У ноч з 13 на 14 студзеня беларусы будуць традыцыйна адзначаць Стары Новы год. Гэта свята, незамацаванае ў афіцыйным календары, лічыцца ціхім, сямейным завяршэннем зімовых святочных дзён.
Чаму «Стары» Новы год?
Ніякага асаблівага сэнсу ў назве гэтага свята не існуе. Так называецца гэты дзень толькі таму, што па юліянскім календары Новы год выпадаў з 13 на 14 студзеня. Сёння мы карыстаемся грыгарыянскім календаром, які быў уведзены ў 1918 годзе, таму свята і завецца Стары Новы год.
Стары Новы год — асаблівае свята. У Беларусі яно мае статус цёплай сямейнай падзеі, якая аб’ядноўвае народныя традыцыі, утульны дамашні фармат і гастранамічныя радасці. Лічыцца, што ноч на 14 студзеня асабліва спрыяльная для планаў, прымірэння і абнаўлення. Таксама гэта свята — ідэальная нагода запаволіцца, падвесці вынікі і настроіцца на пазітыўны год без лішняга шуму.
Свята таксама звязана са старажытнымі славянскімі абрадамі.
Пярэдадзень Старога Новага года, вечар 13 студзеня, у народзе вядомы як Шчодрая (Багатая) куцця (Шчадрэц, Шчодрык), ці Васілёў вечар (прысвечаны свяціцелю Васілю Вялікаму, заступніку земляробства і свінагадоўлі).
У гэты час традыцыйна праходзілі шчадраванне і пасяванне.
У вёсках і сёлах групкі моладзі выбіралі самую прыгожую дзяўчыну — Шчодру. Надзявалі на яе вянок з каляровымі стужкамі. На чале са Шчодрай працэсія хадзіла па вёсцы і спявала шчадроўкі, якія пачыналіся са слоў «шчодры вечар», «добры вечар». Працэсія складалася з пераадзетых, якія паказвалі коз, кароў, мядзведзяў і іншых жывёл, што сімвалізавалі здароўе і дастатак. Абавязкова выбіралі Механошу, гэта значыць чалавека, які насіў мяшок, у які збіралі пачастункі. Падарункі ад гаспадароў у рукі браць было нельга, іх кідалі ў мяшок, а яго трэба было пашыць з яркай тканіны і ўпрыгожыць зоркамі, сонцам і месяцам — абавязковымі атрыбутамі свята.
Нашы продкі верылі: ад таго, як сустрэнуць гаспадары першыя дні года, залежыць іх будучае жыццё. Гаспадары чакалі дарагіх гасцей з нецярплівасцю і загадзя пяклі абраднае пячэнне і піражкі. За шчодрыя гасцінцы шчадроўшчыкі праслаўлялі гаспадароў, скупым жа спявалі дакорлівыя песні. Гаспадары стараліся не скупіцца на пачастункі, каб наступны год быў добрым.
Раніцай 14 студзеня было прынята «пасяваць» збожжам. Пасявальшчыкі, звычайна хлопцы або маладыя мужчыны, заходзілі ў дамы першымі і, рассыпаючы зерне пшаніцы, аўса або жыта, спявалі або прыгаворвалі абрадавыя песні, якія абяцалі гаспадарам багаты ўраджай і дастатак.
Паводле старажытных традыцый, на стале ў Шчадрэц павінна была быць шчодрая куцця, запраўленая салам ці мясам, маслам, цыбуляй. Іх не шкадавалі: чым шчадрэй будзе страва, тым насычаней і багацей новы год.
Існаваў і звычай пячы абрадавае печыва ў форме свойскіх жывёл («казулькі») для прыплоду жывёлы. Раніцай на Васілёў дзень кожны стараўся першым прынесці са студні свежай вады, каб памыцца, — гэта абяцала моцнае здароўе на ўвесь год.

Адным з самых вядомых і вясёлых звычаяў з’яўляецца гатаванне варэнікаў з сюрпрызамі. У цеста пры лепцы клалі розныя невялікія прадметы, кожны з якіх сімвалізаваў прадказанне на будучы год: манета (да багацця), фасоля (да цяжарнасці), пярсцёнак (да замужжа), нітка (да падарожжа), перац (да прыгод), гузік (да абновак). Сумесная лепка такіх варэнікаў ператваралася ў займальную сямейную традыцыю.
Таксама на стол падавалі бліны, смажанае сала, свойскія каўбасы, халадзец і разнастайныя пірагі. Важнай часткай застолля былі мясныя стравы, прыгатаваныя з суцэльных буйных кавалкаў, што сімвалізавала цэльнасць і дабрабыт сям’і. У якасці дэсерту папулярныя былі печаныя яблыкі, арэхі і пернікі.
Дзяўчаты ў ноч з 13 на 14 студзеня варажылі на розных прадметах на суджанага. Шчодры вечар лічылі самым удалым для прадказанняў. Людзі верылі, што ўсё загаданае ў гэты час спраўджваецца.
Абдымi плот. Або палена
Самы просты спосаб даведацца, цi будзеш гэты год у пары — выбегчы з хаты i з ходу абняць плот. Потым палiчыць штыкецiны, якiя ўдалося захапiць: калi цотная колькасць — пара гарантаваная, калi няцотная — год давядзецца пачакаць. У горадзе праблема з драўляным плотам? Падыдуць любыя парэнчы, абы было што лiчыць.
А яшчэ калi побач ёсць дрывотня цi нешта падобнае, можна паспрабаваць угадаць знешнасць суджанага (цi суджанай). Трэба ў цемры з гэтай самай дрывотнi выцягнуць адно палена. Вось па iм i мяркуйце: калi гладзенькае, доўгае — i ваша “палова” будзе высокая ды зграбная. Калi палена з сукамi, негабляванае, крывое — i суджаны адпаведны. Праўда, кажуць, што сукi ды шурпатасць — гэта на багацце, так што не варта i перажываць.
Народныя прыкметы:
-
іней і снег на галінах дрэў — да багатага ўраджаю збожжа;
-
яркае сонца — да ўраджайнага года;
-
калі выпадзе шмат снегу — да шчаслівага года;
-
туман — добры знак, які абяцае прыбытак (і ўраджай);
-
адсутнасць месяца — да засухі.
Таксама ў гэты дзень звярталі ўвагу на тое, якога полу будзе першы госць: усе чакалі мужчын, таму што гэта лічылася прыкметай удачы і шчасця ў новым годзе.