Усё празрыста і справядліва
У Міністэрстве адукацыі паведамілі, што пры зыходным плане прыёму 6,3 тысячы чалавек дакументы падалі 9,1 тысячы. У ВНУ залічана 5,6 тысячы абітурыентаў, якія выбралі траекторыю мэтавага навучання. 700 месцаў засталіся «вакантнымі». Падрабязнасці даведаліся ў першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра БАХАНОВІЧА.
— Як мы ўжо не раз інфармавалі, сёлета былі ўдасканалены падыходы па мэтавай падрыхтоўцы, — нагадаў Аляксандр Генадзьевіч. — Было ўведзена шыфраванне абітурыентаў пры здачы ўступнага іспыту, кожны заказчык павінен быў заключыць дамову з кожным жадаючым аж да апошняга дня прыёму дакументаў. Трэцім важным новаўвядзеннем стала абавязковае забеспячэнне конкурсу па кожным заказчыку. Акрамя таго, у білет уступнага іспыту была дадаткова ўключана практычная задача.
— План па мэтавым наборы выкананы на 90 %, — паведаміў першы намеснік міністра. — Гэта вынік адбору і конкурсу, які сёлета пачаўся ўжо на этапе падачы дакументаў і працягнуўся падчас уступных выпрабаванняў.
Якія спецыяльнасці сярод гэтай катэгорыі абітурыентаў сталі самымі топавымі?
— Адзін з самых папулярных кірункаў — інжынерна-тэхнічны, куды залічана каля 1,3 тысячы чалавек. Студэнтамі педагагічных ВНУ і факультэтаў сталі каля 1200 мэтавікоў. Аграрныя спецыяльнасці будуць асвойваць каля 700 чалавек, медыцынскі профіль — больш за 2000 чалавек, — пералічыў Аляксандр Бахановіч.
За незанятыя 700 месцаў пазмагацца змогуць абітурыенты, якія паступаюць у ВНУ па агульным конкурсе.
Алена ВІНАГРАДАВА