Старшыня Мінаблвыканкама Аляксей Кушнарэнка шляхам тайнага галасавання быў выбраны членам Прэзідыума VII Усебеларускага народнага сходу. Па заканчэнні народнага веча кіраўнік цэнтральнага рэгіёна падзяліўся ўражаннямі з журналістамі.
— У першую чаргу хацеў бы падзякаваць старшыні Усебеларускага народнага сходу, Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за прадстаўленне маёй кандыдатуры для выбрання ў Прэзідыум. Таксама хачу падзякаваць усім дэлегатам УНС за падтрымку, якая была аказана падчас галасавання. Я ўспрымаю гэта як знак высокага даверу, пры гэтым разумею ўсю адказнасць, якая кладзецца на мяне як на члена Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя.
Кіраўнік Міншчыны падкрэсліў: ён гатовы да гэтай адказнасці.
- — Значыць, час выбраў нас. І я паспрабую ўвесь свой вопыт, веды прымяніць у працы на карысць нашай краіны. Мы прынялі важнейшы дакумент. Гэта Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў. Пры гэтым мне давялося як старшыні Мінскага аблвыканкама ўдзельнічаць у яе распрацоўцы, узгадненні першапачатковага варыянту, які быў прапанаваны ўрадам. Далей, ужо як члену рабочай групы, удзельнічаць у дапрацоўцы з удзелам экспертаў. На выхадзе мы атрымалі сапраўды збалансаваны дакумент, які ўлічвае нашы магчымасці. Яго аснова — гэта развіццё дзяржавы, а вышэйшая мэта — павышэнне якасці жыцця беларускага народа.
«Мы будзем выкарыстоўваць магчымасці кожнага рэгіёна, каб стварыць там умовы для камфортнага жыцця, спрыяльныя ўмовы працы»
Моцныя рэгіёны — адзін з прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Як ён будзе ўвасабляцца ў жыццё ў Мінскай вобласці?
— За папярэднюю пяцігодку ў Мінскай вобласці праведзена каласальная работа. Калі ўзяць толькі сацыяльную сферу: пабудавана 23 дзіцячыя садкі, 11 школ, 9 устаноў аховы здароўя, 7 аб’ектаў фізічнай культуры і спорту. Уведзена ў эксплуатацыю больш за 5,5 мільёна квадратных метраў жылля. Мы разумеем: для таго, каб людзі працавалі ў рэгіёнах, заставаліся там жыць — трэба ствараць адпаведныя ўмовы. Таму трэнд сацыяльна арыентаванай дзяржавы будзем працягваць, — адзначыў кіраўнік Міншчыны.
Пры гэтым Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў: кожны рэгіён вобласці па-свойму ўнікальны, індывідуальны. І развіваць яго трэба з улікам асаблівасцяў.
— Калі разглядаць Мядзельскі раён, то гэта прыгажосці Нарачанскага краю. Гістарычнае аблічча — гэта Нясвіжскі раён. Прамысловы пояс — Маладзечна, Слуцк, Барысаў, Салігорск, — пералічыў губернатар. — Ёсць унікальныя па сваіх магчымасцях эканамічна свабодныя зоны. Той жа "Вялікі Камень", дзе ўжо 170 рэзідэнтаў, якія пастаўляюць прадукцыю ў 16 краін. Або, напрыклад, Фаніпаль, дзе толькі за апошні час рэалізуецца каля 9 новых праектаў у плане стварэння новых вытворчасцяў. У гэтым — наша аснова. І мы будзем выкарыстоўваць магчымасці кожнага рэгіёна, каб стварыць там умовы для камфортнага жыцця, спрыяльныя ўмовы працы
Вопыт лічбавай трансфармацыі энергетыкі трэба распаўсюдзіць на ўсе галіны эканомікі
Лічбавая трансфармацыя энергетыкі — адзін з асноўных напрамкаў энергаэфектыўнасці, падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.
— У сваёй дзейнасці я заўсёды надаваў лічбавай трансфармацыі вельмі вялікае значэнне. І стараўся ў галіне энергетыкі, газавай гаспадаркі, тарфяной прамысловасці ствараць, па сутнасці, лічбавыя двайнікі прадпрыемстваў або галін.
Для гэтага, упэўнены Аляксей Кушнарэнка, сёння ёсць усе ўмовы.
— Безумоўна, галоўнае — кадры: высокія прафесіяналы. А далей трэба ствараць для іх умовы, каб яны эфектыўна маглі рэалізоўваць свой праект. У энергетыцы, лічу, нам гэта ўдалося. Мы самі распрацоўвалі праекты, самі іх укаранялі па ўсёй краіне, самі абслугоўвалі. Тым самым забяспечылі энергетычную інфармацыйную незалежнасць, нашу самабытнасць. Гэты вопыт трэба распаўсюджваць на ўсе галіны эканомікі. У тым ліку будзем рабіць гэта на Міншчыне. Амбіцыйных планаў вельмі шмат, — падагульніў губернатар Міншчыны.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА