На сустрэчы, якая прайшла ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра, было адзначана, што на сёння ўзаемадзеянне Беларусі і Індыі ў гандлёва-эканамічнай сферы пашыраецца. Умацаванне партнёрства нацыянальных прафцэнтраў краін дасць дадатковыя магчымасці ў гэтым і іншых напрамках.
Юрый Сянько расказаў аб выбудаванай сістэме сацыяльнага партнёрства ў Беларусі, тых магчымасцях, якія сёння маюць прафсаюзы Беларусі ў частцы абароны інтарэсаў працоўных, а таксама выніках дзейнасці ФПБ. Надзвычайны і паўнамоцны пасол Індыі ў Беларусі Ашок Кумар выказаў зацікаўленасць у далейшым вывучэнні вопыту нацыянальнага прафцэнтра нашай краіны па розных напрамках. Таксама быў адзначаны высокі ўзровень гарантый і абароненасць работнікаў у Беларусі.
У цэлым, бакі абмеркавалі вялікае кола пытанняў. Так, лідэр ФПБ расказаў аб рабоце па пашырэнні супрацоўніцтва паміж прафсаюзамі дзвюх краін — на сённяшні дзень ужо ёсць пэўны вопыт узаемадзеяння паміж галіновымі арганізацыямі, але патэнцыял сумеснай работы значна шырэйшы. Таксама размова ішла аб наладжванні кантактаў паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны, магчымасцях навучання студэнтаў з Індыі ў Беларусі, у тым ліку абмяркоўваўся і патэнцыял у гэтай сферы прафсаюзнага Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА». Акрамя таго, у час дыялога былі разгледжаны і перспектывы сумеснай работы ў сферы турызму і санаторна-курортнага аздараўлення, у тым ліку з прыцягненнем прафсаюзных спецыялізаваных прадпрыемстваў.
Трэба адзначыць, што гэта сустрэча — працяг работы нацыянальнага прафцэнтра па пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва, у прыватнасці, з краінамі, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. На сённяшні дзень Беларусь і Індыя разам з іншымі дзяржавамі — паўнапраўныя члены гэтага міжнароднага аб’яднання і актыўна развіваюць доўгатэрміновыя адносіны добрасуседства, дружбы і супрацоўніцтва як у двухбаковым, так і шматбаковым фармаце. Свой уклад у гэту работу ўносяць і прафсаюзы. Напрыклад, літаральна на мінулым тыдні лідэр ФПБ прыняў удзел у сходзе кіраўнікоў нацыянальных прафцэнтраў, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Вынікам гэтага прадстаўнічага форуму стала прыняцце ўзгодненага дакумента кіраўнікоў нацыянальных прафцэнтраў краін-удзельніц ШАС, якім прадугледжана пашырэнне кантактаў і сумесная работа прафсаюзаў па многіх актуальных пытаннях.
Алена КРАВЕЦ