Top.Mail.Ru

Што і пачым можна купіць на школьным кірмашы?

Праз паўтара месяца пачнецца новы навучальны год — а гэта значыць, што прыйшоў час закупляцца ўсім неабходным для школы. У рэгіёнах і ў сталіцы ўжо разгарнуўся маштабны гандаль! Школьныя кірмашы актыўна пашыраюць асартымент тавараў да новага навучальнага года. Акрамя таго, у гандлёвых аб’ектах афармляюцца спецыяльныя «Куткі школьніка» і «Куткі першакласніка». «Звязда» разабралася, як будзе ажыццяўляцца гандаль у сёлетнюю гарачую пару, а таксама даведалася, колькі ў сярэднім будзе каштаваць апрануць дзіця ў школу.


Можна заказаць анлайн

Як паведаміла кансультант аддзела спажывецкага рынку упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кацярына Макуцэня, у апошні час спажыўцы актыўна ажыццяўляюць пакупкі тавараў лёгкай прамысловасці, у тым ліку тавараў школьнага асартыменту праз маркетплейсы: «Асобнымі вытворцамі арганізавана работа інтэрнэт-крам са зручнай сістэмай дастаўкі тавараў па ўсёй краіне».

  • Традыцыйныя формы гандлю таксама ніхто не спісвае з рахункаў. «Работа школьных кірмашоў у гэтым сезоне запланавана ў раённых цэнтрах, — адзначыла спецыяліст, — а выязное гандлёвае абслугоўванне будзе ажыццяўляцца і ў буйных аграгарадках раёнаў з удзелам канцэрна „Беллегпрам“, дзе будзе праведзена дэманстрацыя адзення дзелавога стылю і школьных тавараў. Інфармацыю аб праводзімых акцыях, мерапрыемствах і месцах продажаў можна даведацца на сайтах рэгіянальных органаў кіравання, канцэрна „Беллегпрам“, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама ў інфармацыйных крыніцах гандлёвых арганізацый». 
Што датычыцца кірмашовых мерапрыемстваў, у гэтым сезоне іх запланавана каля 350! Попыт на тавары школьнага асартыменту, уключаючы канцылярскія прыналежнасці, адзенне, абутак, заплечнікі, вядома, значна павялічваецца да пачатку навучальнага года, асабліва ў канцы лета. «Таму найбольшы ажыятаж мы будзем назіраць у жніўні і ў пачатку верасня. Гэта адзначаецца і гандлёвымі арганізацыямі. Таксама многімі гандлёвымі арганізацыямі будуць прапанаваны акцыі, зніжкі, распродажы, а таксама паслугі па падгонцы адзення», — адзначыла Кацярына Макуцэня. 

045A0301.jpg

045A0464.jpg

Да 300 найменняў адзення дзелавога стылю, да 120 — абутку, да 50 — ранцаў і заплечнікаў

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі ад 15 красавіка 2025 года № 72, для вучняў агульнай сярэдняй адукацыі зацверджаны дзелавы стыль адзення, які ўключае камплект адзення для хлопчыкаў і камплект адзення для дзяўчынак. У камплект адзення для хлопчыкаў уваходзіць пінжак, камізэлька, штаны, кашуля з кароткімі і доўгімі рукавамі, джэмпер, гольф і гальштук. Для дзяўчынак прапануецца пінжак, камізэлька, спадніца, блузка, штаны, сарафан, сукенка і джэмпер. Падрыхтавана больш за 250 новых мадэляў, таму адзеннем дзелавога стылю спажыўцы будуць забяспечаны ў максімальным аб’ёме. 
«Адзенне дзелавога стылю прадстаўлена да 300 найменнямі, абутку — да 120 мадэляў, ранцаў і заплечнікаў — да 50 мадэляў. Акрамя таго, варта адзначыць, што ў гандлёвых аб’ектах краіны школьны асартымент сфарміраваны пераважна за кошт тавараў айчыннай вытворчасці. Яна вырабляецца па пэўных стандартах: з натуральных тканін з даданнем сінтэтычных валокнаў для большай зносаўстойлівасці. Прадукцыя замежнай вытворчасці павінна мець сертыфікат якасці краіны-вытворцыі адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы тавараў лёгкай прамысловасці. Кантрольныя мерапрыемствы на адпаведнасць прадукцыі патрабаваннем якасці і бяспекі праводзіць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. У выпадку выяўлення недабраякаснай прадукцыі яна адбіраецца з абароту», — дадала спецыяліст. 

045A0551.jpg

Поўны камплект у школу — ад 335 да 1 385 рублёў

Што датычыцца цэн на тавары школьнага асартыменту, на сёння ў Беларусі дзейнічае цэнавае рэгуляванне, якое ажыццяўляецца па ўсім ланцужку ўстанаўлення цаны на розныя віды тавараў. «Сюды ж уваходзіць практычна ўвесь асартыментны пералік дзіцячага адзення — гэта курткі — зімовая, дэмісезонная, штаны, касцюм спартыўны, сарафан, світэр, жакет, камізэлька, кашуля, верхняя сукенка, спадніца, блузка. Лімітавая максімальная гандлёвая надбаўка на вытворчасць як імпартнай, так і айчыннай вытворчасці складае 40 %. У цэлым у крамах памер гандлёвай надбаўкі (з улікам акцый і скідак) складае прыкладна 29-40 %», — адзначыла Кацярына Макуцэня. 
Што датычыцца кошту поўнага камплекта тавараў для школьнікаў, у які ўваходзіць адзенне швейнае і трыкатажнае, абутак, заплечнік, сумка, канцылярскія і школьныя прыналежнасці, у сярэднім па краіне — ад 335 рублёў да 1 385 рублёў. Акрамя таго, спажыўцам прапануюцца праграмы крэдытавання і растэрміноўкі, а таксама ўласныя скідкі і акцыі за кошт уласных сродкаў арганізацый, у тым ліку і мерапрыемствы сацыяльнай накіраванасці — аказанне дапамогі шматдзетным сем’ям пры прадастаўленні пасведчання, або сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Максімальная колькасць скідак запланавана на жнівень, якраз у пік продажу тавараў школьнага асартыменту. Акрамя таго, гандлёвымі арганізацыямі і арганізацыямі-вытворцамі прапануюцца да продажу калекцыі мінулых сезонаў са скідкамі да 50 %
Пры рабоце школьных кірмашоў на галоўнае месца выходзіць кантрольная функцыя. «Пытанне забеспячэння таварамі школьнага асартыменту ў шырокай прадстаўленасці і ўзровень цэн на гэтыя тавары на кантролі МАРГ, органаў кіравання гандлю аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. У нас прадугледжаны кантрольныя аналітычныя мерапрыемствы па ўсёй краіне. Іх мэта — маніторынг наяўнасці ў продажы шырокага асартыменту тавараў для школьнікаў, аналіз рознічных цэн на тавары дашкольнага і школьнага ўзросту і недапушчэнне парушэння заканадаўства аб гандлі, заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў. У цэлым сітуацыя ў гандлёвых аб’ектах назіраецца спакойная. Попыт забяспечаены ў поўным аб’ёме. Нараканняў з боку пакупнікоў не зафіксавана», — рэзюмавала Кацярына Макуцэня.

045A0556.jpg

Тавараў і скідак — на любы густ і колер

Ва ўнівермагах сталіцы прадстаўлены найшырэйшы асартымент швейных, трыкатажных, скургалантарэйных вырабаў, абутку, пісьмовых прылад, паведаміла начальнік аддзела развіцця гандлю і паслуг ГА «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская: «Прааналізаваўшы дадзеныя ад рэалізацыі падобных тавараў за мінулы год, мы адзначылі сапраўды добры попыт. Больш за 122 тысячы пазіцый швейных, трыкатажных, галантарэйных вырабаў і абутку рэалізавана ў нашых універмагах. Гэта больш за 73 % ад створаных запасаў, што гаворыць аб добрым і стабільным попыце, які задавальняе жыхароў і гасцей сталіцы. Ужо сёння ва ўнівермагах прадстаўлена больш за 155 мадэляў дзелавых касцюмаў для дзяўчынак, больш за 140 мадэляў касцюмаў і дзелавога адзення для хлопчыкаў, каля 100 найменняў мадэляў абутку і больш за 130 мадэляў скургалантарэйных вырабаў».
Паводле яе слоў, маркетынгавыя мерапрыемствы ў беларускай сталіцы стартавалі з 15 ліпеня: «А каб пакупкі былі яшчэ больш прыемнымі, у ЦУМе кожную сераду праходзіць „Дзень школьніка“ са зніжэннем цэн на школьны асартымент на 15 %. Дадаткова таксама будзе праводзіцца распродаж школьнага асартыменту са зніжэннем цэн да 30 %. Акцыі са зніжэннем цэн да 25 % стартавалі і ва ўнівермагу „Беларусь“ — такія тавары можна будзе набыць па зніжаных цэнах кожны аўторак, чацвер і суботу. Аналагічная акцыя будзе праводзіцца ў Гандлёвым доме „На Нямізе“ па серадах, пятніцах і суботах. Таксама зніжкі да 30 % на тавары прапануе ГУМ. Каляндар гэтых акцый можна знайсці на сайце прадпрыемства. Акрамя таго, з 1 па 31 жніўня ўсім пакупнікам універмагі дадуць бясплатную паслугу па падгонцы швейных вырабаў па фігуры дзяцей і ушыўцы». 

045A0675.jpg

Па апошняй інфармацыі прадстаўленасць тавараў школьнага асартыменту як на школьных кірмашах, так і ў гандлёвых аб’ектах краіны складае ад 30 % да 100 %. Гэта залежыць ад фармату гандлёвага аб’екта, плошчы і розных фактараў. 
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю