Top.Mail.Ru

Сталічныя школьнікі паспаборнічалі ў чэмпіянаце прафмайстэрства

Вызначэнне лепшых у прафесіі — справа не новая. Аднак звычайна ў такіх мерапрыемствах удзельнічаюць паспяховыя студэнты і масцітыя працаўнікі прадпрыемстваў. Цяпер жа паспрабаваць свае сілы ў конкурсе прафмайстэрства можна з самага ранняга ўзросту — у сталіцы прайшоў І Мінскі чэмпіянат прафесійнага майстэрства школьнікаў «Мінскія майстраняты», арганізатарам якога выступіў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.


— Правядзенне такога роду мерапрыемстваў — гэта наш першы вопыт. Спадзяёмся, што ён стане ў будучыні добрай традыцыяй сталічнай адукацыі, — падзялілася першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка. Паводле яе слоў, важнасць конкурсу і ў тым, што прафесійнай арыентацыяй трэба займацца літаральна з пачатковых класаў: у складзе каманд былі малодшыя школьнікі.

Усяго ў чэмпіянаце ўзялі ўдзел каманды з 9 раёнаў Мінска. У склад кожнай увайшлі вучні розных узростаў — ад 3-га да 8-га класа. Першае заданне — самапрэзентацыя каманд, падчас якой у крэатыўнай форме трэба было выдаць пра сябе максімум цікавай інфармацыі.

І трэба адзначыць, што ўдзельнікі конкурсу праявілі свае творчыя здольнасці «на ўсе сто». Так, школьнікі з Кастрычніцкага раёна сваім выступленнем перанеслі гледачоў ва ўсходнюю казку. Багаты спадчыннік кароны хоча ажаніцца з прыгажуняй, аднак яна адхіляе прапанову са словамі: «Навошта мне прынц, які нічога не можа зрабіць сваімі рукамі?» Пасля такой заўвагі ён вучыцца майстэрству ткаць дываны, што дапамагае яму не толькі заваяваць руку і сэрца каханай, але і выжыць у цяжкі час, калі яго тытул страціў былую значнасць.

У галоўных ролях гэтай казкі былі вучні 8 класа сярэдняй школы № 168 Лізавета Паўлушкіна і Пётр Крэза. Сам нумар нарадзіўся з ідэі сцэнкі, якую рыхтавалі да 8 Сакавіка.

— Калі педагог-арганізатар прапанаваў паўдзельнічаць у дадзеным мерапрыемстве, адразу пагадзіліся. Мы актыўныя — чаму б і не! — падзяліліся юныя акцёры.

Наступным выпрабаваннем сталі прафесійныя пробы. Дзеці спаборнічалі паміж сабой у 8 кампетэнцыях. Так, Лізавета Паўлушкіна паказвала свае навыкі ў кравецкай справе: разам з іншымі ўдзельніцамі ёй трэба было за 2 гадзіны пашыць міні-шопер для дробязяў і аздобіць яго дэкаратыўнымі элементамі.

— Мне гэта вельмі цікава. Насамрэч, я ўжо другі год займаюся шыццём, хаджу на заняткі да дызайнера. Таму паказаць свае ўменні на чэмпіянаце мне толькі ў радасць, — падзялілася дзяўчынка.

У сваю чаргу «прынц», Пётр Крэза, праяўляў сябе ў сталярнай справе. Займацца апрацоўкай дрэва ён пачаў нядаўна, аднак жаданне развівацца ў гэтым кірунку ў хлопчыка ёсць.

А вось прадстаўнік каманды Партызанскага раёна, вучань 8 класа сярэдняй школы № 68 Уладзіслаў Мазан ведае пра сталярніцтва з ранняга дзяцінства не па чутках. Агульныя навыкі і любоў да гэтай справы яму прывіў бацька. Таму і заданне — зрабіць кармушку — было для школьніка зусім нескладаным.

Не менш цікавыя выпрабаванні чакалі канкурсантаў і ў іншых кірунках. Напрыклад, у прафесійнай спробе «Кандытар» неабходна было зляпіць фігурку з масцікі і зрабіць пірожнае «Бульба». У кірунку «Робататэхніка» трэцякласнікі вучыліся праграміраваць робата на маляванне пэўнага малюнка маркерам, а юныя маляры рабілі фрэскі з нанясеннем трафарэта і градыенту.

Даволі дарослыя і сур’ёзныя заданні былі ў прафесійнай спробе «Медыцынская сястра (брат)». Падчас іх разыгрываліся сітуацыі, калі ўдзельнікі аказвалі кваліфікаваную медыцынскую сястрынскую дапамогу. Відавочна, перад гэтым ім падрабязна растлумачылі, што і як трэба рабіць.

Добрым дадаткам да чэмпіянату сталі майстар-класы ад сталічных каледжаў і выстава прафарыентацыйных плакатаў «Паспяховая прафесія — паспяховая будучыня». Адным словам, усё было зроблена для прадуктыўнай працы, добрага настрою і пачатку выбару будучай прафесіі.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю