У Лёзненскім сельсавеце нядаўна прайшло перавыбранне 13 старэйшын населеных пунктаў тэрмінам на два гады. Сярод нававыбраных — даўняя падпісчыца і аўтар «Звязды» Таццяна Ігнаценка з вёскі Чарнаручча. Гэта стала нагодай пазнаёміцца з «нашым чалавекам» бліжэй.
«Рада, што магу зрабіць нешта для людзей»
Чарнаручча знаходзіцца ўсяго за два кіламетры ад райцэнтра. У гэтым перавага населенага пункта і разам з тым пэўныя нязручнасці. Бо, напрыклад, аўтобус гарадскога маршруту сюды не даязджае, а прыгарадны прыязджае ў будныя дні толькі два разы: раніцай і а чацвёртай гадзіне дня.
— Сама неяк на фізіяпрацэдуры ездзіла ў Лёзненскую ЦРБ, дык назад ішла пешшу, — кажа суразмоўніца. — А калі жыхары вёскі — людзі немаладыя — едуць у райцэнтр па пакупкі і вяртаюцца дамоў нагружаныя, тады тыя кіламетры ім падаюцца не надта і блізкімі.
Свая крама ў Чарнаруччы зачынілася некалькі гадоў назад. Аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень, але ў крамах Лёзна можна скарыстацца сацыяльнымі карткамі і набыць тавар са зніжкай, да таго ж, там большы выбар. Таццяна Ігнаценка ўжо ў якасці старэйшыны плануе даведацца, ці магчыма, каб у Чарнаручча з яго дзвюма з паловай сотнямі жыхароў заязджаў аўтобус гарадскога маршруту хаця б яшчэ разы два на дзень. Як у аграгарадок Зубкі, які знаходзіцца ад Лёзна на такой жа адлегласці. Праўда, там і жыхароў болей у паўтара раза...
Цяпер Таццяна Фядосаўна заклапочана падрыхтоўкай да свята вёскі, якое прызначана на 2 жніўня.
— Хацелася б, каб і тутэйшыя больш актыўна паўдзельнічалі: паспявалі прыпеўкі, нешта расказалі, чымсьці падзяліліся, — прызнаецца старэйшына. — Можа, нехта прадэманструе сваё хобі, прынясе ўласныя вырабы. Таксама нейкі куточак добра было б аддаць старажытным рэчам: збанкам, вышыванкам...
- Для ажыццяўлення гэтых планаў ёсць пэўныя абмежаванні. Раней святы ладзіліся каля вясковай крамы, якая знаходзілася на адной з цэнтральных вуліц, ад яе падключалася гукавая апаратура. Пасля закрыцця гандлёвага аб’екта гэта стала немагчымым. У планах старэйшыны Чарнаручча — даведацца пра магчымасць выкарыстоўваць для правядзення культурных мерапрыемстваў адзін з пустых вясковых будынкаў. Каб можна было сабрацца не толькі летам, але і зімовымі вечарамі.
У Чарнаручча Ігнаценкі прыехалі ў 2013-м з вёскі Калышкі, дзе Таццяна Фядосаўна 23 гады адпрацавала ў школе дырэктарам і настаўніцай рускай мовы і літаратуры. «Мне тут вельмі спадабалася — цудоўнае месца і добрыя людзі, — кажа яна. — Я ўжо зраднілася з імі і рада, што магу нешта для іх зрабіць».
З аднавяскоўцамі на сувязі штодня
— Цалкам згодная з меркаваннем, што старэйшыны — правая рука старшыні сельсавета ў кожным населеным пункце, — дапаўняе маё знаёмства з жыхаркай Чарнаручча старшыня Лёзненскага сельсавета Святлана ПУКАВА. — Гэта мясцовы мэр. Дэпутат — вельмі добра, але, як правіла, у іх некалькі населеных пунктаў, яны сустракаюцца з выбаршчыкамі штомесяц або часцей. А старэйшына вырашае пытанні аднавяскоўцаў штодня. Не заўсёды гэтыя пытанні даходзяць да старшыні, бо многія з іх вырашаюцца самастойна.
Пасля перавыбараў старэйшын усім мясцовым арганізацыям дасылаюцца іх кантакты. Як правіла, па словах старшыні Лёзненскага сельсавета, арганізацыі раённага ўзроўню не ігнаруюць звароты ад старэйшын.
— Перагарэла лямпачка на вулічным ліхтары, некаму трэба дапамагчы абкасіць тэрыторыю, адзінока пражываючаму экстранна спатрэбілася дапамога ў арганізацыі догляду, — прыводзіць Святлана Пукава прыклады праблем, якія дапамагаюць вырашаць старэйшыны. — Яны ўдзельнічаюць у рабоце аглядальных камісій, у Саветах па прафілактыцы, у пасяджэннях выканкамаў і сесій, дзе даюць справаздачу аб выкананай рабоце.
фота аўтара.
в. Чарнаручча Лёзненскага раёна