Нягледзячы на некаторыя выпрабаванні, асаблівых поспехаў летась Капыльскаму раёну традыцыйна ўдалося дасягнуць у галіне сельскай гаспадаркі. Капыльскі раён — самы «рапсавы», таксама ён з’яўляецца лідарам па вырошчванні цукровых буракоў у краіне. У 2025-м быў атрыманы рэкордны ўраджай: сабрана 55 тысяч тон гэтай культуры. Пра тое, якіх яшчэ вынікаў удалося дасягнуць, размаўляем са старшынёй Капыльскага райвыканкама Сяргеем ПІЛІШЧЫКАМ.
— Сяргей Міхайлавіч, чым яшчэ быў адметны 2025-ы?
— Стабільнасць эканомікі і сацыяльнай сферы — вось, што для нас у прыярытэце. Нам удалося дасягнуць у гэтых сферах годных вынікаў, якімі ганарымся, бо поспех любога рэгіёна вызначаецца ўзроўнем даходаў яго жыхароў: наколькі поўна задавальняюцца патрэбы ў таварах і паслугах, падтрымліваюцца ўмовы камфортнага жыцця. Я магу з упэўненасцю сказаць, што ключавым дасягненнем стала менавіта павелічэнне ўзроўню дабрабыту мясцовых жыхароў. Гэта пацвярджаюць аб’ектыўныя статыстычныя паказчыкі, якім складана запярэчыць.
— Прэзідэнт Беларусі ставіць задачу актыўна развіваць праграму «Адзін раён — адзін праект». Раскажыце аб вашых інвестыцыйных праектах у рамках гэтай ініцыятывы...
— Інвестыцыі — драйвер развіцця любога раёна. І наш — не выключэнне. Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал у супастаўных цэнах за перыяд са студзеня да снежня 2025 года склаў 65,8 %.
На тэрыторыі Капыльскага раёна рэалізоўваліся чатыры інвестыцыйныя праекты ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект». Ініцыятыва будзе прадоўжана і ў 2026 годзе: распачата рэканструкцыя сырасховішча з прыбудовай камеры паспявання элітных сыроў на Капыльскім філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».
Летась у рамках рэгіянальнай ініцыятывы ТАА «Вестаграсэрвіс» пачало рэалізацыю праекта па будаўніцтве цэха, набыцці і ўстаноўцы тэхналагічнага абсталявання для вытворчасці дэталяў і камплектуючых для даільных установак. Сёлета ААТ «Піянер-Агра» прадоўжыла рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні малочнатаварнага комплексу для ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
Якія задачы мы перад сабой ставім на бягучы год? Па-першае, нарасціць аб’ёмы інвестыцый у асноўны капітал, які плануецца забяспечыць за кошт уласных сродкаў арганізацый, бюджэтных сродкаў, а таксама крэдытаў банкаў. У аграпрамысловым комплексе плануецца рэалізацыя сямі інвестыцыйных праектаў. Для далейшага лічбавага развіцця будзе прадоўжана работа па стварэнні валаконна-аптычнай інфраструктуры спажыўцам. Акрамя таго, у 2026 годзе РУП «Белтэлекам» у Капылі плануе ўзвядзенне дзвюх электразаправачных станцый для зарадкі электрамабіляў.
— Якім быў мінулы год для аграпрамысловага комплексу Капыльскага раёна?
— Нягледзячы на ўскладненыя ўмовы надвор’я, аграрыі спрацавалі добра. Што датычыцца атрымання збожжа, у 2025 годзе раёну ўдалося пераступіць адзнаку ў 200 тысяч тон — 170 тысяч тон збожжа і 35 тысяч тон кукурузы. Таксама 30 тысяч тон алейнага семя рапсу атрымана на тэрыторыі Капыльскага раёна ў 2025-м — самы высокі вал на тэрыторыі Мінскай вобласці. Гэтымі лічбамі мы ганарымся.
Што датычыцца вытворчасці мяса і малака, у 2025 годзе раёну ўдалося пераступіць адзнаку ў сем тысяч літраў малака на карову, што на 170 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе. За 2025 год сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэалізавана жывёлы і птушкі на забой у жывой вазе 19,6 тысячы тон, што на 1,2 тысячы тон больш, чым у 2024-м. Вырашчана асноўных відаў жывёлы і птушкі 20,5 тысячы тон, або на 6,8 % больш, чым у 2024 годзе, у тым ліку буйной рагатай жывёлы — 12,2 тысячы тон (на 6,3 % больш), свіней — 900 тон (на 0,3 % менш), птушкі — 7,4 тысячы тон (на 8,7 % больш). Аграрыям і ўсім спецыялістам, якія працавалі ў гэтым кірунку, хацеў бы выказаць асаблівую падзяку.
— Як ідуць справы з развіццём інфраструктуры ў раёне?
— Трымаем прыстойную планку. Сацыяльная інфраструктура нашага раёна ўключае развітую сетку ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры і сацыяльнай абароны. Ёсць годна аснашчаныя школы, садкі, бальніцы. На тэрыторыі Капыльскага раёна функцыянуюць тры сацыяльныя пансіянаты, якія забяспечваюць догляд пажылых людзей і інвалідаў. Ёсць басейн з усімі ўмовамі, месцы для заняткаў спортам.
— Ці ўдзяляеце ўвагу прыцягненню моладзі ў раён?
— Безумоўна. За кадры трэба змагацца! Мы да ўсіх людзей з клопатам ставімся. Маладых спецыялістаў, у прыватнасці, забяспечваем усімі магчымымі ўмовамі. На тэрыторыі раёна размешчаны Капыльскі дзяржаўны каледж, з якім мы пастаянна працуем. Каля 50 % ад агульнай колькасці маладых спецыялістаў, якія замацаваны ў раёне, — яго выпускнікі. Сёлета да нас прыехалі 11 урачоў рознага профілю, 17 педагогаў. Гэта якраз тыя спецыялісты, у якіх востра маем патрэбу. Большасць маладых спецыялістаў — мясцовыя жыхары, якія пасля вучобы вярнуліся на малую радзіму. Ёсць і іншагароднія, з якімі працуем у індывідуальным парадку. Самае галоўнае — суправаджаць моладзь, не пакідаць яе. Калі трэба, дапамагаць вырашаць бытавыя праблемы, жыллёвае пытанне, — мы да гэтага гатовыя. За студзень — снежань 2025 года было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 6,3 тысячы кв. м агульнай плошчы жылля, палепшыла ўмовы 31 шматдзетная сям’я. Нам бы хацелася, каб людзі пускалі свае карані ў Капыльскім раёне.
— Чым Капыльскі раён можа зацікавіць турыстаў?
— Нашы суседзі з Нясвіжа, вядома, прыцягваюць найбольшую колькасць турыстаў, аднак і мы стараемся не адставаць. На тэрыторыі раёна функцыянуе 28 аграсядзіб. Нямала аматараў самабытных традыцый, турыстаў, якія прыязджаюць, каб паўдзельнічаць у народным абрадзе «Цары». Ён праводзіцца ў аграгарадку Семежава Капыльскага раёна ўжо каля трох дзясяткаў гадоў. Прыязджайце на Капыльшчыну! У нас цудоўна!
Яна ВАЛАСАЧ