Top.Mail.Ru
142

Старшыня ФПБ сустрэўся з кіраўніком в’етнамскай дыпмісіі

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько ў нацыянальным прафцэнтры правёў перагаворы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В’етнама ў Беларусі Нгуен Ван Чунгам.


Бакі пацвердзілі высокі ўзровень даверу паміж дзяржавамі і закранулі шырокае кола пытанняў. Абмеркавалі, як вопыт прафсаюзаў можа паслужыць драйверам далейшага эканамічнага і культурнага збліжэння Мінска і Ханоя.

Юрый Сянько расказаў аб выбудаванай сістэме сацыяльнага партнёрства, вопыце беларускіх прафсаюзаў у пытаннях абароны інтарэсаў працоўных, а таксама ў падрыхтоўцы кадраў, аздараўленні работнікаў і развіцці турыстычнага патэнцыялу краіны ў цэлым. Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра пацвердзіў гатоўнасць пашыраць узаемадзеянне з В’етнамам па ўсіх гэтых кірунках.


Нгуен Ван Чунг звярнуў увагу, што цяпер у рамках развіцця стратэгічнага партнёрства дзвюх дзяржаў рыхтуецца паглыбленая дарожная карта супрацоўніцтва. На яго думку, у яе павінны быць уключаны сумесныя праекты беларускіх і в’етнамскіх прафсаюзаў. Пасол адзначыў зацікаўленасць у вывучэнні досведу ФПБ, а таксама пацвердзіў гатоўнасць аказваць усебаковую падтрымку ініцыятывам прафсаюзаў на міжнародных пляцоўках, падкрэсліў салідарнасць пазіцый дзвюх краін у пытаннях сацыяльнай справядлівасці.

Нагадаем, адносіны паміж нацыянальнымі прафцэнтрамі Беларусі і В’етнама развіваюцца на працягу многіх гадоў і абапіраюцца на трывалы фундамент: з 2015 года дзейнічае Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ФПБ і Усеагульнай канфедэрацыяй працы В’етнама. За гэты час партнёрства значна паглыбілася, аднак патэнцыял значна шырэйшы.

Па выніках сустрэчы ў штаб-кватэры ФПБ прынята рашэнне пашырыць пагадненне аб супрацоўніцтве паміж прафцэнтрамі дзвюх краін новымі вектарамі — у сферы адукацыі, з улікам магчымасцяў Міжнароднага ўніверсітэта ФПБ «МІПСА», а таксама ў галіне турызму і спорту.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю