Top.Mail.Ru

Сталічная міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены рэжым нясення службы

«Каб святы прайшлі бяспечна»

Падчас працяглых выхадных, якія сёлета пройдуць з 3 да 6 ліпеня, падраздзяленнямі сталічнай міліцыі будуць прыняты дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі. 

Пра гэта заявіў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў. Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, аддадуць прафілактыцы бытавых злачынстваў, узмацненню кантролю за асобамі, якія знаходзяцца на розных уліках, а таксама месцам масавага адпачынку і месцам масавага знаходжання грамадзян.

«Асноўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць 3 ліпеня ў цэнтральнай частцы горада. З 11:00 пачнецца пропуск на святочны кірмаш каля Палаца спорту, — паведаміў Сяргей Гарохаў. — Там будзе арганізавана чатыры кантрольна-прапускныя пункты. У гэты ж дзень з 12:00 да 13:00 на плошчы Перамогі пройдуць цырымонія ўскладання кветак да знакавага манумента. Перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі на асноўнай пляцоўцы з 21:00 да 23:00 пройдзе канцэртная праграма і акцыя „Спяваем гімн разам!“. Пропуск грамадзян будзе ажыццяўляцца з 19:00 праз кантрольна-прапускныя пункты».

Акрамя таго, супрацоўнікі сталічнай міліцыі будуць сачыць за бяспекай на 16 раённых пляцоўках, дзе таксама пройдуць святочныя мерапрыемствы. «Традыцыйна мы раім грамадзянам планаваць наведванне мерапрыемстваў не на асабістым транспарце, а з выкарыстаннем грамадскага, найбольш зручным пунктам высадкі часцей за ўсё з’яўляецца станцыя метро „Няміга“. А каб у раёне дома № 2 па праспекце Пераможцаў не атрымалася вялікіх чэргаў, намі будуць ажыццёўлены і арганізаваны кантрольна-прапускныя пункты ў пяці месцах. Гэта праспект Пераможцаў у раёне вуліцы Гвардзейская і дома № 2, праспект Машэрава ў раёне паркоўкі каля парку Перамогі, у раёне вуліцы Заслаўскай і па вуліцы Мельнікайтэ», — адзначыў Сяргей Гарохаў

Пропуск грамадзян у раёне стэлы будзе ажыццяўляцца праз 15 кантрольна-прапускных пунктаў. «Перад кожным мы размесцім інфармацыйныя стэнды з указаннем рэчываў і прадметаў, забароненых для праносу. Прадугледжаны таксама асобныя пункты пропуску для ветэранаў, інвалідаў, цяжарных жанчын, бацькоў з малалетнімі дзецьмі».

Акрамя таго, у месцах размяшчэння ўсіх КПП будуць устаноўлены камеры захоўвання. У 18:30 усе кантрольна-прапускныя пункты будуць гатовыя да запуску грамадзян. Далей у 23:00 у шасці пунктах горада пройдуць святочныя феерверкі. Гэта пляцоўка каля «Чыжоўка-Арэны», парк Паўлава, пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, парк Перамогі і набярэжная вадасховішча «Дразды». Усе яны будуць ачэпленыя супрацоўнікамі міліцыі ўжо з 19:00.

«Пры выяўленні безгаспадарных рэчаў, выбуховых прылад, незразумелых прадметаў неабходна адысці на бяспечную адлегласць, паведаміць пра гэта найбліжэйшаму нараду міліцыі альбо па тэлефоне „102“. На ўсіх лакацыях будуць працаваць супрацоўнікі міліцыі, гатовыя аказаць дапамогу, а таксама медыцынскія службы. У цэлым сталічная міліцыя гатовая да правядзення святочных мерапрыемстваў і нацэлена на ўважлівае стаўленне да грамадзян. Мы заўсёды адкрытыя для зносін, для пытанняў, таму зробім усё неабходнае, каб святочныя мерапрыемствы прайшлі спакойна і бяспечна», — падкрэсліў Сяргей Гарохаў.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю