Пад дэвізам «Правілы выконваем — жыццё захоўваем!» 30 студзеня ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзіць першы ў гэтым годзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Маштабная прафілактычная акцыя ініцыяваная Дзяржаўтаінспекцыяй МУС.
Асноўная мэта мерапрыемстваў — узмацніць прававую культуру і садзейнічаць фарміраванню ўзаемапавагі сярод усіх удзельнікаў дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ будуць акцэнтаваць увагу на неабходнасці няўхільнага захавання правілаў бяспечных паводзін як вадзіцелямі, так і пешаходамі.
— Традыцыйна ў апошнія дні месяца супрацоўнікі ДАІ па ўсёй краіне правядуць сустрэчы ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі. Нагадаюць удзельнікам дарожнага руху аб іх правах і абавязках, аб наступствах безразважных паводзін і невыканання ПДР, адказнасці за розныя парушэнні ў сферы дарожнай бяспекі, — расказала прадстаўнік ГУ ДАІ МУС Ганна БАНАДЫК у тэлеграм-канале МУС Беларусі.
Паводле яе слоў, з пачатку года на дарогах краіны загінула 14 чалавек, 132 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Пры гэтым агульная колькасць пацярпелых у ДТЗ за гэты перыяд знізілася ўдвая ў параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам.
Сур’ёзным фактарам рызыкі падчас зімовага перыяду з’яўляюцца, вядома, пераменлівыя ўмовы надвор’я. Галалёд, снегапад, скарочаны светлавы дзень патрабуюць ад кожнага павышанай канцэнтрацыі і строгага прытрымлівання правілаў. Толькі прадказальныя і абачлівыя паводзіны на дарозе дадуць магчымасць пазбегнуць аварый і захаваць жыцці. У сувязі з гэтым супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі заклікаюць грамадзян быць асабліва ўважлівымі, у тым ліку выбіраць бяспечную хуткасць, улічваць дарожныя ўмовы, выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы ў цёмны час сутак.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц