На канькабежным стадыёне «Мінск-Арэны» разыграны першыя медалі чэмпіянату краіны па канькабежным спорце 2025 года, паведаміла БелТА.
У першы дзень спаборніцтваў адбыліся забегі на 500-метроўцы. Перамогу сярод дзяўчат з вынікам 38,70 сек. атрымала лідар нацыянальнай каманды ў спрынце Ганна Дамарацкая, тройку прызёраў дапоўнілі Сафія Татурэвіч і Ксенія Вашкевіч. У хлопцаў наймацнейшым стаў Уладзіслаў Гапон (36,17 сек.), які ўсяго на пяць сотых секунды апярэдзіў Арцёма Чабана. Трэцяе месца заняў Антон Бранкоўскі.
На дыстанцыі 3000 м у жанчын найлепшы час паказала Паліна Сівец (4 хвіл 22,11 сек.), кампанію ёй на п’едэстале склалі Ганна Кавалёва і Ксенія Вашкевіч. На дыстанцыі 5 км у мужчын золата заваяваў Ягор Дамарацкі (6:29,38), серабро і бронзу ўзялі Радамір Мінін і Альберт Рудзевіч адпаведна. 24 кастрычніка ўдзельнікі нацыянальнага першынства разыграюць медалі ў камандных гонках і на тысячы метраў.