Беларускі сэрвіс па продажы білетаў Kvitki.by сыходзіць з рынку, яго юрыдычная асоба ліквідуецца. Аб гэтым паведамілі на сайце кампаніі.
«У адпаведнасці з рашэннем адзінага ўдзельніка № 1-н ад 17.09.2025, таварыства з абмежаванай адказнасцю „Квіткі Бел“ (УНП191295928) знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі», — сказана на сайце Kvitki.by.
Ліквідатарам прызначаная кампанія «Рэзервы ўпраўлення». Яна прымае патрабаванні крэдытораў да 1 снежня 2025-га.
Аб тым, што ТАА «Квіткі Бел» знаходзіцца ў стане ліквідацыі, сказана і ў часопісе юстыцыя Беларусі. Ліквідацыя пачалася 30 верасня.
Дарэчы, 19 верасня на сайце Kvitki.by з’явілася паведамленне, што сэрвіс па «тэхнічных прычынах» часова не прадае білеты. А ў канцы жніўня старонкі пляцоўкі зніклі адразу з некалькіх сацсетак.
Гэты сэрвіс па продажы білетаў пачаў працаваць у Беларусі яшчэ ў пачатку 2010 года.