Top.Mail.Ru

Сталі вядомыя вынікі рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне

66 287 чалавек — такая лічба гэтага года і рэкорд апошняга часу. Напрыклад, у 2025-м — 60 626. Такім чынам, у рамках ЦТ сёлета будзе напісана амаль 97,5 тысячы чалавека-тэстаў, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый МІРОНАЎ. Па яго словах, узрасла колькасць рэгістрацый і на цэнтралізаваны экзамен — яго сёлета будуць здаваць больш за 59,1 тысячы выпускнікоў 11-х класаў (летась — каля 57 тысяч), гэта амаль 118,2 тысячы чалавека-тэстаў.



Уступная кампанія 2026 года сёння ўжо ў сваёй актыўнай фазе, а яе асаблівасцю сёлета, як, зрэшты, і ўсе апошнія гады, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ назваў адсутнасць змяненняў у правілах прыёму:

— Яны зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 27 студзеня 2022 года № 23 і ставяць мэтай забеспячэнне справядлівых умоў для абітурыентаў, стварэнне роўных магчымасцяў для паступлення матываванай моладзі ў ВНУ і каледжы краіны.

Кантроль за правядзеннем прыёму на ўсіх этапах будзе забяспечаны дзяржаўнай камісіяй, якая таксама створана ўказам кіраўніка дзяржавы. Аднак Аляксандр Генадзьевіч адзначыў, што некалькі важных нюансаў сёлета ўсё ж ёсць:


— З 2025 года дзяржкамісія атрымала дадатковыя паўнамоцтвы па кантролі за правядзеннем рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд, якія даюць права іх пераможцам на льготнае паступленне ў ВНУ. І гэта, зноў-такі, дзеля галоўнай мэты — забеспячэння роўных умоў для ўсіх абітурыентаў.

Указам таксама актуалізуюцца асобныя палажэнні Правілаў прыёму. У прыватнасці, для паступлення ў ВНУ на завочную (дыстанцыйную) форму навучання больш не патрабуецца адпаведнасць працоўнага стажу абранаму профілю адукацыі.

Першы намеснік міністра таксама заўважыў, што з гэтага года ўведзена профільнае выпрабаванне па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», паколькі гэту дысцыпліну ў 10–11-х класах вывучаюць замест дысцыпліны «Гісторыя Беларусі».

— Акрамя таго, удакладняюцца катэгорыі асоб, якія маюць ільготы пры залічэнні ва ўстановы адукацыі ў сувязі са стварэннем каледжа Міністэрства ўнутраных спраў, — дадаў Аляксандр Бахановіч.

Хто найбольш запатрабаваны?

Установы вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе гатовы прыняць 49,1 тысячы першакурснікаў — амаль на 900 больш, чым у 2025-м. У тым ліку на бюджэт — каля 33,1 тысячы (летась — 31,8 тысячы) і на навучанне на платнай аснове — каля 16 тысяч (у 2025-м — 16,4 тысячы).

У сёлетнюю ўступную кампанію прыярытэт будзе аддадзены спецыяльнасцям, якія больш за ўсё запатрабаваныя эканомікай і сацыяльнай сферай краіны, падкрэсліваюць спецыялісты Мінадукацыі. Лічбы гавораць самі за сабе: у структуры прыёму каля 3,9 тысячы (11,8 %) — будучыя педагогі, каля 3,7 тысячы (11,2 %) — будучыя медыкі, каля 
3,1 тысячы (9,4 %) — будучыя аграрыі і каля 7,7 тысячы (23,3 %) — будучыя інжынеры.

— План прыёму ў каледжы для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае 38,9 тысячы чалавек, — агучыў статыстыку Аляксандр Бахановіч. — З іх 31,4 тысячы — бюджэтныя месцы і 7,5 тысячы — платныя. 29 тысяч навучэнцаў запланавана прыняць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Аб умовах мэтавай падрыхтоўкі

Сёння завяршаецца фарміраванне плана прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пачынаючы з 1 мая, выпускнікі школ і абітурыенты могуць заключаць дагаворы з прадпрыемствамі-заказчыкамі.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ удакладніў, што пры прыёме абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ўнесены кропкавыя карэкціроўкі ў заканадаўства:

— Яны датычацца ў асноўным арганізацый — заказчыкаў кадраў. У прыватнасці, зацверджаны пералік спецыяльнасцяў мэтавай падрыхтоўкі ў ВНУ, у які ўключаны запатрабаваныя кірункі для эканомікі нашай краіны: педагогіка, медыцына, інжынерыя, сельская гаспадарка.

Сяргей Пішчоў дадаў, што для забеспячэння роўных і справядлівых умоў ацэнкі вынікаў унутраных уступных выпрабаванняў унесены кропкавыя карэкціроўкі і ў Палажэнне аб прыёмнай камісіі ВНУ:

— Прадугледжана абмежаванне доступу экзаменацыйных камісій да персанальных даных абітурыентаў, якія праходзяць унутраныя ўступныя выпрабаванні. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў ад абітурыентаў-мэтавікоў будзе прадастаўляцца на сайтах і інфармацыйных рэсурсах ВНУ па кожным заказчыку кадраў — гэта дазволіць паступаючым аператыўна атрымліваць інфармацыю аб конкурснай сітуацыі. Пасля зацвярджэння мэтавых месцаў пасля 1 мая арганізацыі-заказчыкі пачнуць заключаць мэтавыя дагаворы з абітурыентамі. Для зручнасці абітурыенты змогуць скарыстацца інтэрактыўнай картай для выбару арганізацый-заказчыкаў і ўніверсітэтаў.


З асаблівасцяў гэтага года: заказчык заключае дагавор з усімі жадаючымі ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Дагаворы заключаюцца заказчыкамі з абітурыентамі, уключаючы апошні дзень падачы дакументаў ва ўстанову адукацыі. Пры заключэнні дагавора заказчык пісьмова інфармуе абітурыентаў аб умовах мэтавага прыёму.

— Прыём абітурыентаў у ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі будзе праведзены з выкарыстаннем падыходаў, якія станоўча зарэкамендавалі сябе ў мінулыя гады — гэта паступленне па конкурсе сярод асобных арганізацый-заказчыкаў, гэта ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі не ніжэй за 7,0, за выключэннем найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў. У склад экзаменацыйных камісій будуць уключаны выкладчыкі ВНУ і настаўнікі школ, фармат правядзення ўступнай кампаніі для абітурыентаў-мэтавікоў застаўся ранейшым. Не змяніліся і тэрміны прыёмнай кампаніі для гэтай катэгорыі абітурыентаў: падача дакументаў — з 27 чэрвеня да 2 ліпеня, правядзенне ўступнага іспыту — з 4 да 10 ліпеня, залічэнне — да 12 ліпеня, — нагадаў Сяргей Пішчоў.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю