Top.Mail.Ru

Сяргей Рачкоў расказаў аб выніках міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў у 2025 годзе

«Летась міжпарламенцкія кантакты атрымалі значную дынаміку развіцця» — Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў расказаў аб выніках міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў у 2025-м і задачах на бягучы год.


— Сяргей Анатольевіч, як вы можаце ахарактарызаваць міжнародную дзейнасць Палаты прадстаўнікоў у мінулым годзе?

— Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў у 2025 годзе ажыццяўлялася ў адпаведнасці з асноўнымі кірункамі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, рашэннямі Усебеларускага народнага сходу і задачамі кіраўніка дзяржавы, накіраванымі на ўмацаванне пазіцый, аўтарытэту і ўплыву нашай краіны ў сусветнай палітыцы і шматпалярнай светабудове. У мінулым годзе міжпарламенцкія кантакты атрымалі значную дынаміку развіцця.

Вялікі ўклад у пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў з парламентамі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый унеслі афіцыйныя візіты Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі ў Ватыкан, В’етнам і Егіпет, удзел у мерапрыемствах высокага ўзроўню Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай асамблеі АДКБ.

Станоўчыя вынікі работы на знешнім парламенцкім контуры пацвярджаюць правільнасць абранай практычнай лініі па яе выбудоўванні з больш актыўным падключэннем двухбаковых парламенцкіх груп дружбы.

Важным кірункам міжнароднай дзейнасці стала забеспячэнне электаральнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, а таксама ўдзел у назіранні за выбарамі ў Венесуэле, М’янме, Кыргызстане і Таджыкістане.

— Падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў 9 студзеня вы адзначалі пашырэнне ў 2025 годзе геаграфіі парламенцкіх кантактаў...

— Сапраўды, у гэтым кірунку праведзена вялікая работа.

Па-першае, атрыманы статус назіральніка ў Азіяцкай парламенцкай асамблеі, у склад якой уваходзяць парламенты 44 дзяржаў.

Па-другое, праведзена афіцыйная сустрэча і ўстаноўлены кантакты з Арабскім парламентам, які ўключае 22 парламента Лігі Арабскіх дзяржаў. Падрыхтаваны праект Мемарандума аб супрацоўніцтве.

Па-трэцяе, у практычную плоскасць пераведзена супрацоўніцтва з Панафрыканскім парламентам: упершыню быў арганізаваны ўдзел дэлегацыі Панафрыканскага парламента ў студзені 2025 года ў міжнародным назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, Палата прадстаўнікоў працягнула пашыраць міжпарламенцкае ўзаемадзеянне па лініі БРІКС, прыняўшы ўдзел у XІ Парламенцкім форуме БРІКС 3–5 чэрвеня 2025 года ў Бразіліа.

Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, нацэлена таксама на падтрымку ініцыятыў па стварэнні парламенцкага вымярэння гэтай арганізацыі.

— Як вы ацэньваеце ролю дэпутацкага корпуса ва ўмацаванні міжнароднага аўтарытэту і актывізацыі дыялогу Беларусі на міжнародных пляцоўках?

— Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праводзілі сістэмную работу па давядзенні інфармацыі аб міралюбівай знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь і гатоўнасці нашай краіны да дэпалітызаванага і ўзаемапаважлівага дыялогу і супрацоўніцтва.

У 2025 годзе парламентарыі Рэспублікі Беларусь прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, парламенцкай структуры Руху недалучэння, Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Важным дасягненнем беларускай парламенцкай дыпламатыі стала захаванне за Рэспублікай Беларусь кіраўніцтва геапалітычнай групай «Еўразія» МПС на наступны двухгадовы перыяд, што будзе выкарыстана ў мэтах умацавання міжнароднага пазіцыянавання нашай краіны.

— Саюзная дзяржава дазволіла Беларусі і Расіі сёлета яшчэ больш аб’яднацца і супрацьстаяць неабгрунтаванаму санкцыйнаму ціску...

