Top.Mail.Ru
176

Старшыня ФПБ Юрый Сянько сустрэўся са студэнтамі БДУ

Адкрыты дыялог адбыўся ў рамках дыскусійнай пляцоўкі «Беларусь — свету», арганізатарам якога традыцыйна выступае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ініцыятыва дае магчымасць студэнтам нефармальна паразмаўляць з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў і экспертнай супольнасці. Сімвалічна, што сустрэча адбылася напярэдадні другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу.



Размову з моладдзю аб прафсаюзным руху лідар нацыянальнага прафцэнтра пабудаваў праз прызму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь важна, як будзе развівацца краіна не толькі ў палітычным, але і сацыяльна-эканамічным плане. І моладзь у гэтым пытанні таксама не абыякавая.

Сустрэчы з маладымі людзьмі — неад’емная частка работы прафсаюзаў. Гэта магчымасць пачуць, што цікавіць сёння маладых беларусаў, якія ў іх чаканні ці перажыванні. Нярэдка менавіта ў такіх адкрытых дыялогах нараджаюцца яркія ініцыятывы і прапановы. А прафсаюзы заўсёды гатовы дапамагчы з рэалізацыяй.

— Вы — наша будучыня. Вам важна сёння ведаць тыя працэсы, што адбываюцца ў свеце, каб фарміраваць аб’ектыўную карціну. Яна павінна быць непрадузятай. Трэба разумець перадгісторыю тых ці іншых пытанняў, каб прымаць правільныя рашэнні ў сваёй прафесійнай дзейнасці, — адзначыў на сустрэчы Старшыня ФПБ Юрый Сянько.

Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь заўсёды адстойвала толькі мірныя ініцыятывы, прасоўвала каштоўнасці сацыяльнай справядлівасці і раўнапраўя.

— Ва ўсёй нашай рабоце мы прытрымліваемся прынцыпу — вырашаць усе пытанні шляхам дыялогу. Упэўнены, наша моладзь працягне гэтыя традыцыі і забяспечыць мірнае і паступальнае развіццё краіны, — дадаў Юрый Сянько.


У цэлым дыялог са студэнтамі ахапіў шырокі спектр тэм: гэта і прафесійны шлях, і дзейнасць ФПБ, і інструменты абароны правоў працаўнікоў, і патэнцыяльныя выклікі, з якімі можа сутыкнуцца моладзь на рынку працы. Падчас дыялогу «на роўных» маладыя людзі без сарамлівасці змаглі задаць лідару нацыянальнага прафцэнтра розныя пытанні. Напрыклад, для студэнтаў-міжнароднікаў, безумоўна, цікавы быў досвед работы Старшыні ФПБ на розных міжнародных пляцоўках.

— Для мяне сустрэча аказалася карыснай. Адгукнуўся і наказ працаваць карпатліва і ўпарта на займаных пасадах, служыць дзеля дабрабыту сваёй краіны. Гэта якраз тыя якасці, якія патрэбныя кіраўнікам, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Канстанцін Русы, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ.

Трэба адзначыць, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдзяляе вялікую ўвагу рабоце з моладдзю, пытанням іх сацыяльнай падтрымкі і абароны. Прафсаюзы на пастаяннай аснове вядуць работу па ўключэнні ў пагадненні рознага ўзроўню, калектыўныя дагаворы арганізацый дадатковых норм і гарантый, якія паляпшаюць становішча маладых людзей.

Акрамя таго, прафсаюзы ўдзельнічаюць у распрацоўцы нарматыўных прававых актаў. Напрыклад, па ініцыятыве ФПБ у Падатковы кодэкс была ўнесена норма аб штомесячным падатковым выліку для выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, накіраваных на работу па размеркаванні. Таксама вырашана пытанне аб павелічэнні памеру выплат па часовай непрацаздольнасці для маладых работнікаў, якія маюць стаж работы менш як паўгода. 

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Спецыяльныя стыпендыі ФПБ атрымаюць найлепшыя маладыя прафактывісты

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю