«Рабіць усё своечасова і мець дакладны план»
Сучасная жанчына — і працаўніца, і лідар, і маці. І падкрэсліць яе ролю ў сучасным свеце вельмі важна. Сёння ўсё больш жанчын на высокіх пастах і ў бізнесе. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці паразмаўляла са старшынёй Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў Аленай Пасютай аб яе кар’ерным шляху і аб тым, як дэпутацкі корпус далучыцца да Года беларускай жанчыны.
На пасадзе старшыні Алена Пасюта з 2022 года. Пад яе кіраўніцтвам у вобласці рэалізоўваецца мноства праектаў самай рознай накіраванасці, актыўна ідзе заканатворчая дзейнасць, наладжваюцца сувязі з далёкім і блізкім замежжам. Яна заўсёды была дзейнай і неабыякавай да развіцця грамадства. Але кар’ера ніяк не перашкодзіла выхаваць дваіх цудоўных дзяцей. Алена Васільеўна — бабуля двух выдатных унукаў, чакае трэцяга. І стала цікава: што ж дапамагае ёй знайсці баланс? Расповед аб сабе мая суразмоўніца пачала са школьных гадоў. На яе думку, менавіта ў гэты час былі закладзены асновы яе характару і лідарскія якасці.
— Я ніколі не баялася браць на сябе адказнасць і заўсёды даводзіла да канца пачатыя справы. У многім гэтаму садзейнічала сістэма адукацыі, якая была накіравана на раскрыццё патэнцыялу дзіцяці. Вядома, вялікі ўплыў аказала грамадска карысная праца. Мы ўмелі рабіць усё: шыць, гатаваць, габляваць. І хлапчукі, і дзяўчынкі. Нават была свая трусагадоўчая ферма, дзе я з’яўлялася старшынёй трусагадоўчага звяна, жывёлы былі цалкам на нашай адказнасці. Да вучобы — таксама адказнае стаўленне.
«Заўсёды займалася грамадскай дзейнасцю»
Акрамя таго, Алена Пасюта іграла ў драматычным гуртку, узначальвала вучнёўскі камсамольскі камітэт, а да гэтага была старшынёй савета дружыны, акрамя таго — актыўным піянерам. Былі і хатнія абавязкі, бо бацькі шмат працавалі.
— Мелі вялікую гаспадарку, і я разумела, што толькі агульнымі намаганнямі можна ўсё паспець. Мой тата быў дэпутатам вясковага савета, і ён часта распавядаў пра сваю працу, раіўся з мамай, а я заўсёды з вялікім задавальненнем слухала. Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе тым, хто меў патрэбу. Таму, калі мне прапанавалі стаць дэпутатам абласнога савета дэпутатаў 28 склікання, я здзівілася, але разам з тым прапанова была мне зразумелай. Я ўсё жыццё займалася грамадскай дзейнасцю. На той момант была намеснікам дырэктара ў Шчучынскай гімназіі. Пазней стала дырэктарам, але грамадскую дзейнасць ніколі не пакідала, нават на пасадзе намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама. І калі мне прапанавалі ўзначаліць абласны Савет дэпутатаў, гэта было вельмі ганарова і адказна.
На маё пытанне, як паспяхова сумяшчаць кар’еру і сям’ю, Алена Васільеўна адказала адразу:
— Рабіць усё своечасова і мець дакладны план. Так было яшчэ са школьнай лаўкі. Я ўжо тады ведала, што хачу быць настаўнікам. Гэта вызначыла мой жыццёвы шлях. Ведала, што ў мяне будзе двое дзяцей, як у мамы. Пераканана, што, калі ў чалавека ёсць дакладны план, ён можа пераадолець любыя цяжкасці. А яны былі, ніхто не гаворыць, што поспех даецца лёгка. Будучы на чацвёртым курсе ўніверсітэта, я нарадзіла сына, сумяшчала вучобу і мацярынства, на шчасце, вельмі дапамагала мама. Калі дзеці падраслі, я выйшла на працу на 1,5 стаўкі ў дзвюх школах. Графік быў распланаваны да дробязяў. Раніцай я ўставала рана, клапацілася аб дзецях, гатавала сняданак і адзенне. Увечары гатавала вячэру і планавала наступны дзень. Гэта было няпроста, але я ўдзячная мужу, які ўзяў частку клопату на сябе.
Сужэнцы не дзялілі абавязкі па прынцыпе «маё — тваё», а размяркоўвалі іх паміж сабой, сумяшчалі работу па доме і клопат аб дзецях. Алена Пасюта падкрэслівае важнасць паразумення і падтрымкі ў сям’і.
Год развіцця жаночага лідарства
У сучасным свеце жанчыны ўсё часцей займаюць кіруючыя пасады. Яны прымаюць важныя рашэнні, у тым ліку ў заканадаўчым плане, і ствараюць умовы для развіцця супольнасці, узначальваюць абласныя і раённыя саветы дэпутатаў, а таксама кіруюць прадпрыемствамі. Жанчыны дэманструюць высокую выніковасць і прафесіяналізм, не саступаючы калегам-мужчынам. На думку маёй суразмоўніцы, гэты год, які Прэзідэнт аб’явіў Годам беларускай жанчыны, стане важным этапам у развіцці жаночага лідарства. Ён дазволіць жанчынам яшчэ больш адчуць сваю сілу і ўпэўненасць, а таксама стане прыкладам для ўсіх прадстаўніц прыгожага полу. Гледзячы на поспех сваіх калег, жанчыны змогуць паверыць у свае сілы і імкнуцца да новых вяршынь.
— Калі кіраўнік дзяржавы аб’явіў Год беларускай жанчыны, вядома, было вельмі прыемна. І, думаю, многія пагодзяцца, што асоба жанчыны іграе вялікую ролю ў рэалізацыі сацыяльна-арыентаванай палітыкі. І ў той жа час гэтыя ўмовы дазваляюць ім развівацца. У нашай дзяржаве зроблена ўсё для паспяховай рэалізацыі жанчыны, дзе яна прымае рашэнні нароўні з мужчынамі і годна служыць Радзіме. У нашай краіне ў жанчыны шмат сацыяльных роляў. Яна маці, бабуля, дачка, сястра, жонка. І гэтыя ролі таксама вельмі важныя, бо знаходзяцца ў цэнтры стварэння моцнай сям’і. Але толькі на гэтым роля жанчыны не заканчваецца.
У рамках Года беларускай жанчыны абласны Савет дэпутатаў запускае шэраг праектаў са сваімі партнёрамі. Сумесна з Інстытутам развіцця адукацыі і партыяй «Белая Русь» распачынаема праект «Настаўнік Белай Русі: урокі любві да Радзімы». Яго галоўная мэта — паказаць розную жанчыну-працаўніцу, падсвяціць розныя асобы на розных пасадах. І праз асабісты добры прыклад прывіваць любоў да Радзімы. Яшчэ адзін праект будзе рэалізаваны сумесна з Беларускім саюзам жанчын і партыяй «Белая Русь» — «Шчаслівая сям’я — моцная краіна». У рамках гэтай ініцыятывы размова будзе ісці аб шматдзетных сем’ях.
Не стаяць на месцы
Таксама Алена Пасюта адзначае важнасць самаразвіцця. Яна падкрэслівае, што ніколі не спынялася на дасягнутым. Напрыклад, цяпер Алена Васільеўна — слухач Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
— Я ніколі не ставіла мэтай зрабіць кар’еру, а проста працавала на карысць грамадства і рабіла свой унёсак. Разумела, што мой патэнцыял можа быць карысны. І, вядома, заўсёды была мамай і жонкай. Думаю, яшчэ адзін сакрэт поспеху заключаецца ў любові да таго, што робіш. Мне заўсёды падабалася мая праца, і я не ўяўляю жыцця без маёй сям’і.
Рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне жыцця людзей, і заканатворчыя рашэнні патрабуюць скрупулёзнага падыходу. Таму важна вучыцца, развівацца, а ўсе ўмовы для гэтага ёсць.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