— Сапраўды, адказам на недружалюбныя крокі ў адносінах да нашай краіны стала паглыбленне супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні выканання асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 г., фінансавання і ходу рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, забеспячэння роўных праў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, гандлёва-эканамічных адносін, процідзеяння знешнімі выклікам і пагрозам.

— На якім узроўні знаходзяцца адносіны з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ?

— Нягледзячы на крызіс, Парламенцкая асамблея АБСЕ застаецца для нашай краіны значнай міжнароднай пляцоўкай. У ПА АБСЕ нам удалося аднавіць дыялог з еўрапейскімі парламентарыямі. Кіраўніцтва арганізацыі падкрэслівае ключавую ролю Беларусі ў забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.

Відавочныя не толькі нам, але і ўжо парламентарыям шэрагу краін безгрунтоўнасць спроб ізалявання нашага парламента і выключэння яго з шырокага міжнароднага парламенцкага дыялогу.

— У сваім выступленні на другім пасяджэнні VІІ УНС Прэзідэнт выразна пазначыў, што самае галоўнае — гэта эканоміка. Як у гэтым кірунку ў плане наладжвання міжнародных кантактаў спрацаваў дэпутацкі корпус?

— Пільная ўвага ў мінулым годзе ўдзялялася пытанням паглыблення сувязяў з парламентамі дзяржаў — удзельніц СНД, Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі з акцэнтам на далейшае развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне дыялогу паміж дзяржавамі.

Грунтоўны эканамічны складнік быў у візіце Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі ў Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам. Адбылося наведванне правінцыі Лаокай, дзе прайшлі цырымоніі перадачы партыі кар’ерных самазвалаў БелАЗ і падпісання двухбаковых дакументаў па рэалізацыі паставак беларускай і в’етнамскай прадукцыі. Таксама ў рамках візіту ў Хашымін было падпісана ліцэнзійнае пагадненне аб стварэнні сумеснай зборачнай вытворчасці трактароў у В’етнаме.

— На ваш погляд, як міжнародныя сустрэчы на парламенцкім узроўні паспрыялі ўмацаванню знешнепалітычных і знешнеэканамічных сувязяў краіны?

— Рэспубліку Беларусь з візітамі наведалі дэлегацыі Алжыра, В’етнама, Інданезіі, Ірана, Кітая, Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны, Турцыі, Узбекістана, ПА АДКБ, Панафрыканскага парламента.

У чэрвені 2025 года ў Мінску адбылося другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая. Прайшла сустрэча з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цынвэем.

У Палаце прадстаўнікоў адбылося 66 міжнародных сустрэч, у тым ліку з дэлегацыямі парламентарыяў і грамадскіх дзеячаў Інданезіі, Калумбіі, Лаоса, Сербіі, Славакіі, ЗША, Узбекістана, дэпутатамі Еўрапарламента. Рэзультатыўна ажыццяўлялася работа па рэвізіі і ўмацаванню міжнароднай дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва. 

У парламенты В’етнама, Зімбабвэ, Венесуэлы, Танзаніі, Экватарыяльнай Гвінеі накіраваны на разгляд падрыхтаваныя праекты пагадненняў аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве.

Дэпутаты прынялі ўдзел у больш чым 50 міжнародных мерапрыемствах, якія праходзілі ў замежных дзяржавах.

— На якіх кірунках міжнароднай дзейнасці парламентарыям неабходна сканцэнтравацца ў 2026 годзе?

— На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў 9 студзеня Ігар Пятровіч пазначыў найважнейшыя кірункі міжнароднай дзейнасці на 2026. У першую чаргу гэта ўмацаванне абараназдольнасці Беларусі, уключаючы развіццё ваенна-тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.

Важна таксама развіццё супрацоўніцтва ў АДКБ, СНД, БРІКС, ШАС, пашырэнне парламенцкай дыпламатыі з Кітаем, Індыяй, Інданезіяй, Лацінаамерыканскім парламентам, Панафрыканскім парламентам, арганізацыя форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня», прысвечанага 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай Вайны.

Гутарыла Яна Валасач

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю