавых прамежках: у вайну і пасля яе, калі героі ўспамінаюць найбольш драматычныя моманты, што перажылі тады. А ў палатне спектакля адбываецца трансфармацыя — часткова праз сцэнаграфічны рух, святло. Мастак-пастаноўшчык Лілія Хісматуліна прапанавала лаканічнае рашэнне, без бытавога залішку, каб кожны элемент працаваў на стварэнне атмасферы. Мастак па святле Андрэй Алейнік літаральна лепіць прастору праз маніпуляцыі з ценямі, промнямі, што дапамагае імгненна пераносіць дзеянне з кабінетаў 1960-х гадоў на некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Але найбольшы драматызм дазваляюць стварыць рэальныя дакументальныя кадры ваеннага часу, якія нібыта «навісаюць» над сцэнай і ціснуць на герояў. Што праўда, не толькі на іх. У гледачоў наўмысна правакуюць адчуванне жахаў таго часу праз дакументы і фотаздымкі закатаваных людзей. Хтосьці можа схапіцца за сэрца: ну, навошта з намі так жорстка?.. Тэатр можа быць такім прамым у выказваннях, нават публіцыстычным, з эфектам дакументальнасці. Так мінулае на нашых вачах трансфармуецца ў будучыню (ці будучыня ўзнікае з мінулага?).

Задума зразумелая: максімальна наблізіцца да рэальнасці, у якой існавалі героі, каб іх клопаты адчуваліся найбольш востра. Тым больш, што мы фактычна назіраем за складаным расследаваннем ваенных злачынстваў ужо ў мірны час, якое з падачы хірурга Антона Яраша вядзе журналіст-праўдашукальнік Кірыла Шыковіч: ён падымае архіўныя дакументы, сустракаецца са сведкамі — былымі служкамі акупантаў, якія адбываюць пакаранне. Але сведкі і з іншага боку ёсць: тыя, хто ведаюць рэальныя абставіны гібелі Сцяпана Савіча. Чаму яны маўчаць? Зося страціла сілы — спачатку ў нямецкіх лагерах (фашысты ж ведалі, кім насамрэч быў доктар Савіч!), ужо пасля вайны ў сталінскіх — як дачка здрадніка (тут была свая праўда). Былой медсястры-падпольшчыцы Клаўдзіі Сухадол ніхто не хоча верыць, бо лічаць, што яна страціла сувязь з рэальнасцю і хоча апраўдаць сябе як памочніцу здрадніка. Быў яшчэ адзін сведка — той самы, каго імкнуўся выратаваць Савіч, калі яго дом узялі ў аблогу. Дзе яго знайсці?..

Чытач, які ведае кнігу, будзе з асаблівай цікаўнасцю назіраць за акцёрскай працай Аляксандра Пашкевіча ў ролі старшыні гарсавета Сцяпана Гукана. Гэта няпросты вобраз чалавека, заціснутага з усіх бакоў абставінамі — драматычным партызанскім досведам, сучаснай пасадай і жыццёвай зручнасцю. Фактычна ўвесь спектакль мы назіраем за тым, як і чаму яго напаткаў «эфект Іуды». Таму што іншыя героі — фактычна як і былі самі сабой, так і застаюцца, іх чалавечая сутнасць не мяняецца, як і разважлівы спакой артыстаў. Хіба што адбываецца ўнутранае ўзрушэнне, якое пазбаўляе спакою ў пэўны момант. Ратавальнік чалавечых жыццяў Яраш (артыст Сяргей Бірульчык) вяртаецца ў экзістэнцыйную сітуацыю, калі раўнівая жонка папракае яго тым, што некалі ён і сам мог забіць... Дзе мяжа паміж дабром і злом — калі дзеянні аднаго і таго ж чалавека працуюць «на жыццё»? Журналіст Шыковіч (Павел Дракін) напачатку падаецца крыху млявым, але на шляху да праўды набывае імпэт расследавальніка і выходзіць на сенсацыю.

Раманам Івана Шамякіна ўласцівыя некалькі заблытаных ліній, скрыжаванні чалавечых лёсаў — таму ў яго шмат чытачоў. Менавіта іх вялікая папулярнасць паспрыяла таму, што многія творы перакладаліся на мову іншых відаў мастацтваў. Першая інсцэніроўка рамана «Сэрца на далоні» была створана хутка пасля выхаду кнігі, у сярэдзіне 60-х. Цяперашняя арыгінальная інсцэніроўка створана Дзмітрыем Акімавым паводле матываў рамана з павагай і піетэтам да народнага пісьменніка Беларусі, але тэкст адаптавалі да сённяшняга дня. Пастаноўка не проста пераносіць класічны твор хрушчоўскай «адлігі» на сучасныя падмосткі, а прапануе разглядаць гісторыю праз прызму чалавечых лёсаў. Яна пра дабро і зло і здольнасці іх адрозніць. Але ўсе персанажы тут няпростыя, сюжэтныя павароты складаныя, асабліва ў кантэксце пэўных эпох. Адпаведна, за галоўным сэнсам можна прачытаць тыя, што не прамаўляюцца наўпрост, напрыклад, пра дараванне і здольнасць быць найперш чалавекам, лепш зразумець сябе праз пытанне: ці здольны я адкрыць сваё сэрца іншаму?
Ларыса ЦІМОШЫК,
Фота Валерыя КАРТУЛЯ